Карэліцкі раён па выніках першага квартала бягучага года сярод іншых раёнаў Гродзенскай вобласці займае чацвёртае месца па валавой вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі
Карэліцкі раён па выніках першага квартала бягучага года сярод іншых раёнаў Гродзенскай вобласці займае чацвёртае месца па валавой вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі. Пра гэта паведаміў старшыня Карэліцкага райвыканкама Генадзій Шатуеў.
— Гэта стала магчыма дзякуючы некалькім складнікам, — адзначае кіраўнік раёна. — Так, атрымана 22,5 тыс. т малака, або 107,9%. Ад адной каровы надоена 1726 кг малака (+122 кг). Для параўнання сярэднеабласны паказчык роўны 1692 кг (+102 кг).
Вытворчасць ялавічыны склала 1,8 тыс. т, або 107,3%. Сярэднеабласны паказчык — 105,1%. Сярэднясутачныя прывагі буйной рагатай жывёлы атрыманы ў памеры 753 г (+34 г). Пры гэтым сярэднеабласны паказчык складае 713 г (+23 г).
Добра спрацавалі спецыялісты ў галіне свінагадоўлі. Атрымана 2635 т, або 113,8%. Пры гэтым 40% удзельнай вагі ў вытворчасці свініны прыпадае на ЗАТ «Біямакс». Сярэднеабласныя паказчыкі роўныя 26741 т, або 103,5%. Раённыя сярэднясутачныя прывагі склалі 690 г (+11 г), сярэднеабласныя — 679 г (+23 г).
Генадзій Шатуеў занепакоены зніжэннем пагалоўя дойнага статку ў некаторых гаспадарках раёна. На сёння налічваецца 37820 галоў буйной рагатай жывёлы, з якіх 12951 дойная карова.
— Колькасць малочных кароў за першы квартал знізілася на 76 галоў, а гэта недапушчальна, бо мы будуем фермы і плануем павялічваць вытворчасць, — адзначае ён. — Па асемяненні цёлак і кароў мы таксама саступаем некаторым раёнам вобласці. Пад ацёл бягучага года ў нас асемянёна 5808 цёлак, тады як, напрыклад, у суседнім Навагрудскім раёне — 7473, Мастоўскім — 6536. Для павелічэння асемянення пагалоўя трэба зніжаць падзеж і павялічваць пагалоўе, тады і вытворчасць пойдзе ў рост. Немалаважна таксама і будаўніцтва новых жывёлагадоўчых аб’ектаў. У раёне такім будаўніцтвам займаюцца толькі чатыры прадпрыемствы: СВК «Маяк-Заполле», «Свіцязянка-2003», «Жухавічы» і КСУП «Лукі-Агра».
Не за гарамі сезон нарыхтоўкі кармоў, і старшыня райвыканкама адзначае:
— Самае важнае — захаванне тэхналагічных рэгламентаў. Неабходна выбраць аптымальны час для касьбы, не чакаць, пакуль трава перарасце. Трэба ўлічваць многае: вышыню зрэзу, ступень здрабнення, правяліванне масы, трамбоўку і герметычнае ўкрыццё. Лепш атрымаць кармоў менш, але высокай якасці. Таму ўсё залежыць ад працы механізатара, які сядзіць за рулём сельгасагрэгата.
Іна ЛЕЙКА