В Кореличском районе прошло открытие информационной таблички в память о Кореличском гетто и автопробег

Напярэдадні 78-й гадавіны Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне ў райцэнтры прайшло адкрыццё інфармацыйнай шыльды ў памяць аб Карэліцкім гета, якое праіснавала з 1941 па 1942 год, і аўтапрабег “Гваздзіка Памяці”.

У Карэлічах яўрэі ўжо ў канцы чэрвеня 1941 года вынеслі на сабе ўсе жахі Халакосту. Немцы, рэалізуючы праграму знішчэння яўрэяў, летам 1941 года арганізавалі ў пасёлку гета, куды сагналі каля 1000 чалавек. Акупацыйныя ўлады пад страхам смерці забаранілі вязням здымаць апазнавальныя знакі на верхняй вопратцы, выходзіць з гета без спецыяльнага дазволу, мяняць месца пражывання і кватэру ўнутры гета, хадзіць па тратуарах, карыстацца грамадскім транспартам, знаходзіцца на тэрыторыі паркаў і грамадскіх месцаў, наведваць школы.

Немцы вельмі сур’ёзна ставіліся да магчымасці яўрэйскага паўстання, і таму ў першую чаргу забівалі ў гета ці яшчэ да яго стварэння мужчын ва ўзросце ад 15 да 50 гадоў. У сувязі з гэтым у ліпені 1941 года юдэнрат (адміністрацыйны орган яўрэйскага самакіравання) па нямецкім загадзе сабраў усіх яўрэяў Карэліч на Рыначнай плошчы. З іх адабралі 105 самых аўтарытэтных — былых членаў гарадскога сабрання і кіраўнікоў абшчыны. На наступны дзень іх адправілі на грузавіках у накірунку Навагрудка і расстралялі.

Права адкрыць шыльду было прадастаўлена намесніку старшыні Карэліцкага райвыканкама, старшыні РА РГА “Белая Русь” Яўгену Чычкану. Прысутныя ўшанавалі памяць аб ахвярах той вайны хвілінай маўчання.

Аўтакалона накіравалася на тэрыторыю Ярэміцкага сельсавета, дзе былі адкрыты дзве інфармацыйныя шыльды ў памяць аб вёсках-сёстрах Хатыні Быковічах і Антанёве. У мітынгах прынялі ўдзел кіраўніцтва Карэліцкага раёна, ідэалагічны актыў, прадстаўнікі працоўнай моладзі, лідары грамадскіх аб’яднанняў і прафсаюзаў. На месцах усталявання шыльдачак былі ўскладзены кветкі.

— Святы абавязак кожнага беларуса — шанаваць памяць аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны, аб гераічных учынках воінаў-вызваліцеляў, аб актыўным партызанскім руху, — упэўнены загадчык сектара ідэалагічнай работы і па справах моладзі Карэліцкага райвыканкама Генадзій Карпаленка. — На тэрыторыі Беларусі быў забіты кожны трэці жыхар, наш народ у поўнай меры перанёс усе нягоды і пакуты тых жудасных гадоў. На тэрыторыі Карэліцкага раёна лёс Хатыні паўтарылі 12 вёсак і хутароў, і сёння мы ўсталявалі ў дзвюх з іх памятныя шыльды для таго, каб кожны мясцовы жыхар і госць мог ушанаваць памяць загінулых ад рук акупантаў землякоў.