Где и почём купить берёзовый сок в Кореличском районе?
Каму невядома аб тым, якую карысць атрымлівае чалавек пры ўжыванні бярозавага соку? Здаўна лічылася, што менавіта гэты напой засцерагае ад многіх хвароб і з’яўляецца цудоўным ласункам. Многія імкнуцца ўжываць сок бярозы не толькі ў свежым выглядзе, але і зрабіць нарыхтоўкі.
Рэдакцыя раённай газеты «Полымя» пацікавілася ў лясніцтвах Карэліччыны пра тое, як ідзе нарыхтоўка бярозавага соку. Як паведаміў ляснічы Карэліцкага лясніцтва Уладзімір Цвірко, у гэтым годзе зроблена падсочка 300 бяроз, і ўжо нарыхтавана тры тоны гэтага карыснага прадукта. У продажы бярозавы сок з 28 сакавіка. Кошт за адзін літр складае 29 капеек.
У Свіцязянскім лясніцтве гэтай справай пачалі займацца з 21 сакавіка і зрабілі падсочку 500 дрэў. План нарыхтоўкі бярозавага соку на бягучы год — 35 тон. Летась пры заданні 32 тоны было сабрана 40 тон. «Здаём бярозавы сок на камбінаты, не адмаўляем у запытах і людзям. Маецца 5,5 тоны нарыхтаванага, ёсць участкі для яго нарыхтоўкі», — гаворыць памочнік ляснічага Ірына Каралько.
У Мірскім лясніцтве яго нарыхтавалі 900 літраў пры даведзеным заданні 4 тоны. Карысны напітак ахвотна набываюць спажыўцы, у дзень — ад 150 да 300 літраў.
У Ярэміцкім лясніцтве адзначылі, што тут выконваюць заяўкі грамадзян на продаж бярозавага соку па меры іх паступлення.
Графік работы лясніцтваў: з 8.00 да 17.00 у рабочыя дні (панядзелак — пятніца), куды можна звярнуцца, каб заплаціць за бярозавы сок і затым набыць карысны напой.
Адміністратыўныя будынкі лясніцтваў размешчаны па наступных адрасах:
Карэліцкага — у аграгарадку Палужжа, вуліца Маладзёжная, 12; Мірскага — г.п. Мір, вуліца 17 Верасня, дом 25; Свіцязянскага — вёска Міратычы, вуліца Маладзёжная, дом 4; Ярэміцкага — вёска Вялікая Вобрына.
Нагадваем, што за незаконную дабычу соку пагражае адміністратыўная адказнасць да 20 базавых велічынь.
Галіна СМАЛЯНКА