У Карэлічах падвялі вынікі арганізацыі фізкультурна-аздараўленчай і спартыўна-масавай работы ў раёне за 2022 год і абмеркавалі задачы на 2023
Загадчык сектара спорту і турызму Карэліцкага райвыканкама Аляксандр Галушка адзначыў, што у раёне надаецца належная ўвага пытанням развіцця фізкультура-аздараўленчай і спартыўна-масавай работы.
Так, для заняткаў спортам насельніцтву раёна прадстаўлена 81 спартыўнае збуданванне: стадыён “Юнацтва” ў райцэнтры, 10 спартыўных залаў, 44 спартыўныя пляцоўкі, 8 футбольных палёў, 16 прыстасаваных памяшканняў і трэнажорных залаў, чатыры стралковых ціра. Таксама ў раёне вядзецца пастаянная работа па падрыхтоўцы спартыўнай базы да зімовага сезону. Для заняткаў фізкультурай і спортам зімой функцыянуюць тры хакейныя каробкі, ва ўсіх установах адукацыі заліваюцца каткі, абсталююцца лыжныя трасы. У Карэлічах функцыянуе хакейная каробка і каток для катання.
У ліпені 2022 года на стадыёне «Юнацтва» ў райцэнтры адкрыты антывандальны трэнажорны комплекс, які складаецца з 10 трэнажораў. У лістападзе ў рамках рэалізацыі сацыяльнага праекта «Bonfesto — дзецям» завершана будаўніцтва сучаснай міні-футбольнай пляцоўкі з сінтэтычным пакрыццём у г.п. Мір, адкрыццё якой запланавана ў 2023 годзе.
Аляксандр Галушка таксама адзначыў, што па выніках 2022 года чатыры лепшыя спартсмены-навучэнцы занесены на раённую Дошку гонару.
Па словах загадчыка сектара, на прадпрыемствах, у арганізацыях і ўстановах раёна функцыянуе 19 калектываў фізкультуры, 10 з іх працуюць у сельскай мясцовасці. На лідзіруючых пазіцыях у праграме раённага агляду-конкурсу на лепшую пастаноўку спартыўна-масавай работы знаходзяцца калектывы фізкультуры ДП «Лукі-Агра», СВК «Маяк-Заполле», «Свіцязянка-2003», «Жухавічы», ААТ «Карэлічы-Лён», УАЗ «Карэліцкая ЦРБ», РЭС.
Расказаў Аляксандр Аляксандравіч і аб дзейнасці Карэліцкага раённага фізкультурна-спартыўнага клуба. Гэтай установай праводзіцца пэўная работа па прыцягненню моладзі, дзяцей і падлеткаў да заняткаў фізкультурай і спортам. Для дарослых працуюць секцыі па валейболе, міні-футболе, атлетычнай гімнастыцы, гіравому спорту, для дзяцей і падлеткаў у зімовы перыяд арганізавана работа секцыі па хакеі, а ў летні — па футболе.
За 2022 год у раёне праведзена 25 спартыўна-масавых мерапрыемстваў, у якіх прыняло ўдзел 1798 чалавек. Дасягнулі карэліччане поспехаў і на абласных спаборніцтвах. Так, лукская сям’я Баранавых стала пераможцам на абласных спаборніцтвах “ТаТа, мама, я — спартыўная сям’я”. Пераможцам на абласных спаборніцтвах па лыжных гонках стала Таццяна Якімовіч, прызёрамі — сям’я Рамановіч. Жаночая валейбольная каманда “Залаты колас” стала сярэбраным прызёрам на абласных спаборніцтвах па валейболе, мужчынская футбольная каманда “Залаты колас” з абласных спаборніцтваў таксама вярнулася з сярэбранай узнагародай.
Штогод праводзяцца спаборніцтвы па футболе на прыз клуба “Скураны мяч», па валейболе, шашках, шахматах, настольным тэнісе, баскетболе, лыжных гонках. Таксама для дзяцей і падлеткаў, што жывуць у вёсках і аграгарадках, ладзіцца спартакіяда “Каласок”, у рамках якой праводзяцца спаборніцтвы па футболе і валейболе. За мінулы год праведзена 22 спартыўна-масавых мерапрыемства, у якіх прыняло ўдзел 1614 навучэнцаў.
У сваім выступленні Аляксандр Галушка расказаў і аб дзейнасці ДУ “Дзіцяча-юнацкая спартыўная школа Карэліцкага раёна”, якая займаецца падрыхтоўкай спартыўнага рэзерву.
У 2022-2023 навучальным годзе ў ДЮСШ займаецца 222 навучэнца. Аддзяленні ўстановы па відах спорту функцыянуюць на базе васьмі навучальных устаноў раёна. Паколькі ў ДЮСШ адсутнічае ўласная вучэбна-трэніровачная база, заняткі праводзяцца ў спартыўных залах устаноў адукацыі і на стадыёне «Юнацтва». Практыкуюцца рэгулярныя выезды каманд на турніры і матчавыя сустрэчы, што дазваляе годна падрыхтавацца да афіцыйных спаборніцтваў. Неабходна адзначыць, што зборныя каманды ДЮСШ прымаюць удзел практычна ва ўсіх афіцыйных абласных спаборніцтвах.
На працягу многіх гадоў паспяхова працуе трэнер-выкладчык Прохар Тамара Уладзіміраўна. Пад яе кіраўніцтвам гандбольныя каманды дзяўчынак розных узростаў неаднаразова станавіліся прызёрамі абласных спаборніцтваў, а лепшыя занесены на Дошку гонару Карэліцкага раёна за 2022 год.
Трэнерскі калектыў установы працуе на пошук і перадачу перспектыўных дзяцей у вышэйшае звяно спартыўнай падрыхтоўкі. У вучылішчах і комплексных цэнтрах алімпійскага рэзерву і каманд майстроў у 2022 годзе займаюцца 10 жыхароў раёна.
На базе ўстановы функцыянуе аддзяленне цяжкай атлетыкі. Цяжкаатлеты прымаюць актыўны ўдзел ва ўсіх афіцыйных абласных спаборніцтвах, а лепшыя выязджаюць на рэспубліканскія. Прызёрамі абласных першынстваў па цяжкай атлетыцы станавіліся Сцяпан Заяц, Кірыл Кужалевіч, Уладзіслаў Дземянчук і Данііл Палуян. Апошні прымаў удзел у складзе каманды Гродзенскай вобласці ў спартакіядзе ДЮСШ Рэспублікі Беларусь, дзе таксама станавіўся бронзавым прызёрам.
У бягучым годзе пачнецца будаўніцтва шматфункцыянальнай спартыўнай пляцоўкі на стадыёне “Юнацтва”. Неабходна палепшыць працу па падрыхтоўцы і здачы нарматываў Дзяржаўнага фізкультурна-аздараўленчага комплексу Рэспублікі Беларусь на прадпрыемствах і ў арганізацыях раёна. Таксама важна працягнуць працу па стварэнні ў дзяржаўных установах адукацыі г.п. Карэлічы спецыялізаваных класаў па спорце, паколькі два спецыялізаваных класа па спорце выпусціліся ў 2021 годзе і ў 2022 годзе.
— Хачу ўсім падзякаваць за разуменне і дапамогу ў падрыхтоўцы навучэнцаў да спартыўных мерапрыемстваў, паколькі ўсе разам робім адну агульную справу, — завяршыў выступленне Аляксандр Галушка.
Намеснік старшыні Карэліцкага райвыканкама Яўген Чычкан пацвердзіў думку Аляксандра Галушкі аб тым, што ў раёне павінна праводзіцца больш спартыўных мерапрыемстваў, і ўдзельнічаць у іх павінна больш карэліччан.
— Зразумела, што некаторым невялікім прадпрыемствам цяжка выставіць на спаборніцтвах цэлую каманду. Але я ўпэўнены, што на кожным прадпрыемстве знойдуцца людзі, якія змогуць прыняць удзел у спаборніцтвах па шашках, шахматах, дартсе, настольным тэнісе, — рэзюмаваў Яўген Мікалаевіч.
Фіналам мерапрыемства стала ўзнагароджанне лепшых калектываў фізкультуры па выніках раённага агляду-конкурсу на лепшую арганізацыю спартыўна-масавай і фізкультурна-аздараўленчай работы ў Карэліцкім раёне па выніках працы за 2022 год. Кубкі за трэцяе месца дасталіся калектывам фізкультуры Карэліцкага раёна электрычных сетак філіяла “Лідскія электрычныя сеткі” РУП “Гроднаэнерга” і СВК “Свіцязянка-2003”. Сярэбраная ўзнагарода адправілася ў калектыў фізкультуры УАЗ “Карэліцкая ЦРБ”. Золатам узнагародзілі калектывы КСУП “Лукі-Агра” і ААТ “Карэлічы-Лён”.
У аглядзе-конкурсе на лепшую арганізацыю спартыўна-масавай і фізкультурна-аздараўленчай работы ў Карэліцкім раёне сярод І групы ўстаноў адукацыі бронзавую ўзнагароду атрымаў калектыў фізкультуры ДУА “Жухавіцкая сярэдняя школа”, другое месца заняў фізкультурны калектыў ДУА “Сярэдняя школа №1 г.п. Карэлічы”. Кубак пераможцаў атрымаў калектыў фізкультуры ДУА “Сярэдняя школа №2 г.п. Карэлічы”.
У аглядзе-конкурсе на лепшую арганізацыю спартыўна-масавай і фізкультурна-аздараўленчай работы ў Карэліцкім раёне сярод ІІ групы ўстаноў адукацыі кубак за трэцяе месца артымала ДУА “Аюцавіцкая базавая школа”, кубак і дыплом другой ступені дастаўся калектыву ДУА “Ярэміцкая базавая школа імя У.А. Калесніка”, першае месца ў калетыва ДУА “Цырынская СШ”.
За значныя паказчыкі ў развіцці фізічнай культуры і спорту ў Карэліцкім раёне ўзнагародзілі інструктара па спорце СВК “Свіцязянка-2003” Аляксандра Барысіка, інструктара па спорце КСУП “Лукі-Агра” Міхаіла Бынду, трэнера-выкладчыка па гандболе ДУ “Дзіцяча-юнацкая спартыўная школа Карэліцкага раёна” Тамару Прохар, трэнера-выкладчыка па цяжкай атлетыцы ДУ “Дзіцяча-юнацкая спартыўная школа Карэліцкага раёна” Святаслава Палуяна, настаўніка фізічнай культуры ДУА “Жухавіцкая СШ” Яўгенія Крывашэя, настаўніка фізічнай культуры ДУА “Сярэдняя школа №1 г.п. Карэлічы” Марыну Макар, настаўніка фізічнай культуры ДУА “Сярэдняя школа №1 г.п. Карэлічы” Эдуарда Пацыну, настаўніка фізічнай культуры ДУА “Лукская СШ” Уладзіміра Грэмяку, старшыню ДУ “Карэліцкі раённы фізкультурна-спартыўны клуб” Наталлю Галушку, намесніка старшыні па асноўнай дзейнасці ДУ “Карэліцкі раённы фізкультурна-спартыўны клуб” Таццяну Сквараду, адказнага за спартыўна-масавую работу Карэліцкага раёна электрычных сетак філіяла “Лідскія электрычныя сеткі” РУП “Гроднаэнерга” Максіма Пыпарава, адказную за арганізацыю ідэалагічнай работы ААТ “Карэлічы-Лён” Наталлю Дасько.
Сяргей СТОЛЯР
Фота аўтара