В Кореличском районе идет ремонт местных дорог
Каля вёскі Міратычы Райцаўскага сельсавета праведзены бягучы рамонт участка дарогі Карэлічы-Валеўка-Наваельня.
Па словах начальніка планава-вытворчага аддзела Карэліцкага ДРБУ № 158 Юрыя Бабанскага, дарожныя работы, падчас якіх было абноўлена асфальтабетоннае пакрыццё, праведзены на ўчастку працягласцю каля двух кіламетраў.
— Кожны дзень я дабіраюся на працу на ровары, — распавядае жыхарка вёскі Міратычы, брыгадзір фермы “Францішкова” Таццяна Савоська. — На дарозе, асабліва на ўчастку каля воданапорнай вежы, было вельмі шмат ям, каб іх абмінуць, прыходзілася выязджаць далёка на праезную частку, пастаянна азірацца, ці няма ззаду машын. Да нас на сельскі сход прыязджаў старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Шкадаў, дзе ўздымалася пытанне аб рамонце гэтага ўчастка дарогі, і вось нас пачулі. Рухацца стала нашмат камфортней, палатно гладкае — сеў і паехаў. Цяпер на дарогу я трачу ў два разы менш часу.
Праводзяць у Міратычах і абнаўленне аўтобуснага прыпынку. Афарбоўкай прыпыначнага павільёна займаюцца работнікі ДРБУ № 158 Мікалай Гоцка і Леанід Жук. Мужчыны кажуць, што абнаўленне фарбы на прыпынках для іх — звыклая справа:
— Кожны год, вясной і восенню, мы калясім па ўсім раёне, фарбуем прыпыначныя павільёны і бардзюры.
У адпаведнасці з дзяржаўнай праграмай «Дарогі Беларусі» на 2023 год у Карэліцкім раёне плануецца адрамантаваць 11 км мясцовых аўтамабільных дарог. Асноўнымі аб’ектамі стануць: бягучыя рамонты ўчасткаў дарог з асфальтабетонным пакрыццём Райца-Цырын-Навасёлкі працягласцю 1,67 км, Валокі-Кайшоўка-Бабонеўка-Падгайна даўжынёй 1,7 км, а таксама ўчасткаў дарог у жвіровым выкананні пакрыцця Палужжа-Руднікі да аўтадарогі Р-5 Баранавічы-Навагрудак-Іўе працягласцю 2,52 км, Мір-Любна даўжынёй 3,3 км (пераходны аб’ект з уводам у эксплуатацыю ў красавіку 2024 года), пад’езд да в. Моладава ад аўтадарогі Н-6195 Палужжа-Машэвічы да аўтадарогі Р-5 Баранавічы-Навагрудак-Іўе (дзе будзе забяспечвацца адвод паверхневых вод праз дарогу па вёсцы Моладава), а таксама Турэц-Ярэмічы-Скорычы з рамонтам аўтобусных прыпынкаў на скрыжаваннi перад пасёлкам Першамайскi.
Сяргей СТОЛЯР
Фота аўтара