Начальнік аддзела арганізацыі вытворчасці і механізацыі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Карэліцкага райвыканкама Ілья Самуйлік: «Павялічваем вытворчасць імпартазамяшчальнай прадукцыі»

У сельскай гаспадарцы адным з найважнейшых напрамкаў для эканоміі з’яўляецца імпартазамяшчэнне: пераглядаюцца плошчы пасеваў, шматгадовых траў, зернебабовых, іншых культур, каб мінімізаваць выдаткі на імпартныя закупкі, — адзначае начальнік аддзела арганізацыі вытворчасці і механізацыі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Ілья Самуйлік.

27 красавіка Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка праінспектаваў палі ў Віцебскай і Магілёўскай абласцях. Змяніць структуру пасеваў з акцэнтам на азімы ячмень было яго даручэннем. Культура хутчэй спее і ўбіраецца з палёў, адрозніваецца і сваёй ураджайнасцю. У гэтым годзе эксперымент працягваецца з іншымі культурамі. На прэзідэнцкіх палях — лубін і гарох.

Па словах Ільі Самуйліка, большую частку пасяўных плошчаў у Карэліцкім раёне займаюць азімыя зерневыя і зернебабовыя (31%) і тэхнічныя (23,1%) культуры. Азімы ячмень у Карэліцкім раёне парадаваў аграрыяў — і пасевы пачалі павялічваць з 85 га ў 2021 годзе да 1540 га ў бягучым. Амаль у 20 разоў за тры гады! Напрыклад, летась у сярэднім на круг атрымалі 53,3 цэнтнера з гектара і 3 800 тон валавога збору. Азімы ячмень — ідэальны папярэднік для азімага рапсу, рана ўбіраецца і ёсць магчымасць якасна падрыхтаваць палі. У гэтым годзе азімы ячмень выдатна перазімаваў. Акрамя таго, ён з’яўляецца незаменным кампанентам камбікармоў для буйной рагатай жывёлы.

Гарох пасеяны на 860 га і будзе выкарыстаны на корм буйной рагатай жывёлы. Напрыклад, у мінулым годзе з такой жа плошчы атрымалі 2 600 тон, і гэтага з лішкам хапіла для забеспячэння пагалоўя. Гарох — гэта важны бялковы кампанент камбікармоў, які раней даводзілася экспартаваць з-за мяжы. Цяпер мы самі забяспечваем жывёлагадоўлю бялком уласнай вытворчасці. У перспектыве плошчы пад зернебабовыя культуры будуць павялічаны, бо ў раёне пачала працу новая МТФ «Кожава», у бягучым годзе адкрыецца МТФ «Востухава».

Іна ЛЕЙКА

Фота аўтара