Журналіст газеты «Полымя» пабываў у сем’ях Красненскага сельсавета, якія сталі на шлях выпраўлення

Журналіст раённай газеты «Полымя» з прадстаўнікамі ўпраўлення адукацыі раённага выканаўчага камітэта і інспекцыі па справах непаўналетніх  раённага аддзела ўнутраных спраў накіраваліся ў семі Красненскага сельсавета, якія сталі на шлях выпраўлення. Па этычных прычынах не называю прозвішчы і населеныя пункты. Хочацца верыць, што ў дзяцей будзе шчаслівае заўтра.

Boy exercises by putting hands and fingers together with therapist showing it improving motor skills sitting opposite at the table indoors

У невялікай вёсцы наведваемся да маладой сям’і, у якой выхоўваецца двое дзяцей: сын-першакласнік і дачка-дашкольніца. Мама знаходзіцца ў дэкрэтным водпуску, у сям’і чакаюць трэцяе дзіця.

— Калі была ў першым шлюбе і жылі ў Навагрудскім раёне, меліся пэўныя складанасці. Сям’я знаходзілася на кантролі, — апавядае жанчына і дадае, што зрухі ў лепшы бок адбыліся, калі сям’я пераехала на Карэліччыну. Для жылля  выбралі бацькоўскі дом у вёсцы.

Зараз у сям’і пануюць лад і ўзаемаразуменне. Бацькі працуюць у мясцовай гаспадарцы. Пачалі рабіць рамонт у хаце і набываць рэчы. Дзецям купілі двух’ярусны ложак і выдзелілі асобны пакой, набылі пральную машыну і памянялі дзверы.

— Будзем імкнуцца змяніць жыццё да лепшага і выхоўваць дзяцей у правільным накірунку, — гаворыць маці. — Я іх моцна люблю, яны — галоўнае ў жыцці. Сама вырасла ў інтэрнаце і хачу, каб у  дзяцей было шчаслівае дзяцінства. Сын добра вучыцца, шмат чытае, любіць матэматыку, і гэта для мяне — вялікае шчасце.

Наведваемся ў другую сям’ю. У ёй выхоўваецца дзесяцігадовы хлапчук, які наведвае трэці клас мясцовай школы. «Ён вернуты ў біялагічную сям’ю, — тлумачаць работнікі ўпраўлення адукацыі райвыканкама. — Маці пазбавілі бацькоўскіх правоў, зараз яна ў іншай краіне. Хлапчук жыве разам з бацькам, бабуляй і дзядулем.

У дзень нашага візіту ў сям’і сустрэлі толькі дзядулю. Хлапчук быў у школьным лагеры, бацька — на рабоце, бабуля паехала ў райцэнтр па справах.

— У нас усё добра. Унук расце рухавым, усім цікавіцца, любіць тэхніку. Я ладжу з ім і стараюся выхаваць дастойным чалавекам, — сказаў мужчына, які жадае хлопчыку ўсяго добрага ў жыцці.

Галіна СМАЛЯНКА