У Аюцавіцкай базавай школе родную мову вывучаюць займальна і весела

Радзіма… З чаго яна пачынаецца для маленькага дзіцяці? З таго месца, дзе ён нарадзіўся, з матулі і татулі, з калыханкі, якую спявала маці на роднай мове. Роднае слова гучыць для дзіцяці з самага маленства і суправаджае яго  ўсё жыццё. Але ўсвядоміць значнасць і веліч роднай мовы можна тады, калі паглыбляеш веды аб ёй. Мова – наш скарб, які застаўся нам у спадчыну. Таму захаваць яе – абавязак кожнага беларуса.

“Вобразная, вольная, пявучая, мова беларуская мая” — менавіта пад такім дэвізам ва ўстанове адукацыі ДУА “Аюцавіцкая базавая школа” прайшоў тыдзень, прысвечаны Міжнароднаму дню роднай мовы.

Актыўнымі ўдзельнікамі ўсіх мерапрыемстваў сталі вучні 1-4 класаў. Пачаўся тыдзень з акцыі “Размаўляем па-беларуску”, у час якой мы размаўлялі на роднай мове, прынялі ўдзел у конкурсе чытачоў “Літаратурная скарбонка”, дзе чыталі вершы беларускіх паэтаў пра  родную мову, прыгожую, мілагучную, яскравую, звонкую.  Пераможцамі сталі Паліна Аўтуховіч (4 клас), Злата Худакова (3 клас), Анастасія Загарэўская (2 клас). Займальна і весела прайшло свята “Знаўцы роднай мовы”, дзе мы спаборнічалі ў веданні прыказак, скорагаворак, спявалі беларускія народныя песні. Правялі  выставу малюнкаў “Героі беларускіх казак”. Вясёлы, радасны настрой панаваў у час рухомых перапынкаў, дзе  праводзіліся беларускія народныя гульні.

Тыдзень не прайшоў бясследна для ўсіх нас. Без мовы не можа жыць ніводны чалавек. Таму, зразумела, родную мову трэба вывучаць, ведаць і шанаваць. Такой мовай можна і неабходна ганарыцца.

Паліна Аўтуховіч,

вучаніца 4 класа