У Мірскім замку адбылося адкрыццё выставы выцінанак “Карункавыя ўзоры Святланы Вяль”

Выцінанка ўяўляе сабой ажурны малюнак, узор, які выразаны нажом або нажніцамі з паперы. Трэба адзначыць, што часцей за ўсё выразаліся геаметрычныя ўзоры, расліны, фігуркі людзей, жывёл або птушак. У традыцыйным побыце беларусаў выцінанка была пашырана ў канцы XIX – першай палове XX ст. Вырабы выкарыстоўваліся для аздаблення народнага жылля. Так, папяровымі фіранкамі ўпрыгожвалі вокны, ручнікамі – покуць, сурвэткамі – паліцы для посуду ці абразоў. Гэта быў танны і просты спосаб упрыгожыць дом да святаў.

Нягледзячы на тое, што ў свой час мастацтва выцінанкі перажыло даволі кароткі росквіт, у цяперашні час беларуская выцінанка з’яўляецца адным з распаўсюджаных відаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і ўключана ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей нашай краіны. Майстэрства выцінанкі прадстаўлена на тэрыторыі ўсіх абласцей Беларусі. У Гродзенскай вобласці арэалам бытавання выцінанкі з’яўляецца некалькі гарадоў і вёсак, сярод якіх – і г.п. Карэлічы.

Выцінанкі, прадстаўленыя на выставе ў Мірскім замку стварыла брэсцкая майстрыха Святлана Віктараўна Вяль – член Грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз майстроў народнай творчасці”, народны майстар Беларусі па выцінанцы з 2022 года.  Мастацтвам выразання карункавых узораў з паперы яна займаецца з 1996 года. А ўжо з 1998 года Святлана Віктараўна – пастаянная ўдзельніца шматлікіх мастацкіх выстаў, у тым ліку і міжнародных. Аднак у замку, у будынку, які з’яўляецца помнікам архітэктуры, майстрыха адзначыла, што свае работы выстаўляе ўпершыню.

За час творчай кар’еры Святлана Віктараўна стварыла не адзін дзясятак твораў. Сюжэты яе работ: Дрэва жыцця, архітэктура роднага горада Брэста, традыцыйныя святы і абрады, прадметы дамашняга ўжытку, расліны і птушкі. Усяго на выставе “Карункавыя ўзоры Святланы Вяль” дэманструецца 40 работ. Яны ўражваюць сваёй вытанчанасцю, казачным перапляценнем фантазій і вітражнай шматкаляровасцю. Працаваць выстава будзе па 28 мая.

Вераніка Красоўская,

навуковы супрацоўнік музея “Замкавы комплекс “Мір”

1