Апантаны спортам. Настаўнік фізкультуры Лукскай СШ Уладзімір Грэмяко больш за 30 гадоў аддае сваё сэрца дзецям

У невялікім кабінеце сярод спартыўных медалёў, кубкаў і дыпломаў вісіць шмат фатаграфій. Са старых здымкаў усміхаюцца калегі, сябры, былыя вучні настаўніка фізкультуры Лукскай СШ Уладзіміра Грэмяко. У кабінеціку шматлюдна — на вялікім перапынку тут збіраюцца тыя, каго сам Уладзімір Уладзіміравіч называе «бандай». П’юць гарбату, распавядаюць аб пацешных выпадках на ўроках. За дзвярыма кабінета чутны дзіцячыя галасы: школьнікам не церпіцца ўвайсці ў спартыўную залу.

Са званком клас выстройваецца ў шарэнгу і змаўкае. Пасля рапарту фізорга — размінка. Якая б ні была тэма ўрока, якім відам дзейнасці ні займаліся б на ім вучні, яны выконваюць усе ўказанні педагога, уважліва слухаюць заўвагі і імкнуцца іх выправіць. Пасля званка на перапынак можна ўбачыць крыху расчараваныя дзіцячыя твары — многім не хочацца выходзіць са спартыўнай залы, таму яны з задавальненнем вяртаюцца сюды ўвечары, на секцыю.

— Мой лепшы сябар Мікалай вучыўся ў Гродне ў фізкультурным тэхнікуме, — успамінае Уладзімір Уладзіміравіч маладыя гады. — Ён вырашыў зрабіць з мяне спартсмена.

А я хацеў стаць вайскоўцам, рыхтаваўся да гэтага. У далёкім 1988 годзе мы паехалі з ім у наш першы паход. Адправіліся на радзіму Якуба Коласа, паглядзець, дзе пачынаецца Нёман, які ён, якіх памераў. Заехалі ў Стоўбцы, купілі веласіпедныя лічыльнікі. Агулам за двое сутак праехалі 250 кіламетраў. Так я і вырашыў звязаць сваё жыццё з фізкультурай, спортам і турызмам. Свой педагагічны шлях пачаў у 1990 годзе, калі прыйшоў працаваць інструктарам па спорце і па сумяшчальніцтве выкладаў фізкультуру ў школе. У мяне было ўсяго дзевяць гадзін. У 1992 годзе вызвалілася месца, і мяне запрасілі працаваць фізруком на поўную стаўку.

З тых часоў Уладзімір Уладзіміравіч не лічыцца з асабістым часам, а прывівае  дзецям любоў да спорту. Пасля заканчэння ўрокаў на некалькі гадзін пакідае спартыўную залу, а вечарам зноў вяртаецца. Акрамя таго, што працуе настаўнікам фізкультуры ў школе, з’яўляецца трэнерам дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Карэліцкага раёна. Узімку займаецца яшчэ і падрыхтоўкай катка: залівае некалькі слаёў вады, чысціць снег.

— Самае галоўнае, чаму я хачу навучыць дзяцей — любіць фізкультуру, займацца спортам, знайсці свой від актыўнасці, — прызнаецца педагог. — Палюбіць мяч, клюшку, ракетку вялікага і малога тэніса, палатку, ровар. Таму калі да мяне звяртаюцца і просяць пазычыць мяч або пару канькоў, стараюся не адмовіць.

З прыходам цёплых вясновых дзянькоў Уладзімір Уладзіміравіч адкрывае веласезон, за які імкнецца праехаць не менш за тысячу кіламетраў. Педагог прызнаецца, што ставіць такую задачу, каб даказаць самому сабе, што зможа гэта зрабіць. У велавандроўкі з задавальненнем ездзяць вучні. Разам з дзецьмі Уладзімір Грэмяко ездзіць у найбольш цікавыя месцы Карэліччыны, наведвае славутасці суседніх раёнаў. Абавязкова раз на год група турыстаў адпраўляецца да Мірскага замка, выязджае на Свіцязь, Кромань, Нёман. Нягледзячы на тое, што маршруты паўтараюцца, дзеці гатовыя ездзіць па іх зноў і зноў, а пасля паездкі пытаюцца, калі будзе наступная, і куды яны адправяцца. Бацькі спакойна адпраўляюць дзяцей у падарожжа і рады, што іх дзеці не псуюць зрок у інтэрнэце, а актыўна праводзяць свой час. Амаль кожнае лета педагог са сваімі дзецьмі адпраўляецца ў палатачны лагер.

— Гэта вельмі важна — выехаць далей, падыхаць свежым паветрам, пагутарыць з прыродай, паслухаць спевы салаўя, гукі лесу. На такіх выездах нават дым вогнішча пахне неяк асабліва, — распавядае Уладзімір Уладзіміравіч. — Да таго ж такія паездкі прывучаюць дзяцей шанаваць нашу родную прыроду. Школьнікі адцягваюцца ад гаджэтаў, ад хатніх работ, проста адпачываюць.

За больш чым трыццацігадовы стаж працы ў педагога назапасілася шмат гісторый пра вучняў. Шмат могуць расказаць пра свайго настаўніка цяперашнія школьнікі, выпускнікі і іх бацькі. Апошнія заўсёды радуюцца, калі даведаюцца, што класным кіраўніком іх дзяцей будзе менавіта Уладзімір Уладзіміравіч.

— Раскажыце, у чым сакрэт? Чаму Вас так любяць дзеці і бацькі?

— З дзецьмі трэба быць прасцей. Неабходна стаць для іх сябрам. З боку педагога не павінна быць падману. Трэба мець зносіны з дзецьмі, слухаць іх, дапамагаць, калі яны просяць.

Былы вучань Уладзіміра Уладзіміравіча, а цяпер дырэктар Лукскай СШ Сяргей Міхалкевіч кажа, што дзеці цягнуцца да педагога таму, што ён укладвае ў іх душу:

— Мы працуем разам з 1999 года. Пра Уладзіміра Уладзіміравіча магу сказаць толькі добрае. Гэта прафесіянал, любіць дзяцей, не лічыцца са сваім часам, выкладваецца дзеля выніку, укладае душу ў дзяцей, а яны гэта адчуваюць і цягнуцца да яго. Атрымліваецца, што вучні прыходзяць не на ўрок фізкультуры, а менавіта да педагога.

Уладзімір Грэмяко з задавальненнем працуе з дзецьмі розных узростаў. Прызнаецца, што імкнецца знайсці падыход да кожнага класа:

— Вучні пачатковых класаў, напрыклад, любяць выконваць усе практыкаванні за педагогам. Таму я раблю ўсё разам з імі, яны пачынаюць спаборнічаць са мной, імкнуцца зрабіць практыкаванне лепш за мяне, у іх з’яўляецца запал у вачах.

Варта адзначыць, што праца Уладзіміра Грэмяко прыносіць свой плён. Шматлікія кубкі і медалі, дыпломы і граматы ў яго кабінеце гавораць самі за сябе. Сярод іх педагог асабліва вылучае тры медаля: золата і серабро, заваяваныя на рэспубліканскіх спаборніцтвах «Залатая шайба-2015», і серабро рэспубліканскай «Залатой шайбы-2016».

— Тады мы працавалі разам з Мікалаем Мікалаевічам Барэйкам, які навучыў мяне кіраваць камандай, за што яму вялікі дзякуй, — дзеліцца ўспамінамі настаўнік.

Калі б давялося апісаць Уладзіміра Уладзіміравіча адным словам, падышло б добрае беларускае «апантаны». Ён ставіць для сябе новыя мэты і дасягае іх. Маладыя педагогі, якія прыходзяць працаваць у школу, з задавальненнем зазіраюць у кабінет фізрука набрацца жыццёвага вопыту.

 

Аляксандр ГАЛУШКА,

загадчык сектара спорту і турызму Карэліцкага райвыканкама:

— На Карэліччыне створаны ўмовы для заняткаў фізічнай культурай і спортам, маецца неабходная матэрыяльна-тэхнічная база.

У бягучым годзе ў нашых спартсменаў ужо ёсць значныя дасягненні. 

Жаночая каманда па валейболе стала бронзавым прызёрам на абласных спаборніцтвах «Залаты колас». Каманда раёна сярод дзяцей і падлеткаў па хакеі «Залатая шайба» 2007-2008 гадоў нараджэння заваявала бронзавыя медалі ў вобласці.

Дзяржаўнай установай «ДЮСШ Карэліцкага раёна» ў 2023 годзе падрыхтаваны 73 спартсмены-разраднікі, адна спартсменка-выхаванка па гандболе выканала першы разрад. У спісачныя саставы нацыянальных і зборных каманд Рэспублікі Беларусь залічана пяць выхаванцаў.

У 2023 годзе каманды дзяўчат па гандболе двойчы станавіліся бронзавымі прызёрамі першынстваў Гродзенскай вобласці. На рэспубліканскіх спаборніцтвах у складзе зборнай каманды Гродзенскай вобласці двойчы святкавалі перамогу Ксенія Кузьміч і Яўгенія Лаўровіч.

У абласных спаборніцтвах па цяжкай атлетыцы станавіўся лепшым Данііл Палуян, Уладзіслаў Дземянчук — бронзавым прызёрам. Мужчынская каманда па цяжкай атлетыцы прывезла дадому бронзавыя медалі з чэмпіянату Гродзенскай вобласці.

Паважаныя работнікі і ветэраны фізічнай культуры і спорту, спартсмены!

Прыміце самыя шчырыя віншаванні з Днём работнікаў фізічнай культуры і спорту!

Гэты дзень аб’ядноўвае ўсіх людзей, якія шчыра, па-сапраўднаму любяць спорт. Адны займаюцца ім прафесійна, дасягаюць высокіх вынікаў і становяцца чэмпіёнамі і прызёрамі ў розных відах спорту, іншыя, дзякуючы спорту, захоўваюць і ўмацоўваюць здароўе, удасканальваючы свой фізічны і маральны патэнцыял. Сёння занятак спортам стаў нормай жыцця беларускага грамадства. Усё больш людзей розных пакаленняў актыўна ўдзельнічаюць у масавых спартыўных мерапрыемствах і спартакіядах.
Хочацца пажадаць усім, каб спорт і фізкультура сталі штодзённай прыемнай справай, бо яны даўно даказалі сваю значнасць, несучы людзям здароўе, сілу, прыгажосць і пазітыў.

Сяргей СТОЛЯР

Фота аўтара