На планёрцы ў старшыні: як рашыць праблему дрэнных дарог і ці прадаюцца ў Карэліцкім раёне пустуючыя дамы?

Пачатак вясны — пачатак вялікіх праблем у аўтамабілістаў. Праблема дрэнных дарог становіцца галоўнай, асабліва для жыхароў сельскіх населеных пунктаў.

Вырашэнне гэтага пытання абмяркоўвалі на штотыднёвай аператыўнай нарадзе ў старшыні Карэліцкага райвыканкама Генадзія Шатуева.

Дык ад чаго псуюцца дарогі? Перш за ўсё, ад перападу тэмператур: ноччу — мароз, а днём — плюсавая тэмпература. Таючы лёд і разбурае дарогу. Другое — гэта аўтамабілі: чым іх больш, тым большая нагрузка на палатно. Па-трэцяе, падземныя працэсы: гэта і грунтовыя воды, гэта і вясновыя воды, якія падымаюцца.

Нават зімой работнікі дарожнага рамонтнага ўпраўлення № 158 праводзяць ямачны рамонт мясцовых дарог з дапамогай халоднай сумесі. Так, у лютым адрамантаваны ўчасткі дарог Мір-Жухавічы-Юравічы-Бурдзевічы, Мір-Мядзвядка-Хлюпічы, Беразавец-Лукі-Далматаўшчына, Турэц-Ярэмічы-Скорычы, пад’езд да агр. Турэц, Карэлічы-Валеўка-Наваельня. Работа выканана на 129,5 квадратных метрах. З надыходам спрыяльных умоў надвор’я пачне працу асфальтавы цэх у Беразаўцы і пачнецца працэс асфальтавання.

У раёне вядзецца работа з пустуючым і старым жыллём. У бягучым годзе ўжо два дамы прададзены, яшчэ тры знаходзяцца ў стадыі рэалізацыі. 15 старых будынкаў пушчаны пад бульдозер, і гэтая праца будзе працягнута.

Вядзецца добраўпарадкаванне дарожных абочын: спілоўваюцца аварыйныя дрэвы, абразаюцца галіны і кусты.

Машынна-трактарныя паркі сельгаспрадпрыемстваў знаходзяцца ў высокай ступені гатоўнасці. Так, трактары гатовыя выйсці ў поле на 90%, плугі — 94, бароны — 93, культыватары — 90, камбінаваныя глебаапрацоўчыя агрэгаты — 84, збожжавыя сеялкі — 77, сеялкі для цукровых буракоў і кукурузы — 85. У наяўнасці 56% мінеральных угнаенняў пад яравую сяўбу, у тым ліку 50 азоту, 25 фосфару, 80 калію. Нарыхтавана 82% арганічных угнаенняў, вывезена 3,9%, унесена 31%.

Іна ЛЕЙКА