В СПК «Свитязянка-2003» начали сев сахарной свеклы

Аграрыі СВК “Свіцязянка-2003” пачалі сеяць цукровыя буракі
Вясенняе надвор’е штодзень здзіўляе нас сваімі капрызамі. Але, нягледзячы на ўсе выбрыкі, у СВК “Свіцязянка-2003” першымі ў раёне пачалі высяваць цукровыя буракі.
Разам з галоўным аграномам прадпрыемства Дзмітрыем Волкам едзем на поле. Наўкол раскінуліся бяскрайнія прасторы. Падчас размовы Дзмітрый Мікалаевіч расказвае, што ў гэтым годзе ў “Свіцязянцы” плануюць засеяць 400 га буракоў:
— Мы выкарыстоўваем насенне імпартнай селекцыі. 200 га будзем засейваць па традыцыйнай тэхналогіі, а астатнія 200 засеем па сістэме Канвіза Смарт — гэта перадавая і інавацыйная сістэма барацьбы з пустазеллем. Плануем завяршыць сяўбу праз 8-9 дзён. Але многае залежыць ад надвор’я.

Дзяніс Савоська

Галоўны аграном СВК «Свіцязянка-2003» Дзмітрый Волк

Віктар Чубрык

На ўчастку працуюць два трактары. На першым, які займаецца падрыхтоўкай глебы, шчыруе Дзяніс Савоська. Мужчына кажа, што працуе на трактары дзесяць гадоў. Пакуль мы размаўляем, да краю поля пад’язджае другі трактар, які займаецца непасрэдна высяваннем насення. Новым трактарам “YTO” кіруе вопытны механізатар Віктар Чубрык, у якога за плячыма 30 гадоў стажу. На пытанне, якая тэхніка лепшая, беларуская ці замежная, працаўнік адказвае:
— У кожным трактары ёсць свае плюсы і мінусы. Галоўнае — прывыкнуць да тэхнікі і даглядаць яе.
— У гэтым годзе мы плануем засеяць 2050 га, — расказвае Дзмітрый Волк, пакуль едзем назад. — З іх 400 га будзе засеяна буракамі, 320 — кукурузай на зерне, 635 — на сілас, 415 га ячменю, 150 зернебабовых, з якіх 120 га засеем гарохам, а 30 кармавымі бабамі — вырашылі паспрабаваць пасеяць іх ў гэтым годзе. Таксама засеем 80 га яравой пшаніцы і 50 грэчкі.

Сяргей СТОЛЯР

Фота аўтара