В Кореличах состоялся Парад Победы (+видео)

Пераможны май … радасны і адначасова журботны. 78 гадоў наша краіна жыве пад мірным небам, якому мы абавязаны дзядам і прадзедам, якія адстаялі свабоду і незалежнасць.

9 Мая — усенароднае свята для кожнага беларуса. У гэты  дзень на  плошчы 17 Верасня г.п. Карэлічы  адбылося тэатралізаванае прадстаўленне “Мінулых гадоў жывая памяць”,  прысвечанае чарговай гадавіне  Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Увесь боль і трагедыю беларускага народа,  і радасць доўгачаканай перамогі ўклалі артысты ў тэатралізаваны пралог. Выступленне ўразіла ўдзельнікаў свята да глыбіні душы: у многіх на вачах з’яўляліся слёзы — беларусы не хочуць вайны, яны за мір і стварэнне на зямлі.

Аддаць даніну памяці і павагі ветэранам, якія мужна змагаліся на франтах, і тым, хто не вярнуўся з поля бою, сабраліся кіраўніцтва раёна, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Эльвіра Сарока, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандр Сонгін, члены раённага выканаўчага камітэта, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і аб’яднанняў, кіраўнікі прадпрыемстваў, арганізацый, ведамстваў і службаў, устаноў адукацыі,   мясцовыя жыхары і госці райцэнтра.

Сярод ганаровых гасцей святочных мерапрыемстваў  ветэран вайны Уладзімір Данілавіч Буй, які адзначыў, што 9 мая — гэта асаблівы  дзень не толькі для ўдзельнікаў вайны, але і для ўсіх жыхароў краіны.

— Шчаслівы, што адзначаем 78-ю гадавіну Перамогі, — кажа Уладзімір Данілавіч перад пачаткам урачыстых мерапрыемстваў. — Хачу сказаць дзякуй паслядоўнікам, пераемнікам, што яны нясуць нашу эстафету. За столькі пакаленняў Перамога не забытая, і задача маладых — захаваць памяць пра яе. Усіх са святам!

Удзельнікі святочнага мерапрыемства  накіраваліся да мемарыяльнага комплексу “Зорка”. Тут адбыўся мітынг-рэквіем “Памяць. Мір. Стварэнне”.

— 9 Мая — гэта галоўнае   свята многіх пакаленняў! Гэты дзень будзе заўсёды для нас сімвалам велічы нашай Радзімы, нязломнасці духу народа, патрыятызму і беззаветнага служэння Айчыне! Мы ганарымся подзвігамі старэйшых пакаленняў, якія падарылі нам магчымасць жыць і працаваць у мірнай і свабоднай краіне. Мы памятаем і тых, хто змагаўся ў тыле. Толькі народ, які атрымаў такую Перамогу, змог за кароткі час адрадзіць краіну з руін, зрабіць яе прыгожай і магутнай. — Такімі словамі пачаў сваю прамову падчас мітынгу старшыня райвыканкама Генадзій Шатуеў і працягнуў: —78 гадоў беларуская зямля не ведае вайны. Наш абавязак – не дапусціць перагляду  яе вынікаў, нельга забыць подзвіг нашых продкаў. Вяртаючыся ў мінулае, разумееш, што многім еўрапейскім краінам лагічней было б 9 Мая адзначаць не Дзень Перамогі ў Другой сусветнай вайне, а ўспамінаць сваю ганебную капітуляцыю,  бо амаль уся кантынентальная Еўропа да 1941 года так ці інакш увайшла ў Трэці рэйх. З дваццаці еўрапейскіх краін — дзевяць адразу ўступілі ў вайну супраць СССР, а астатнія — дзень, месяц, паўтара фактычна далучыліся да агрэсара і працавалі на яго прамысловасць.

Прыкладам самаахвярнай мужнасці і гераізму для нас і,  упэўнены, для будучых пакаленняў, была і застаецца Брэсцкая  крэпасць, якая прыняла першы ўдар. Нельга не ўспомніць  імёны вечных  яе герояў:  маёр Пётр Гаўрылаў, капітан Іван Зубачоў, палкавы камісар Яфім Фамін, лейтэнант Андрэй Кіжаватоў і яшчэ дзве тысячы абаронцаў крэпасці! “Я паміраю, але не здаюся!”, “Бывай, Радзіма” – надпісы на сценах, дзякуючы якім мы можам выхоўваць яшчэ ні адно пакаленне! Абарона Брэсцкай  крэпасці — гэта знак трэцяму Рэйху аб яго далейшым лёсе, сімвал любові да Радзімы і самаахвярнасці. Беларусь памятае сваіх герояў.  Мы памятаем усіх бязвінных ахвяр цынічных эксперыментаў і жахлівай жорсткасці гітлераўскіх катаў. Кожны куток нашай зямлі дыхае мужнасцю, стойкасцю і гераізмам.  Так, легендарнай старонкай Прынёманскага краю стала падрыўная дзейнасць мірскіх і ярэміцкіх камсамольцаў-падпольшчыкаў і партызан. Гісторыяй усёй вялікай краіны стаў гераізм Уладзіміра Царука і Паўла Жалезняковіча,  вызваліцеля нашых пасёлкаў і вёсак Яна Фогеля,  Міхаіла Белуша, чыё імя носіць адна з вуліц райцэнтра, гэтага  сямнаццацігадовага падлетака-героя, які паўтарыў подзвіг Аляксандра Матросава.

Так здарылася, што 9 мая ўжо не проста ўрачыстая і памятная дата. Цяпер для нас гэта новы гістарычны рубеж абароны  незалежнасці і суверэнітэту нашай краіны. Паўсюдна крытычна павышаецца ўзровень агрэсіі. На Захадзе ўмацоўваецца ваенная інфраструктура наступальнага характару. Паблізу межаў засяроджваюцца войскі НАТА. У Беларусі створаны Узброеныя сілы, якія здольныя вырашаць задачы па абароне дзяржавы ад агрэсіўных замахаў звонку якасна і прафесійна. Для гэтага ў іх ёсць усё неабходнае.

У сваім выступленні Генадзій Мікалаевіч звярнуўся да ветэранаў:

— Дарагія нашы Уладзімір Данілавіч Буй, Анастасія Якаўлеўна Грышына, Вольга Іосіфаўна Хіневіч, Надзея Пятроўна Кужалевіч, усе тыя, хто адваяваў нашу Перамогу! Мы зноў і зноў вяртаемся да вас, сведкаў гісторыі, сведкаў мужнасці нашага народа, самаахвярнага гераізму і адданасці роднай Айчыне. Вы прайшлі праз страшныя выпрабаванні, пераадолелі агонь і смерць, выратавалі чалавецтва ад пагрозы фашысцкага заняволенне. Нізкі вам паклон за вялікі подзвіг!

Кожнае 9 Мая мае свой сэнс. У гэтым годзе гэтае свята будзе сімвалам нашай стойкасці, перакананасці, грамадзянскасці, стварэння, сапраўднай і шчырай барацьбы за мір. А мір павінен быць абаронены,  як абаранялі яго салдаты Чырвонай Арміі, партызаны, працаўнікі тылу ў тыя далёкія саракавыя.

Старшыня райвыканкама выказаў   словы віншавання з Днём Перамогі ўдзельнікам мітынгу і ўсім  жыхарам раёна:

— Хай гэтае свята чарговы раз выкліча ў нашых сэрцах пачуццё гонару за сваю краіну, надае сілы і ўмацуе нашу стваральную працу, хай у нашым небе грымяць толькі святочныя салюты, а ў жыцці нас сустракаюць кветкі і ўсмешкі родных і сяброў! Няхай у вашых дамах пануюць дабро, мір і згода!

Наступным слова трымаў  благачынны Карэліцкіх цэркваў, пратаіерэй Мікалай Орса:

— У нашай дзяржаве шмат святаў, але Дзень Перамогі — адно з вялікіх. Са школьных гадоў  мы ведаем, што подзвіг  народа несмяротны, слава пра герояў не памеркне ніколі. Той, хто сутыкаўся з паняццем “абарона”, той  ведае, што такое “ахвярнасць”.  Абараняць Радзіму можа толькі той, хто шчыра любіць сваю зямлю, народ, маці. У 1941 годзе Бог паслаў  народу выпрабаванне агнём, якое годна вытрымалі  нашы  садаты. Мы павінны захоўваць мір,  адзінства і дабрабыт на зямлі.

Ад маладога пакалення да ўдзельнікаў мітынгу звярнулася актывіст РК ГА “БРСМ” Вольга Папляўко:

— Колькі б гадоў ні прайшло з мая 45-га, мы заўсёды будзем памятаць пра тую вайну. Сёння мы аддаём даніну памяці і павагі ўсім, хто абараніў свабоду і незалежнасць нашай Радзімы. Гэта дзень гонару за нашу гераічную армію і вялікі народ! Нашы сэрцы перапоўненыя пачуццём падзякі за стойкасць і мужнасць, праяўленыя ў цяжкіх выпрабаваннях, праз якія давялося прайсці ў імя міру і дабрабыту будучых пакаленняў.

Найвялікшы подзвіг і  мужнасць нашых салдат і ветэранаў ва ўсе часы будуць служыць прыкладам вернасці абавязку і адданасці Айчыне. Гонар, радасць, слёзы і боль незваротных страт — усё гэта злучылася ў Вялікай Перамозе. Наш абавязак – памятаць, якой цаной дасталася Перамога ў Вялікай Айчыннай вайне, шанаваць памяць загінулых і праяўляць нястомны клопат пра ветэранаў. Мы павінны зрабіць усё, што ад нас залежыць, каб не паўтарыліся жахі вайны, каб маладое пакаленне ведала і шанавала подзвігі сваіх бацькоў і дзядоў, расло ў духу патрыятызму і паважлівага стаўлення да гераічнага мінулага нашага народа. Прыміце шчырыя пажаданні міру і дабра, цяпла і разумення! Хай будуць здаровыя і шчаслівыя ўсе вашы родныя і блізкія і хай заўсёды ў вашым доме пануе ўтульнасць і спакой! Са святам! З Днём Перамогі!

Хвілінай маўчання ўшаноўваецца памяць загінулых на вайне.

Гірлянда, кветкі і вянкі ўскладваюцца да помніка.

“Май. Вясна. Перамога.” Пад такой назвай працягнуліся святочныя мерапрыемствы на галоўнай плошчы райцэнтра.

Мы ўшаноўваем пераможцаў, схіляемся перад іх подзвігам, успамінаем тых, хто аддаў свае жыцці ў барацьбе за свабоду Радзімы і абараніў ад бязлітаснага знішчэння цэлыя народы, культуры, цывілізацыі. Шматмільённыя ахвяры і разбурэнні — галоўны ўрок Вялікай Айчыннай вайны, які павінны засвоіць усе мы, наступныя пакаленні. Аб гэтай важнай праўдзе нагадалі ў сваіх музычных нумарах і артысты, якія выконвалі папулярныя кампазіцыі ваенных і пасляваенных гадоў.

Гэты дзень, поўны музыкі, усмешак і неверагодных уражанняў, пакінуў буру эмоцый, добрага настрою і стаў сапраўдным падарункам для ўсіх, хто прыйшоў на свята.

Сваімі эмоцыямі і пачуццямі дзеляцца ўдзельнікі свята.

Вучні ДУА “Сярэдняя школа №2 г.п. Карэлічы”  Астап Бычкоў і Арцём Вянсковіч адзначаюць:

— У школе і дома нам шмат расказваюць пра вайну. Мы ганарымся, што з’яўляемся ўдзельнікам святочных мерапрыемстваў і нам выпала магчымасць ускласці  да мемарыялу “Зорка” гірлянду.  Мы ганарымся  за нашу Беларусь, якая  стала моцнай, квітнеючай, свабоднай і, што самае галоўнае, міратворчай. І сёння, з аднаго боку, вельмі радасна, што мы атрымалі Перамогу, але разам з тым вельмі шкада тых, хто загінуў.  Нізка схіляем  галовы перад  сваімі продкамі і суайчыннікамі, якія падарылі мірнае неба і далі магчымасць жыць. Вайна…не трэба,  каб  яе жахі  паўтараліся, заўсёды павінна быць мірнае неба.

Жыхарка райцэнтра Іна Вайцешык прыйшла  на мерапрыемства з дзвюма дочкамі Арынай і Валерыяй:

— Мы кожны год наведваем галоўную плошчу райцэнтра на 9 мая  ўсёй сям’ёй, сёлета наш тата працуе, таму мы ўтрох. Вельмі добрае свята, якое аб’ядноўвае людзей розных пакаленняў.  Шмат людзей  з кветкамі, шарамі, песні гучаць — прыгожа.  Мы павінны памятаць пра вайну, пра тое, чаго каштавала перамога нашым дзядулям і прадзедам.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандр Сонгін дзеліцца:

— Сёння святы дзень: дзень урачыстасці і трагедыі. Зверствы фашызму не маюць тэрміну даўнасці і яны ніколі не павінны быць забытыя. Віншую усіх з Днём Перамогі. Хай кожны ведае, якой цаной дасталася перамога, і беражэ мір ва ўсім свеце.

Член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Эльвіра Сарока:

—  9 Мая – вялікая дата ў жыцці ўсіх пакаленняў беларусаў, гэта свята сям’і, пакалення.  Хочацца пажадаць нашым дарагім ветэранам, усім жыхарам Карэліччыны моцнага здароўя, сіл, бадзёрасці духу. І няхай над нашай Беларуссю заўсёды будзе мірнае неба!

9 мая, у Дзень Вялікай Перамогі, Карэлічы сталі па-сапраўднаму святочнымі. Тут ладзілі вялікае свята, якое знайшло прапіску на галоўнай плошчы райцэнтра, мемарыяльным комплексе «Зорка», стадыёне «Юнацтва». Гэтыя тры вялікія востравы сабралі яго ўдзельнікаў, а яшчэ невялічкія вастравочкі, так бы мовіць, тэматычныя пляцоўкі прыцягвалі карэліччан і гасцей. На некаторыя з іх зазірнула і журналіст раённай газеты «Полымя». Хочацца адзначыць, што яго гаспадары ахвотна дзяліліся сваімі думкамі, а сонечнае надвор’е спрыяла добраму настрою.

Дзяржаўная ўстанова культуры «Карэліцкая цэнтральная бібліятэка» арганізавала тэматычнуя выставу «Дарагая сэрцу кніга пра вайну!», на якой змешчана літаратура пра Вялікую Айчынную, а таксама фотазону «Памяць на ўсе часы», гульнёвыя пляцоўкі, аквагрым, віктарыны. «Мы праводзім шмат мерапрыемстваў патрыятычнай накіраванасці, каб моладзь ведала пра вайну, шанавала жыццё пад мірным небам, з упэўненасцю глядзела ў будучае», — гаворыць дырэктар установы Лілія Арцюх.

Увагу прыцягнула агульная выстава школ раёна — музей пад адкрытым небам пад назвай «Пакуль мы памятаем мінулае, у нас ёсць будучае». Кіраўнік школьнага музея дзяржаўнай установы адукацыі «Красненская сярэдняя школа Карэліцкага раёна» Марыя Мароз лічыць Дзень Перамогі вялікім і светлым святам, які аб’ядноўвае прадстаўнікоў розных пакаленняў. Як настаўнік марыць пра тое, каб дзяўчаты і юнакі памяталі пра мінулае, шанавалі нашу асноўную каштоўнасць на зямлі — мір, і каб ніхто не змог парушыць спакой. Марыя Фёдараўна паведаміла цікавую вестку: музеі школ раёна падрыхтавалі капсулу часу «Пасланне патомкам». Сёння, 9 мая, у Дзень Перамогі ўдзельнікі свята могуць напісаць свае пажаданні, і капсула будзе перададзена на захаванне ў Карэліцкі раённы краязнаўчы музей, дзе будзе захоўвацца да 9 мая 2045 года (100-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне).

Галоўны захавальнік фондаў Карэліцкага раённага краязнаўчага музея Крысціна Захарчук у гутарцы адзначае, што музей падрыхтаваў выставу экспанатаў «Чамадан памяці Невядомаму салдату». Тут газета «Красная Звезда» ад 10 мая 1945 года, гімнасцёрка невядомага салдата, фляжка для вады, машынка для стрыжкі валасоў, міска, лыжка і іншыя рэчы. Суразмоўца выказала словы прызнання ўсім прадзядулям, якія заваявалі мір на зямлі, а для маладога пакалення з’яўляецца галоўнай задачай яго захаваць і прымнажаць багацці роднай краіны.

Не засталіся ў баку і прадстаўнікі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў раёна. Да прыкладу, камунальнае сельскагаспадарчае ўнітарнае прадпрыемства «Лукі-Агра» прадставіла на свята фотазону на ваенную тэму  пад назвай «Артылерыйскі разлік». Тут можна было прымераць ваеннае адзенне, сфатагравацца з людзьмі ў ваеннай форме, «звязацца» па палявому тэлефону з асабістым саставам штаба і шмат іншага. Дзецям таксама была цікавая гэтая тэматычная пляцоўка: яны імкнуліся прымераць пілоткі, фуражкі, каскі.

Сапраўды, свята ладзіцца, каб адпачыць душой і сустрэцца з сябрамі.

Асабліва радуюцца яму дзеці, і гэта адчувалася. Зазірнула на гульнёвую пляцоўку — на батуце, як гаворыцца, яблыку няма дзе ўпасці: столькі жадаючых малышоў паскакаць! Побач імкнуцца раздзяліць з імі радасць і пракантраляваць дарослыя. Мае суразмоўцы — прабабуля Тамара Турок і бабуля Рыта Вілімовіч з г.п. Карэлічы. «Мы ходзім кожны год з дзецьмі і ўнукамі на гэтае светлае свята. Мы купілі дзецям сцяжкі і ўзялі букеты кветак для ўскладання іх да падножжа мемарыяльнага комплексу «Зорка». Мы імкнёмся, каб захавалася сувязь паміж пакаленнямі і каб ўнукі ведалі пра гэтую страшную вайну, і яна ніколі не паўтарылася, — дзеліцца ўражаннямі жыхарка райцэнтра.

«Майстры — Перамозе» — выстава-вырабаў майстроў народнай творчасці Карэліччыны. Знаёмімся з Анастасіяй Уладзіміраўнай Чычкан. Яна мае асноўны занятак — настаўнік мастацкага аддзялення дзяржаўнай установы адукацыі «Карэліцкая дзіцячая школа мастацтваў». «Я вучу дзяцей бачыць цудоўнае і пераносіць на паперу ці холст. На свята прадаставіла свае вырабы з фоамірана. Хочацца падарыць удзельнікам свята хоць крышачку радасці праз свае вырабы і пажадаць, каб больш было ў іх жыцці такіх сонечных дзён, як сённяшні, і яны былі здаровыя і шчаслівыя», — сказала майстар.

Мінуць тэматычную пляцоўку, якую падрыхтавалі бытавікі раёна не змагла, бо ўсё тут нагадвала пра жыццё і побыт вяскоўцаў ў пасляваенны час. Акрамя пісьмаў з фронту, газет далёкіх часоў, радыёлы, увагу прыцягнулі ложак і стол, якія былі накрыты саматканымі вырабамі. Прадэманстравана і гасціннасць гаспадароў: стол устаўлены разнастайнай ежай. Акрамя пляцоўкі, работнікі райбыткамбіната прапаноўвалі ўдзельнікам свята бяспроігрышную латарэю і сувеніры.

На стадыёне «Юнацтва» была арганізавана гістарычная рэканструкцыя «Партызанская вёска».  У медыцынскім пункце паранены баец, хірург, чатыры сястры міласэрнасці. «У нас медыцынскі пункт, — расказвае Таццяна Марушка, медсястра аперацыйнага блока (на гэтай пасадзе яна і ў райбальніцы, і ў партызанскай вёсцы). — Мы аказваем першую дапамогу: дастаём аскепки і кулі, праводзім  невялікія аперацыі. Для гэтага абсталявалі медпункт, дзе ёсць хірургічныя інструменты, перавязачны матэрыял, шыны, спірт для апрацоўкі ран, пальчаткі. Месца выбрана для партызанскай вёскі зручнае, і прырода спрыяе працы. Упершыню арганізатары вырашылі зрабіць такую рэканструкцыю, каб паказаць ролю медыкаў у гады вайны і каб наблізіць да таго часу, калі галоўным быў гераізм людзей, таму атрымалі перамогу над ворагам».

На стадыёне «Юнацтва» райцэнтра былі арганізаваны іншыя пляцоўкі сельгаспрадпрыемстваў раёна. Галоўны пачастунак свята — салдацкую кашу — падрыхтала КУСП «Чарняхоўскі-Агра». Яна ўдалася на славу!

Кацярына КУКАНАВА, Галіна СМАЛЯНКА

Фота Іны ЛЕЙКІ

Відэа Сяргея СТОЛЯРА і Аляксандра ЛЕЙКІ