У Карэлічах адбыўся сход для непаўналетніх, з якімі праводзіцца індывідуальная і прафілактычная работа

У Карэліцкім маладзёжным цэнтры культуры адбыўся сход для непаўналетніх, з якімі праводзіцца індывідуальная і прафілактычная работа, і падлеткамі, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.

Каардынатар сходу – намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Вольга Базар. Асноўным відам правапарушэнняў, якія здзяйсняюцца непаўналетнімі ў нашым раёне,  з’яўляецца распіццё спіртных напояў і знаходжанне ў п’яным выглядзе ў грамадскіх месцах. За гэта прадугледжана адміністратыўная адказнасць, якая надыходзіць з шаснаццацігадовага ўзросту. У выпадку, калі ў п’яным выглядзе затрымліваецца падлетак, які не дасягнуў гэтага ўзросту, то да адміністратыўнай адказнасці прыцягваюцца бацькі. Сума штрафа – да 10 базавых велічынь. Непаўналетнія атрымлiваюць папярэджанне.

Калі юнакі і дзяўчаты  не робяць правільнай высновы пасля першага правапарушэння і далей ідуць па шляху “для мяне закон не пісаны”, то мяккага пакарання камісіі па справах непаўналетніх у выглядзе папярэджання ім ужо чакаць не давядзецца. Далейшы  лёс будзе вырашаць суд, а гэта –  накіраванне такіх непаўналетніх у спецыяльныя ўстановы закрытага тыпу. Падобнае рашэнне прымаецца камісіяй таксама пры здзяйсненні  злачынства непаўналетнімі, якія  не дасягнулі  ўзросту   крымінальнай адказнасці, і нават,  калі раней імі не здзяйсняліся супрацьпраўныя ўчынкі.

Старшы оперупаўнаважаны групы па наркакантролі і гандлі людзей Карэліцкага РАУС Дзмітрый Ліцкевіч засяродзіў увагу на праблеме прафілактыкі злачынстваў супраць палавой недатыкальнасці непаўналетніх.

Аб праблемах п’янства, наркаманіі і курэння вельмі змястоўна расказала валеолаг УАЗ “Карэліцкая ЦРБ” Святлана Санцэвіч.

На яркіх прыкладах з жыцця сутнасць стыхій – вады і агню – у сваім выступленні раскрыў начальнік Карэліцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Дзяніс Стадольнік.

Не меншую цікавасць выклікалі ў непаўналетніх і іх законных прадстаўнікоў і пытанні аздараўлення, занятасці, працаўладкавання, адпачынку. Пра гэта паведамілі метадыст сектара аховы дзяцінства ўпраўлення адукацыі Юлія Шэўка, намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне – начальнік аддзела дзяржаўнай службы занятасці насельніцтва Карэліцкага райвыканкама Наталля Гоцка, першы сакратар РК ГА “БРСМ” Аксіння Ждан, дырэктар ДУ “Карэліцкі раённы Цэнтр культуры і народнай творчасці” Наталля Гароднік.

Хочацца спадзявацца, што прысутныя сур’ёзна паставіліся да інфармацыі, паверылі, што свет поўны цудоўных фарбаў: вучоба, заняткі спортам, удзел у конкурсах, акцыях і многае іншае, а гэта ўжо палова поспеху да дасягнення пастаўленых мэтаў.

Даведачна:

За 4 месяцы 2023 года ў параўнанні з аналагічным перыядам 2022 года намеціўся рост супрацьпраўных дзеянняў непаўналетніх.

Узбуджана крымінальная справа па прыкметах злачынства, прадугледжанага ч. 3 арт. 339 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (хуліганства) у дачыненні да падлетка. На працягу мінулага года непаўналетнімі злачынствы не здзяйсняліся.

Дзевяць непаўналетніх (тры падлеткі за аналагічны перыяд 2022 года) здзейснілі 12 (5) адміністратыўных правапарушэнняў, з іх чатыры правапарушэнні –  4 навучэнцы УА “Мірскі дзяржаўны каледж”,  восем правапарушэнняў  – 5 навучэнцаў  УА ”Навагрудскі дзяржаўны каледж”. З названага ліку правапарушэнняў – 10 (5) правапарушэнняў за распіццё спіртных напояў альбо з’яўленне ў грамадскім месцы ў стане алкагольнага ап’янення, адно – дробнае хуліганства, адно – распаўсюджванне парнаграфічных матэрыялаў. За невыкананне абавязкаў па выхаванні дзяцей, якія ўчынілі супрацьпраўныя дзеянні і не дасягнуўшых узросту адказнасці, на працягу 2023 года на пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх разгледжана 4 (5) бацькоў, 2 (3) –  за невыкананне абавязкаў па суправаджэнні дзяцей да 16 гадоў у начны час. 

Кацярына КУКАНАВА

Фота аўтара