Настаўнік Жухавіцкай сярэдняй школы Яўген Крывашэя: «Трэба прывучыць дзяцей да актыўнасці і зрабіць так, каб выпускнік пасля школы не кідаў заняткі спортам»
З самага дзяцінства мы чуем аб тым, што фізкультура і спорт — важныя складнікі здаровага жыцця чалавека. Сапраўды, чалавек, які трымае сваё цела ў форме, адчувае сябе лепей і менш хварэе. Задача настаўніка фізкультуры — прывучыць дзяцей да актыўнасці і зрабіць так, каб выпускнік пасля школы не кідаў заняткі спортам. Аб гэтай неабходнай місіі мы пагаварылі з настаўнікам фізічнай культуры і здароўя Жухавіцкай сярэдняй школы Яўгенам Крывашэем.
— Яўген Генадзьевіч, як Вы сталі выкладаць фізкультуру?
— Вучыўся ў Нясвіжскім дзяржаўным педагагічным каледжы імя Якуба Коласа, затым, як і ўсе, пайшоў у армію. Адразу пасля вучобы па спецыяльнасці не працаваў, мая работа была звязана з будоўляй. Аднойчы дырэктар Цырынскай школы, у якой я калісьці вучыўся, Наталія Мікалаеўна Адамушка прапанавала мне паехаць папрацаваць у летні лагер выхавальнікам. Падчас працы ў лагеры мне патэлефанаваў Яўген Мікалаевіч Чычкан, які ў той час быў дырэктарам Жухавіцкай школы, і прапанаваў працаваць тут. Тады быў ужо жнівень-месяц, канікулы падыходзілі да завяршэння, неабходна было выручыць. Так у 2018 годзе я і трапіў на працу ў Жухавіцкую сярэднюю школу, дзе і выкладаю фізкультуру па сённяшні дзень. Мне вельмі падабаецца працаваць з дзецьмі.
— Якія мэты Вы ставіце перад сабой? Чаму Вы хочаце навучыць дзяцей?
— На сваіх уроках я хачу навучыць дзяцей быць здаровымі. Паказваю, як выконваць тое ці іншае практыкаванне, бо вельмі важна навучыць іх правільна займацца, каб яны не нашкодзілі самі сабе. Спорт павінен прыносіць карысць, а не траўміраваць. Да таго ж, фізкультура дапамагае дзецям адчуць таварыскасць. Яны вучацца сябраваць, дапамагаць адзін аднаму.
— Што для Вас самае складанае ў працы з дзецьмі?
— Вялікіх складанасцей няма. З дзецьмі цікава працаваць. Бывае, праўда, што цяжка захаваць дысцыпліну на ўроку, прымусіць дзяцей спыніцца, паслухаць нешта важнае, што яны павінны пачуць.
— Для многіх дзяцей фізкультура — любімы прадмет у школе. Як Вы думаеце, чаму?
— Мне здаецца, справа ў тым, што на ўроках фізкультуры яны не сядзяць на месцы, ім не трэба нешта рашаць, сачыняць. Дзеці бегаюць, скачуць, гуляюць. Калі прааналізаваць тэмы, то можна заўважыць, што ім падабаюцца тыя ўрокі, на якіх яны гуляюць у спартыўныя гульні: футбол, валейбол. Калі ідуць заняткі па лёгкай атлетыцы, альбо калі ім трэба здаваць нарматывы, то ім фізкультура не так імпануе. Дзеці любяць ездзіць на спаборніцтвы, бо там яны адчуваюць сябе больш самастойнымі, там няма бацькоў, няма такога кантролю.
— Раскажыце, калі ласка, аб поспехах Вашых вучняў.
— Мае вучні — прызёры кроса на прызы газеты “Полымя” і РА РГА “Белая Русь”. У маі гэтага года мы заваявалі два кубкі на спаборніцтвах па футболе “Скураны мяч” у дзвюх узроставых групах. У спаборніцтвах “Снежны снайпер” мае вучні годна паказалі сябе на раённых спаборніцтвах і ездзілі на вобласць. Мая вучаніца тры гады запар станавілася пераможцай раённай алімпіяды па фізкультуры. Поспехаў хапае, але гэта не прычына спыняцца на дасягнутым. Заўжды ёсць куды імкнуцца, куды развівацца.
— Чым Вы займаецеся пасля таго, як празвініць апошні званок?
— Спортам. Летам наведваю стадыён, зімой гуляю ў валейбол. Калі надвор’е дазваляе, люблю на лыжах пабегаць. Да таго часу, пакуль не прыйшоў сюды працаваць, ніколі не стаяў на каньках. Старэйшыя дзеці прапанавалі мне паспрабаваць. Мы разам з імі залілі каток, яны мне дапамагалі. І вось, калі лёд акрэп, а на катку падключылі асвятленне, я ўпершыню стаў на канькі. Крыху баяўся, таму апрануў ахоўную экіпіроўку. Вельмі спадабалася.
— Назавіце тры свае галоўныя якасці.
— Мэтанакіраванасць, настойлівасць, упартасць. Мне падаецца, што гэта галоўныя якасці не толькі мае, але і любога чалавека, які займаецца спортам.
Сяргей СТОЛЯР
Фота аўтара