Беларускі пісьменнік Янка Маўр тры гады пражыў у вёсцы Турэц Карэліцкага раёна

Янка Маўр (Іван Міхайлавіч Фёдараў) – вядомая, яскравая і незвычайная асоба ў беларускай літаратуры. Хто ў дзяцінстве не чытаў яго прыгодніцкага твора “Палескія рабінзоны” і не ўяўляў сябе на месцы галоўных герояў?

У пісьменніка было нялёгкае і, адначасова, цікавае жыццё, тры гады з якога ён пражыў у вёсцы Турэц Карэліцкага раёна.

У 2023 годзе адзначаецца 140-годдзе з дня яго нараджэння.

Беларускі пісьменнік, aдзін з заснавальнікаў беларускай дзіцячай літаратуры, аўтар апавяданняў, аповесцяў і раманаў для дзяцей і моладзі, заснавальнік прыгодніцкага і навукова-пазнавальнага жанраў у беларускай літаратуры, нарадзіўся 29 красавіка (10 мая) 1883 года ў горадзе Лібава (Латвія) ў сям’і выхадца з Беларусі, які апынуўся ў гэтым горадзе ў пошуках працы. Быў адстаўным салдатам, паходзіў з беззямельных беларускіх сялян, працаваў сталяром. Калі бацька памёр, Янку было ўсяго восем год. Каб хоць неяк далей зводзіць канцы з канцамі, асірацелая сям’я пераехала на Радзіму маці хлопчыка, у вёску Лебянішкі, якая знаходзілася на мяжы Беларусі і Літвы. Маці з усіх сіл імкнулася даць адукацыю сыну, і пасля таго, як ён у 1895 годзе скончыў пачатковую школу, паступіў у  Ковенскае рамеснае вучылішча. Пасля яго заканчэння паступіў у Панявежскую настаўніцкую семінарыю, але яго адтуль выключылі за вальнадумства. Праз год, здаўшы іспыты экстэрнам, Іван усё ж атрымаў  пасведчанне настаўніка пачатковай школы. Пасля навучання ў настаўніцкай семінарыі Янка Маўр пачаў працаваць у школе пад Панявежам, у мястэчку Наўямесціс (Літва), а потым яго перавялі ў вёску Бытча на Барысаўшчыне. У 1906 годзе ён прыняў удзел у нелегальным педагагічным з’ездзе, які адбыўся на Мікалаеўшчыне. Разам з Якубам Коласам і іншымі актыўнымі ўдзельнікамі быў аддадзены пад суд і ўзяты пад нагляд паліцыі.

Настаўніку і будучаму літаратару было забаронена працаваць у школе, таму некаторы час ён на сваім веласіпедзе проста падарожнічаў па беларускіх дарогах. Так трапіў да айца Уладзіміра ў вёску Верхмень, дзе ў той час працаваў Колас. Праўда, тады творцы не сустрэліся. Але айцец Уладзімір парэкамендаваў Івану Фёдараву паехаць у мястэчка Турэц, бо дачцэ айца Фёдара Варвары патрэбен быў дамашні настаўнік для дзяцей. Неўзабаве муж Варвары памёр, і яна паставіла Маўру ўмову: ці шукаць новую працу, ці жаніцца на ёй, бо маладому мужчыне жыць у адной хаце з незамужняй жанчынай, нават старэйшай удавой, лічылася недапушчальным. Ён палюбіў яе дзяцей, асабліва малодшага Мішу, таму і прыняў рашэнне ажаніцца з Варварай. Яны абвянчаліся ў 1909 годзе ў Турэцкай царкве, а праз два гады ў сям’і нарадзіўся сын Фёдар. Праз пяць гадоў Маўр стаў бацькам яшчэ аднаго сына – Арсенія, а ў 1919 годзе з’явілася на свет яго дачка Аляксандра. На жаль, у гэтым жа годзе Варвара цяжка захварэла і памерла. Праз год пісьменнік ажаніўся са Стэфанідай Шылёнак, жанчына стала добрай маці для дзяцей Маўра, а ў 1924 годзе нарадзіла дачку Наталлю.

Судовае разбіральніцтва па справе аб настаўніцкім з’ездзе доўжылася амаль два гады, але ўсё ж такі ў 1911 годзе Маўр працаўладкаваўся выкладчыкам геаграфіі і гісторыі ў Мінскую прыватную гандлёвую школу. З восені 1917 года ён уладкаваўся настаўнікам геаграфіі і гісторыі ў Мінскую чыгуначную гімназію. Пасля рэвалюцыі ён стаў настаўнікам 25-й чыгуначнай школы імя А. Р. Чарвякова.

У 1920-я гады таксама працаваў у Наркамаце асветы Беларусі і ў рэспубліканскім саюзе работнікаў асветы.

Працу настаўніка Фёдараў пакінуў толькі ў 1930 годзе, калі перайшоў на працу ў Беларускае дзяржаўнае выдавецтва, дзе прапрацаваў да 1936 года.

З 1930 г. на творчай працы.

Друкавацца настаўнік геаграфіі пачаў позна, у сорак гадоў.

Падчас вайны пісьменнік вымушана апынуўся далёка ад роднай зямлі – спачатку ў Навасібірску, затым у Алма-Аце. У 1943 г. Маўр пераехаў у Маскву, дзе, моцна захварэўшы, трапіў у бальніцу. У родны Мінск ён вярнуўся толькі пасля вызвалення яго ад фашысцкіх захопнікаў.

Янка Маўр – член Саюза пісьменнікаў СССР (1934 г.). Член ВКП(б) з 1950 года. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларускай ССР (1968 г.). Заслужаны дзеяч культуры БССР (1968 г.).

Найбольш вядомыя творы: аповесці «У краіне райскай птушкі», «Сын вады», «Палескія рабінзоны», «ТВТ», раман «Амак», аўтабіяграфічная аповесць «Шлях з цемры». Пераклаў на беларускую мову асобныя творы Г.Х. Андэрсана, Д.М. Маміна-Сібірака, М. Прышвіна, А. Чэхава, Р. Кіплінга, М. Твэна, Ж. Верна, В. Гюго, А. Гайдара і г.д.

Янка Маўр памёр 3 жніўня 1971 года на 89-м годзе жыцця. Пахаваны ў Мінску на Усходніх могілках.

Цікавыя звесткі пра Янку Маўра:

* Янка Маўр лічыцца родапачынальнікам жанру фантастыкі ў беларускай літаратуры.

* З 1993 года ў Беларусі прысуджаецца прэмія імя Янкі Маўра за найлепшыя творы для дзяцей.

* Два класікі беларускай літаратуры Янка Маўр і Якуб Колас сябравалі амаль усё жыццё. Дарэчы, дачка Янкі Маўра Наталля стала жонкай сына Якуба Коласа, у класікаў з’явілася трое агульных унукаў.

* Янка Маўр сабраў вялікую хатнюю бібліятэку, якая была адной з лепшых у даваенныя гады ў Беларусі;

* У сябе на дачы, непадалёк ад Мінска, Янка Маўр збудаваў кабінет-шалаш з лазовых дубцоў.

* Пісьменнік быў вядомым эсперантыстам, вёў перадачу для эсперантыстаў на беларускім радыё.

* Імя «Янка Маўр» гучыць сапраўды незвычайна і прыцягвае ўвагу чытача. Неабходнасць у творчым псеўданіме ўзнікла адразу, калі малады чалавек пачаў пісаць. А справа ў тым, што ён — поўны цёзка рускага першадрукара Івана Фёдарава. Знайсці ж гучнае імя пісьменніку дапамагла знакамітая фраза з Шылера: «Маўр зрабіў сваю справу, маўр можа ісці».

* Янка Маўр захапляўся спірытызмам. У яго быў філасофскі склад розуму, і ў спірытызме ён бачыў не містыку, а недаследаваную прыродную з’яву, і спрабаваў зразумець яго механізм. Ладзіў спірытычныя сеансы.

* Пісьменнік добра іграў на скрыпцы.

Алена МАКАРЧЫК,

бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі ДУК «Карэліцкая раённая бібліятэка»

Па матэрыялах адкрытых інтэрнэт-крыніц