В Кореличах в рамках акции «Дом без насилия» состоялась профилактическая встреча с семейными дебоширами

У Карэліцкім раёне, як і ва ўсёй рэспубліцы, з 3 па 7 красавіка праходзіла прафілактычная акцыя “Дом без гвалту”. Праца па прадухіленні трагедый у сям’і праваахоўнікамі вядзецца пастаянна. “Дом без гвалту” – толькі частка вялікай сістэмнай працы. На адным з мерапрыемстваў, якое прайшло ў памяшканні ДУК «Карэліцкі маладзёжны цэнтр культуры», пабываў карэспандэнт газеты “Полымя».

У прафілактычным мерапрыемстве прынялі ўдзел усе суб’екты прафілактыкі раёна. Прадстаўнікі РАУС, упраўлення адукацыі, упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Карэліцкага райвыканкама сабраліся, каб  пагутарыць з грамадзянамі, якія стаяць на прафілактычным уліку і дапускаюць факты гвалту ў сям’і.

Хатні гвалт адбываецца за зачыненымі дзвярыма, але гэта,  несумненна,  праблема ўсяго грамадства.  Яго ж дэманстрацыя  нясе ў сабе пагрозу для будучых пакаленняў. Дзеці, з’яўляючыся сведкамі такіх паводзін, засвойваюць негатыўны прыклад як асноўны сродак вырашэння сямейных канфліктаў. А калі становяцца дарослымі,  яны таксама звяртаюцца да яго ва ўласнай сям’і. Гвалт у сям’і спараджае і шэраг такіх сацыяльных праблем, як рост колькасці разводаў і няпоўных сем’яў, дзіцячую безнагляднасць і злачыннасць непаўналетніх.

Адкрыў сустрэчу старшы інспектар аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Карэліцкага РАУС Аляксандр Ульянка,  які адзначыў, што 12 ліпеня 2022 года ўступілі ў сілу змены ў Закон Рэспублікі Беларусь “Аб асновах дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў”. Калі раней, каб трапіць на прафілактычны ўлік, трэба было здзейсніць два і больш адміністратыўных  правапарушэнняў у сферы быту, то цяпер дастаткова аднаго. Узмацняюцца нормы заканадаўства, але нязменнымі застаюцца духоўна-маральныя нормы.

Участковы інспектар Карэліцкага РАУС  Сяргей Крывіцкі праінфармаваў:

–  На першага красавіка бягучага  года на тэрыторыі Карэліцкага раёна злачынстваў у сферы сямейна-бытавых адносін, без уліку прэвентыўных артыкулаў, не дапушчана.  З нагоды спынення фактаў хатняга гвалту на ранняй стадыі па прэвентыўных артыкулах у 2023 годзе ўзбуджана дзве крымінальныя справы (за катаванне, за прычыненне цялесных пашкоджанняў). У параўнанні  з аналагічным перыядам мінулага года ў раёне назіраецца  рост  здзяйснення злачынстваў супраць жыцця і здароўя грамадзян (з нуля да аднаго). У мэтах прафілактыкі злачынстваў, якія здзяйсняюцца ў стане алкагольнага ап’янення, супрацоўнікамі Карэліцкага РАУС вядзецца мэтанакіраваная праца па ізаляцыі хранічных алкаголікаў у ЛПП. Па стане на першага красавіка бягучага года ў ЛПП ізалявана восем асоб, якія пакутуюць ад алкагольнай залежнасці. Па сабраных матэрыялах праверак судом Карэліцкага раёна было прынята адно рашэнне аб абмежаванні дзеяздольнасці асобы, якая злоўжывае спіртнымі напоямі.

Начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта Іна Богуш, звярнуўшыся да прысутных, адзначыла, што адна з істотных прычын гвалту ў сям’і –  злоўжыванне спіртнымі напоямі, а таксама працоўная незанятасць. Для аказання дапамогі ахвярам хатняга гвалту ў раённым цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва  працуе  “гарачая лінія” па тэлефоне 7-30-52, а таксама крызісны пакой, у якім могуць пражываць пацярпелыя. Спынілася Іна Аляксандраўна  і на пытанні пажарнай бяспекі: у кожным доме  грамадзян абавязкова павінен быць у рабочым стане  пажарны апавяшчальнік,    які  часта ратуе жыцці людзей.  Таксама  патлумачыла працэдуру прызначэння пенсіі асобам перадпенсійнага ўзросту ў выпадку адсутнасці працоўнай кніжкі, звярнула ўвагу прысутных і на тое, што кожны павінен  своечасова, па ўзросце, мяняць пашпарт.

Не абышлі бокам і пытанні, якія тычацца дзяцей, што знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Метадыст сектара аховы дзяцінства ўпраўлення адукацыі Карэліцкага райвыканкама Юлія Шэўка засяродзіла  ўвагу на тым, што ў першую чаргу добрая  атмасфера ў сям’і –  залог гарманічнага развіцця дзіцяці. Прыклад бацькоў павінен быць станоўчым, а  гвалт у сем’ях недапушчальны.

Намеснік начальніка ўпраўлення –  начальнік аддзела дзяржаўнай службы занятасці насельніцтва Карэліцкага райвыканкама Наталля Гоцка расказала пра  працоўныя вакансіі, якія ёсць на дадзены момант, а таксама нагадала,  што ў жадаючых ёсць магчымасць прайсці навучанне для працы па прафесіі, якая цікавіць.

На жаль, такая сустрэча не будзе апошняй, але хочацца спадзявацца, што колькасць тых,  хто сабраўся, будзе змяншацца, але толькі па прычыне таго, што яны стануць на шлях выпраўлення.

Гвалт у любой форме праяўлення непрымальны для грамадства, у тым ліку і над самім сабой. Ва ўсіх людзей адны радасці і праблемы. Але кожны з нас мае права выбіраць. Хтосьці аддасць апошнія грошы на тытунь і спіртное, а хтосьці купіць прадукты харчавання, шакалад або цукеркі,  гэта значыць, зробіць правільны  выбар.   А хочацца, каб кожны  зразумеў: жыццё адно. Так, яно цяжкае. Няма ні хвіліны спакою. Але ўсё роўна трэба яго шанаваць, прайсці па яго сцяжынках годна.  Гэта аснова ўсіх асноў жыцця і душы. Старайцеся менш апаганьваць душу, любіце родных і блізкіх.

Кацярына КУКАНАВА