Яўген Чычкан: “Калі хтосьці будуе плот на мяжы, мы адкрываем бязвіз і вітаем гасцей”
Намеснік старшыні Карэліцкага райвыканкама правёў сустрэчу з калектывам ДУА “Дзіцячы сад №2 г.п. Карэлічы”, у ходзе якой абмеркавалі Пасланне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь да беларускага народа і Нацыянальнага сходу. Пачынаючы сустрэчу, Яўген Мікалаевіч адзначыў:
— Пасланні Прэзідэнта мінулых гадоў я глядзеў па тэлевізары, сёлета мне давялося ў другі раз прысутнічаць на гэтым важным мерапрыемстве асабіста, але я ніколі не чуў такога Паслання, якое было ў гэтым годзе. Аляксандр Лукашэнка закрануў складаныя пытанні, вельмі шмат увагі ўдзяліў знешняй палітыцы. Усе мае ўнутраныя пытанні адпалі самі сабою.
Яўген Чычкан нагадаў прысутным, што Кіраўнік дзяржавы адкрыта і шчыра падзяліўся інсайдэрскай інфармацыяй з фронту: простыя салдаты і з аднаго, і з другога боку барыкад не хочуць ваяваць. Па словах Яўгена Мікалаевіча, Аляксандр Лукашэнка, бадай, адзіны палітык, які так шчыра размаўляе са сваім народам.
— Прэзідэнт яшчэ раз заявіў на ўвесь свет: хопіць забойстваў, патрэбна размаўляць. Усе мы хочам, каб усё закончылася як мага хутчэй. Мы хочам жыць у міры. І мы заўжды шчыра аб гэтым кажам. Калі хтосьці будуе плот на мяжы, мы адкрываем бязвіз і вітаем гасцей.
Звярнуў Яўген Мікалаевіч увагу і на словы Кіраўніка дзяржавы аб неблаганадзейных сем’ях.
— Дзеці не павінны цярпець з-за сваіх бацькоў. Мы з вамі павінны заўважаць такія сем’і, дзе дзеткі не бачаць нічога, акрамя штодзённых п’янак, мы павінны рэагаваць.
Сяргей СТОЛЯР
Фота аўтара