На штотыднёвай працоўнай нарадзе старшыні Карэліцкага райвыканкама Генадзію Шатуеву далажылі аб тэмпах работ па рамонце мясцовых дарог і аб стане спраў у сельскай гаспадарцы
На штотыднёвай працоўнай нарадзе старшыні Карэліцкага райвыканкама Генадзію Шатуеву далажылі аб тэмпах работ па рамонце мясцовых дарог і аб стане спраў у сельскай гаспадарцы.
— Больш за ўсё нашых людзей хвалюе стан дарог, і мы павінны чуць гэтыя просьбы і выконваць, — сказаў кіраўнік раёна і пацікавіўся тэмпамі рамонтных работ.
— У бягучым годзе ў раёне плануецца адрамантаваць 11 км мясцовых дарог, — сказаў начальнік Карэліцкага ДРБУ-158 Мікалай Кадлубай. — На гэты момант праводзіцца асфальтаванне на ўчастках дарог Райца-Цырын-Навасёлкі, неўзабаве прыступім да работ на ўчастку Валокі-Кайшоўка-Бабонеўка. Прагрэйдзіравана 180 км дарог, некаторыя ўжо неаднаразова. Па вёсцы Моладава будуць пракладзены водапрапускныя трубы. Таксама ўладкаваны прыпыначныя павільёны ў пасёлку Першамайскім.
На пасяджэнні Генадзій Шатуеў яшчэ раз нагадаў аграрыям важнейшыя задачы бягучага перыяду:
— Нарыхтоўка якасных кармоў для пагалоўя і атрыманне дастатковай колькасці зерневых і зернебабовых культур. Накормім жывёлу — атрымаем малако і грошы. Уласнае зерне трэба і для ўнутранага рынку, і для экспарту.
У бягучым годзе ў раёне плануецца нарыхтаваць 179 431 тону кармавых адзінак кармоў, у тым ліку 98 574 тоны кармавых адзінак травяністых кармоў. Плануецца сабраць 109,7 тысячы тон зерневых і зернебабовых культур у вазе пасля дапрацоўкі.
Абмеркавалі на нарадзе і пытанне бяспекі насельніцтва. Хутка пачнецца сезон адпачынкаў і канікул. З гарадоў у вёску паедуць дачнікі, сярод іх нямала дзяцей. Таму старшыням сельскіх саветаў трэба надаць увагу патэнцыйна небяспечным аб’ектам: вадаёмам, старым збудаванням, пяшчаным кар’ерам — і абмежаваць да іх доступ.
Іна ЛЕЙКА