Выпускніца ДУА “Сярэдняя школа № 1 г.п. Карэлічы” Лізавета Шавейка ўзнагароджана прэміяй імя Ігната Дамейкі
“Дзяцінства – гэта шчаслівая, бесклапотная пара, час, калі можна радавацца кожнаму дню, марыць пра будучыню, ведаючы, што цябе любяць і твае праблемы вырашаюць клапатлівыя дарослыя. Менавіта ў дзяцінстве закладваюцца ўсе самыя важныя веды і ўменні, раскрываюцца таленты, гэты час – пачатак вялікага жыццёвага шляху – нельга недаацэньваць”, – гэтага пастулату прытрымліваецца адзінаццацікласніца ДУА “Сярэдняя школа № 1 г.п. Карэлічы” Лізавета Шавейка, якая рашэннем раённага выканаўчага камітэта ўзнагароджана прэміяй імя Ігната Дамейкі.
Дзяўчына марыць стаць хімікам і быць патрэбнай людзям. Сёння яна адна з лепшых і актыўных навучэнак школы.
Яе жыццёвы дэвіз – “Усё будзе добра!”, а за плячыма – адзінаццаць гадоў карпатлівай вучобы, штодзённай працы ў спасціжэнні ведаў. Яна дзейная, камунікабельная, з шырокім кругаглядам і вялікім імкненнем да самаадукацыі. Не дзіўна, што паспяхова завяршае навучанне ў школе. Сама дзяўчына расказала:
– З дзяцінства я была актыўнай. Мне заўсёды трэба было чымсьці займацца, тварыць. Ужо з другога класа я наведвала музычную школу, там займалася танцамі. З’яўляюся ўдзельніцай узорна-танцавальнага калектыву “Юнацтва”. У 2019 годзе наша выступленне было адзначана Гран-пры рэспубліканскага фестывалю-конкурсу дзіцячага мастацтва “ІльВяня». Увогуле мы часта выступалі на розных мерапрыемствах і прымалі ўдзел у конкурсах рознага ўзроўню. Актыўная творчая дзейнасць дапамагла стаць больш упэўненай у сабе. Вялікая роля ў маім станаўленні належыць бацькам, якія заўсёды падтрымлівалі ўсе пачынанні і за што я ім бязмежна ўдзячная. І да добрай вучобы мяне таксама падштурхнула сям’я. Назіраючы за сваёй старэйшай сястрой, мне хацелася стаць такой жа, як яна, эрудыраванай. А яшчэ мне таксама хацелася ўдзельнічаць у конкурсах, алімпіядах, выступаць на розных навуковых і даследчых канферэнцыях. І думаю, у мяне гэта атрымалася. Зараз я на фінішнай прамой. Вельмі спадзяюся, што ў мяне атрымаецца не проста паступіць у абраную вну, але і знайсці асабістае шчасце.
Лізавета ўмее падтрымаць аднакласнікаў, праявіць ініцыятыву, дамагчыся намечаных вынікаў. Ёй цікавыя новыя веды, дзякуючы ім яна паспяхова рэалізавала сябе ў творчай і даследчай дзейнасці. Яна не раз станавілася прызёрам школьнага і раённага этапаў рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах “Беларуская мова”, “Беларуская літаратура”, “Хімія”, была і пераможцам ІX адкрытай абласной навукова- практычнай канферэнцыі “Край Гарадзенскі”. Нягледзячы на свае поспехі і перамогі, ніколі не імкнецца вылучыцца сярод іншых, яна вельмі добры, тактоўны, сціплы чалавек.
Перамогі і дасягненні маладога пакалення – гэта тое, што выклікае пачуццё гонару і сапраўды пацвярджае, што наша зямля багатая талентамі. У краіне надаецца нямала ўвагі падтрымцы моладзі, стварэнню неабходных умоў для самарэалізацыі юных талентаў у розных сферах. Імкнуцца і праяўляць настойлівасць павінен кожны. Тады і поспех не прымусіць сябе доўга чакаць.
Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара