Ураджэнец Карэліцкага раёна франтавік Мікалай Аляксеевіч Саковіч пасмяротна быў  узнагароджаны Ордэнам Славы ІІІ ступені

Што такое вайна?

Вайна… Цяжкае слова і цяжкі час. Любы можа сказаць вызначэнне гэтага слова, але толькі той, хто бачыў на ўласныя вочы вайну і яе наступствы, зможа сказаць, што ж такое сапраўдная вайна.

З кожным годам усё далей і далей ад нас застаецца тая страшная вайна. Вайна, аб якой напісаны тысячы кніг, артыкулаў, мемуараў, даследаванняў.

Вось ужо 77 гадоў аддзяляе нас ад апошніх залпаў Вялікай Айчыннай вайны, і здаецца, усё забылася, сціхнуў востры боль страт, выраслі новыя гарады, змянілася пакаленне людзей…

Але чым далей адыходзяць у гісторыю вогненныя гады вайны, тым з большай сілай раскрываеш для сябе значэнне той Перамогі. Практычна ў кожнай сям’і хто-небудзь ваяваў ці працаваў у тыле ў час вайны. Напэўна, няма такой сям’і ў Беларусі, якую б абышла бокам Вялікая Айчынная вайна.

Не абышла бокам вайна і  сям’ю майго аднавяскоўца, Саковіча Мікалая Аляксеевіча, які  нарадзіўся ў 1912 годзе ў вёсцы Аюцавічы Карэліцкага раёна ў сялянскай сям’і. З дзяцінства быў прывучаны да працы. Дапамагаў бацькам апрацоўваць зямлю, глядзець за хатняй жывёлай. У 1941 годзе ажаніўся на вясковай дзяўчыне Ніне Антонаўне. Неўзабаве ў маладых нарадзіўся сын Мікалай, а затым і Аляксей, але шчасце маладых было нядоўгім. У 1944 годзе Мікалай быў прызваны Мірскім РВК у рады Чырвонай Арміі. Служыў у 1090 стралковым палку 323 стралковай дывізіі.

У 1945 годзе яго жонка атрымала страшную вестку, што яе муж, радавы Саковіч Мікалай Аляксеевіч, загінуў 23.04.1945 года ў горадзе Брандэнбург у Германіі. Пахаваны ў горадзе Цыбенген у Германіі і быў  узнагароджаны Ордэнам Славы ІІІ ступені.

Мой аднавясковец  унёс свой уклад у разгром нямецка-фашысцкіх войскаў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Сваімі адважнымі дзеяннямі ён наблізіў перамогу над ворагам. Кароткі агляд гісторыі Вялікай Айчыннай вайны паказаў, што подзвіг народа не застаецца ў мінулым. Кожная сям’я памятае сваіх герояў, ганарыцца імі. Давайце захоўваць памяць і перадаваць яе наступным пакаленням.

Паліна Нарбутовіч,

вучаніца 8 класа