Отдадим пустующее здание в хорошие руки: как в Кореличском районе неиспользуемые строения получают вторую жизнь
Сказана
Прэзідэнт Беларусі
Аляксандр ЛУКАШЭНКА
“Неабходна па-гаспадарску падыходзіць да выкарыстання пустуючых будынкаў і памяшканняў, бо некаторыя з іх можна не зносіць, а пераабсталяваць пад іншыя мэты, у тым ліку развіццё бізнесу, стварэнне арганізацый для абслугоўвання насельніцтва”.
Падчас абмеркавання Указа «Аб распараджэнні маёмасцю»
Сучасныя архітэктары і ўрбаністы ўпэўненыя: зносіць старыя будынкі і на іх месцы будаваць новыя — не заўсёды лепшы варыянт. Якая можа быць карысць ад невыкарыстоўваемых аб‘ектаў нерухомасці? Кожны год адказ на гэтае пытанне даюць індывідуальныя прадпрымальнікі, якія купляюць закінутыя будынкі і ператвараюць іх у эфектыўную пляцоўку для вядзення малога бізнесу. Яны становяцца месцамі гандлю і новых вытворчасцяў, прыносячы тым самым выгаду і прадпрымальнікам, і бюджэту. Часта будынку можна даць другое жыццё, змяніўшы яго функцыі. Мы адправіліся да тых, хто вырашыў удыхнуць новае жыццё ў незапатрабаваныя пабудовы райцэнтра.
Завіталі на базу былой МПМК-152, дзе закрытым акцыянерным таварыствам “Вольна” арганізуецца вытворчасць прамысловага электраабсталявання. Як расказаў начальнік філіяла вытворчасці ў г.п. Карэлічы Вячаслаў Межань, пачынаючы з 1997 года “Вольна” арандавала гэтыя памяшканні. Пасля ліквідацыі прадпрыемства вырашылі купіць будынак, набылі яшчэ воданапорную вежу і свідравіну. Зараз на аб’екце праводзяцца рамонтныя работы, на якія ўжо выдаткавана больш за 171 тысячу рублёў. Вячаслаў Вячаслававіч, праводзіць экскурсію па будынку:
— Хутка павінны ўстанавіць неабходнае абсталяванне, зрабіць рамонт у памяшканнях, запусціць ацяпляльную сістэму, словам, стварыць такія ўмовы для працы, каб чалавек прыходзіў з задавальненнем, а адпрацаваўшы, мог прыняць душ, пераапрануцца. Важна і тое, каб людзі маглі атрымліваць дастойную зарплату.
На сёння ў нас працуе адзін цэх па рамонце электраабсталявання. Пакуль на прадпрыемстве занята пяць чалавек, але калі працэс будзе цалкам наладжаны, плануем адкрыць каля 20 рабочых месцаў.
Думаю, што многія жыхары райцэнтра заўважылі, як змяняецца і тэрыторыя, і знешні выгляд будынкаў былога рамонтна-будаўнічага прадпрыемства № 12. Доўгі час будынак склада быў пустым і непрывабным, але нядаўна сітуацыя змянілася: у збудавання з’явіўся новы дах, атынкаваны сцены, пастаўлены новая вокны. Сродкі ў рамонт аб’екта ўкладвае яго новы ўласнік — Актай Мамедаў, які плануе адкрыць тут магазін будаўнічых матэрыялаў.
— Карэлічы — гарадскі пасёлак, у якім я жыву, таму хачу развіваць сваю справу тут, — адзначыў Актай Таіравіч, — але не ўсё задуманае можна ажыццявіць адразу. Сем будынкаў і тэрыторыя, на якіх яны размешчаны, былі набыты ў 2021 годзе часткова за ўласныя сродкі, часткова ў лізінг. Фінансаў у рэканструкцыю трэба ўкласці нямала. Планую прапаноўваць збудаванні ў арэнду і развіваць прыдарожны сервіс: пабудаваць альтанку, адкрыць невялікае кафэ. А наколькі ўдасца ажыццявіць задуманае, пакажа час.
Карэліцкі раённы выканаўчы камітэт рэгулярна аб’яўляе аб аўкцыёнах па продажы невыкарыстоўваемых аб’ектаў нерухомасці. Праўда, як гарачыя піражкі яны разлятаюцца далёка не заўсёды: часам прасцей пабудаваць новы будынак, чым “рэаніміраваць” стары. Але жадаючыя падарыць аб’ектам другое жыццё ўсё ж знаходзяцца.
Намеснік старшыні Карэліцкага райвыканкама Ігар Лазарэвіч адзначае:
— У мінулым годзе на продаж было выстаўлена сем аб’ектаў нерухомасці. Чатыры з іх цяпер маюць новых гаспадароў, прададзены для ажыццяўлення прадпрымальніцкай дзейнасці. Яшчэ тры (дзіцячы сад у агр. Варонча, клуб у в. Беражна, клуб у в. Міратычы) шукаюць сваіх гаспадароў. Гэтыя збудаванні жадаючыя могуць набыць на аўкцыёне за адну базавую велічыню. У цэлым, плошча дзяржмаёмасці ў нашым раёне займае 650 тыс. кв. метраў, з іх нявыкарыстанай — 10,8 тыс. кв. метраў.
Сёлета ўжо два прадпрымальнікі звярталіся за кансультацыяй па пустуючых аб’ектах. Увогуле, дзелавая ініцыятыва ў раёне знаходзіцца на высокім узроўні. Сваю нішу знайшлі 101 прадпрыемства малога і сярэдняга бізнесу, зарэгістравана 394 індывідуальных прадпрымальнікі і 95 рамеснікаў, прымаюць гасцей 17 аграсядзіб, 124 фізічныя асобы ажыццяўляюць дзейнасць па заяўным прынцыпе (рэпетытары, цырульнікі, будаўнікі і інш.). Летась удзельная вага падаткаў, якія паступілі ад суб’ектаў малога і сярэдняга бізнесу ў кансалідаваны бюджэт раёна, склала 40,7%. У 2022 годзе дзяржаўнай субсідыяй для адкрыцця сваёй справы скарысталіся чатыры чалавекі. Як правіла, гэта ініцыятыўныя жыхары раёна, у якіх ёсць выразны план для асабістай рэалізацыі ў прадпрымальніцтве. Варта адзначыць, што цікавасць людзей да самазанятасці не звязана з адсутнасцю працы ў дзяржаўных установах і арганізацыях: у банку вакансій больш за 260 прапаноў. У бізнес ідуць людзі пэўнага складу, са сваімі асаблівасцямі, талентамі, ідэямі, бо канкурэнцыя досыць высокая. Мы ж гатовыя іх падтрымаць, аказаць кансультатыўную дапамогу.
Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара і Сяргея СТОЛЯРА