Судьба Кореличского льнозавода стала их судьбой. Фёдор Жук и его сын Евгений плечом к плечу и на работе, и дома
У нашым сучасным свеце, насычаным мітуснёй, спешкай, інфармацыяй, крызісамі, ёсць людзі, пра якіх мы заўсёды гаворым з гонарам. Яны працаўнікі, якія жывуць па сумленні, не здзяйсняюць вялікіх подзвігаў, не пакараюць космас, не выводзяць новых формул і лекаў, але гэтыя людзі ўсё жыццё працуюць на карысць роднага краю. Менавіта такім чалавекам з’яўляецца дырэктар ААТ “Карэлічы-Лён” Фёдар Жук. Ён адзін з тых, хто сёлета ўдастоены высокага звання “Чалавек года Гродзеншчыны-2023”. Мужчына прызнаецца, што навіна была прыемнай і нечаканай, і лічыць, што такое ганаровае званне – гэта заслуга ўсяго калектыву.
Фёдар Мікалаевіч нарадзіўся ў вёсцы Загор’е, што на Карэліччыне, у простай сялянскай сям’і. Маці ўсё жыццё працавала ў паляводстве, а бацька быў пастухом. З ранняга дзяцінства дапамагаў па гаспадарцы: працаваў на агародзе, даглядаў жывёлу, прыбіраў у хаце, бо разумеў, што ён адзіны памочнік у бацькоў. Яшчэ падчас вучобы ў школе цікавіўся біялогіяй і хіміяй. Калі атрымаў атэстат, цвёрда быў упэўнены, што сваё жыццё звяжа толькі з вёскай.
– Ніколі не прыцягваў горад: там безупынны рух, людна, а вёска, яна бліжэй да зямлі, тут чыстае паветра, прырода, свабода перамяшчэння, цішыня – хоць і аднастайнае, часам цяжкае, але ціхае, мернае жыццё, – адзначае суразмоўца і працягвае: – Вагаўся падчас выбару спецыяльнасці. Цяжка было вырашыць, што бліжэй: механіка ці агранамія. Як ні неверагодна гучыць, але дапамог зрабіць выбар сон, у якім я ўбачыў вясновы квітнеючы сад. Як у народзе кажуць, “сон у руку”: я стаў студэнтам Горацкай сельгаспадарчай акадэміі, дзе набыў спецыяльнасць аграхіміка. Вучыўся па накіраванні ад калгаса “Чарняхоўскі”, а ў 1993 годзе пачаў сваю працоўную дзейнасць у роднай гаспадарцы. Першым сваім настаўнікам заўсёды лічыў Анатолія Сямёнавіча Палуяна. Вельмі важна, калі побач з маладым спецыялістам – такі граматны прафесіянал справы. Менавіта ён дапамог засвоіць і заўсёды прытрымлівацца такога дэвізу: “Быць і бачыць – і толькі потым прымаць рашэнне”.
Падымаючыся па прыступках кар’ернай лесвіцы, Фёдар Мікалаевіч працаваў і памочнікам загадчыка ўчастка, і загадчыкам участка, каля пяці гадоў займаў пасаду намесніка старшыні калгаса “Чарняхоўскі”. Быў у жыцці і такі перыяд, што працаваў кіраўніком гаспадаркі ў Стаўбцоўскім раёне, але родная Карэліччына не адпусціла. У 2010 годзе прыйшоў на ААТ “Карэлічы-Лён”, быў аграномам, потым намеснікам дырэктара, а пасля дзесяці гадоў працы на прадпрыемстве ўзначаліў яго. Сёння льнозавод – знакавая вытворчасць не толькі для раёна, але і для Гродзеншчыны, і ўвогуле для рэспублікі.
– За першы квартал бягучага года нам удалося выканаць 40% гадавога дзяржзаказу па пастаўках доўгага льновалакна і 37% кароткага. Аб’ём экспарту валакна склаў 166% да аналагічнага перыяду мінулага года, – дзеліцца дырэктар прадпрыемства. – Нічога звыш не робім, мы адказна працуем. Тое, чаго ўдалося дасягнуць нашаму прадпрыемству за апошні час, гэта вынік працы ўсяго калектыву. Вельмі важна, калі чалавек атрымлівае не толькі матэрыяльнае, але і маральнае задавальненне ад таго, чым займаецца. У цяперашні час першачарговая наша задача – захаваць пазіцыі, і мы шмат робім для гэтага. Чалавек заўсёды павінен быць забяспечаны працай, а для гэтага неабходна сыравіна.
– Фёдар Мікалаевіч, ці знаходзіце Вы падтрымку ва ўсіх сваіх пачынаннях у сям’і?
– Так, мой дом – мая крэпасць. Год нараджэння сям’і, як і першы год працы, супадаюць – 1993. Абранніцай стала сціплая Таццяна, настаўніца пачатковых класаў. Родам яна з г.п. Мір. Пазнаёміліся ў сябра на вяселлі. Вельмі ж прыгожа яна спявала. Гэты крок лічу адным з самых удалых у жыцці. Яна і надзея, і падтрымка ва ўсіх пачынаннях. Мы выгадавалі цудоўнага сына Яўгенія, які пайшоў па маіх стапах і вывучыўся на агранома. Цяпер працуе побач са мной, на льнозаводзе.
– Пакуль тата аглядаў палі, я наведваў “жывыя ўрокі”, – сцвярджае сын Яўгеній. – Гэта такі прыём, калі любоў да працы на зямлі і павага да людзей выхоўваюць з дзяцінства. Дзякуючы яму, я абраў напрамак агранаміі. У 2012 годзе перада мной стаяў багаты выбар устаноў адукацыі па гэтым профілі, але мне хацелася скончыць менавіта тую, у якой вучыўся бацька. Я стаў студэнтам Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі. Вучыцца было цікава. Сваю працоўную дзейнасць пачынаў у Пухавіцкім раёне Брэсцкай вобласці ў ААТ “Жураўлінае”. Гэта адна з лепшых гаспадарак вобласці. Мне хацелася набрацца вопыту, працаваў аграномам-садаводам. Пасля адпрацоўкі вырашыў вярнуцца на радзіму. З 2019 года працую аграномам на ААТ “Карэлічы-Лён”. Спачатку было страшна, таму што лён — гэта не яблык, асаблівага падыходу патрабуе. Але, дзякуючы парадам бацькі, яго намесніка Андрэя Комара, асабістым намаганням, у мяне ўсё атрымліваецца. Для мяне Фёдар Мікалаевіч не проста дырэктар і бацька, а сапраўдны сябар, які заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу, даць слушную параду і падзяліцца сваім вопытам.
Бацька і сын, як васілёк і рамонак, уплятаюцца ў яркі вянок, адчуваючы ўпэўненае плячо адзін аднаго, яны разам займаюцца адной справай і іх аб’ядноўвае адно – любоў да свайго, роднага, любоў да зямлі.
Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара