У Карэліцкім раёне прайшла раённая спартландыя “Тата, мама, я – спартыўная сям’я” (+відэа)

 

На базе ДУА  “Турэцкая сярэдняя школа”  ў  чарговы раз  прайшла раённая спартландыя “Тата, мама, я – спартыўная сям’я” сярод сем’яў Карэліччыны, арганізаваная фізкультурна-спартыўным клубам раёна.

“У здаровым целе – здаровы дух”, “Рух – гэта жыццё”, напэўна, мы не знойдзем чалавека, які б ні пагадзіўся з гэтымі выказваннямі. Спорт умацоўвае здароўе чалавека, фарміруе характар, развівае сілу волі, імкненне да перамогі, уменне пераадольваць перашкоды, ставіць мэты і дасягаць іх. Акрамя таго, гэта выдатны адпачынак. У апошні час  спорт стаў важнай часткай жыцця грамадства.

А што такое сапраўдная моцная і дружная сям’я, у якой усе дапамагаюць адзін аднаму, радуюцца сумесным поспехам і аказваюць падтрымку ў цяжкую хвіліну, з лёгкасцю прадэманстравалі ўдзельнікі спатрыўнага свята “Мама, тата, я – спартыўная сям’я”. У рамках  спартакіяды былі праведзены спаборніцтвы па дарсце, падцягванне на высокай перакладзіне, згінанне і разгінанне рук са становішча лежачы, чаўночны бег, вядзенне тэніснага і баскетбольнага мяча, скачкі ў мяшку,  у даўжыню з месца і лёгкаатлетычная эстафета.

Памерацца спартыўнай падрыхтоўкай, зарадзіцца добрым настроем і проста правесці час з карысцю сабраліся   35 сем’яў.  Таты, мамы і дзеці з азартам прымалі ўдзел у спартыўных конкурсах, дзе патрабаваліся спартыўны спрыт, згуртаванасць і воля да перамогі. Поспех каманды залежаў ад скорасці  і лоўкасці як дзяцей, так і дарослых. Таму балелі і перажывалі адзін за аднаго ўсё. Барацьба была сапраўднай, суддзі — справядлівымі, а гледачы і балельшчыкі — шчырымі.

Гэтае спартыўнае свята паказала, што мамы, таты і дзеці ўмеюць спаборнічаць як адна каманда: з запалам, весялосцю і падтрымкай адзін аднаго.

Лепшыя спартыўныя сем’і вызначыліся па найбольшай суме занятых месцаў ва ўсіх відах праграмы.

Усе ўдзельнікі атрымалі мноства эмоцый,   а пераможцы адзначаны граматамі  і падарункамі.

Кацярына КУКАНАВА

Фота аўтара