В Кореличском районе завершились сборы войск территориальной обороны
На зборы былі прызваны з запасу 11 афіцэраў, 36 сяржантаў і радавых з Карэліцкага і Навагрудскага раёнаў.
Першым перад ваеннаабавязанымі выступіў намеснік старшыні Карэліцкага райвыканкама Яўген Чычкан:
— Жыццё прымусіла вас выйсці з прывычнага русла і акунуцца ў атмасферу службы ў войсках тэрытарыяльнай абароны. З боку раённага выканаўчага камітэта былі выкананы ўсе пастаўленыя задачы, мы пастараліся забяспечыць ваш быт. Я віншую вас з паспяховым завяршэннем збораў, жадаю поспехаў.
Наступным да трыбуны падышоў начальнік накірунку тэрытарыяльнай абароны, намеснік ваеннага камісара Гродзенскай вобласці палкоўнік Ігар Хадаркоўскі:
— 25 дзён праляцелі незаўважна. У адпаведнасці з планам збораў, на тэрыторыі Навагрудскага і Карэліцкага раёнаў мы ажыццявілі разгортванне і фарміраванне тэрытарыяльных войск, падрыхтавалі месцы выканання задач. Няхай гэтыя задачы і застаюцца вучэбнымі. Хочацца выказаць падзяку асабістаму складу батальёна, які сапраўды сур’ёзна падышоў да выканання пастаўленых задач і выканаў іх на выдатна. Выказваю падзяку мясцовай выканаўчай уладзе, прадпрыемствам і арганізацыям Карэліцкага раёна за праведзеную работу. Мы ўбачылі, што ўсе знаходзяцца на сваіх месцах і гатовыя да выканання сваіх задач нацыянальнай абароны нашай дзяржавы.
Ганаровай граматай Карэліцкага райвыканкама за актыўны ўдзел у грамадска-палітычным жыцці раёна ўзнагароджаны інжынер групы сродкаў і сістэм аховы Карэліцкага аддзялення групы сродкаў і сістэм аховы Карэліцкага аддзялення Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь Канстанцін Ляшчынскі. Падзячнага пісьма старшыні Карэліцкага райвыканкама за актыўны ўдзел у грамадска-палітычным жыцці раёна ўдастоены слесар па абслугоўванні і рамонце вонкавых газаправодаў Карэліцкага раёна газазабеспячэння Лідскага вытворчага ўпраўлення РУП “Гроднааблгаз” Андрэй Сап’янік. Падзячным пісьмом Карэліцкага раённага Савета дэпутатаў за актыўны ўдзел ў грамадска-палітычным жыцці працоўнага калектыву і раёна адзначаны Аляксандр Кузьміч.
Чарговае воінскае званне старшы лейтэнант запасу прысвоена лейтэнанту запасу Сяргею Тананку, малодшы сяржант запасу — яфрэйтару Андрэю Кулінічу, сяржант запасу — малодшаму сяржанту запасу Юрыю Трыбуцю, старшы сяржанту запасу — сяржанту запасу Раману Бураку, старшы сяржант запасу — сяржанту запасу Мікіце Крэчкоўскаму, старшы сяржант запасу — сяржанту запасу Уладзіславу Кучко.
Каштоўнымі падарункамі ад Міністра абароны РБ узнагародзілі лейтэнанта запасу Аляксандра Буцкевіча, палкоўніка запасу Аляксандра Галушку, лейтэнанта запасу Арцёма Грэмяку, сяржанта запасу Уладзіслава Кучко, малодшага сяржанта запасу Юрыя Трыбуця.
Каштоўнымі падарункамі начальніка Генеральнага штаба Узброеных Сіл, першага намесніка Міністра абароны ўзнагародзілі старшага сяржанта запасу Рамана Бурака, радавога запасу Андрэя Гладкага, старшага лейтэнанта запасу Мікалая Кавалевіча.
Выступіў перад ваеннаабавязанымі начальнік адасобленай групы Карэліцкага раёна маёр Сяргей Шалін, які выказаў падзяку за праведзеную работу і ўручыў падарункі ад некаторых прадпрыемстваў Карэліччыны іх працаўнікам.
Аб тым, як прайшлі ваенныя зборы, расказалі іх удзельнікі:
— Зборы прайшлі выдатна, — дзеліцца старшы лейтэнант запасу Аляксандр Меркушаў. — Мы ўспомнілі тыя ўменні і навыкі, якія набылі ў час тэрміновай службы, атрымалі новыя, адпрацавалі навыкі ўстаноўкі блокпастоў, выканалі задачы па затрыманні і знішчэнні груп незаконных фарміраванняў.
— На зборах была вельмі добрая арганізацыя, — кажа лейтэнант Арцём Грэмяка. — Мы былі забяспечаны ўсім неабходным, аднавілі веды па вайсковай лініі.
Сяргей СТОЛЯР
Фота аўтара і Кацярыны КУКАНАВАЙ