На планерке у председателя: Сад Победы, база для летнего отдыха, итоги акции «Неделя леса»

У Карэліцкім раёне вядзецца актыўная падрыхтоўка да святкавання Дня Перамогі. Падрабязнасці паведамілі на штотыднёвай працоўнай нарадзе ў старшыні Карэліцкага райвыканкама Генадзія Шатуева.

— Да 1 мая ўсе воінскія пахаванні і памятныя месцы будуць прыведзены ў парадак, — даў справаздачу старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Шкадаў. — Дэпутацкі корпус раёна прыме ўдзел у акцыі «Сад Перамогі» і высадзіць на тэрыторыі Жухавіцкай сярэдняй школы 78 фруктовых дрэў — менавіта столькі гадоў аддзяляе нас ад пераможнага мая 1945 года.

Да азелянення раённага цэнтра падключыцца прафсаюзны актыў. Каля Карэліцкага маладзёжнага цэнтра культуры зазелянеюць 20 маладых рабін.

Па-ранейшаму шмат увагі надаецца правядзенню шырокамаштабных сельскіх сходаў, на якіх растлумачваюцца пытанні пажарнай і дарожнай бяспекі.

— Надыходзіць летні сезон — пара адпачынкаў і канікул, з гарадоў паедуць дачнікі з дзецьмі. Трэба ўзмацніць прафілактычную работу, каб захаваць здароўе і жыцці нашых грамадзян, — даў даручэнне Генадзій Шатуеў.

Мясцовыя ўлады рыхтуюць базу для летняга адпачынку жыхароў і гасцей раёна. Так, у кожным аграгарадку з’явіцца дзіцячая пляцоўка, а на стадыёне «Юнацтва» ў райцэнтры — новая летняя эстрада і спартыўная пляцоўка. Да прыёму адпачываючых рыхтуюць пляж возера Юбілейнае. Мясцовая ўлада яшчэ раз нагадвае, што ў раёне купанне дазволена толькі на азёрах Юбілейнае і Свіцязь. Астатнія вадаёмы для купальшчыкаў пад забаронай. На гэтым тыдні там будуць усталяваны папераджальныя знакі “Купанне забаронена!”, будуць праводзіцца рэйды.

Падведзены вынікі рэспубліканскай акцыі “Тыдзень лесу” на Карэліччыне. У справе аднаўлення лясоў прынялі ўдзел 122 карэліччаніна, якія высадзілі 19,2 тысячы саджанцаў на плошчы 7,3 гектара.

Іна ЛЕЙКА