Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання Аляксандр Сонгін правёў прыём грамадзян і “прамую лінію” у Карэліцкім райвыканкаме

19 чэрвеня дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандр Сонгін сумесна са старшынёй раённага Савета дэпутатаў Аляксандрам Шкадавым і намеснікам старшыні Карэліцкага райвыканкама Аляксандрам Былічам сустрэліся з жыхарамі аграгарадка Краснае Красненскага сельвыканкама.

Сустрэчы з жыхарамі па месцы жыхарства – адзін з эфектыўных спосабаў працы з насельніцтвам. Для людзей – гэта магчымасць напрамую звярнуцца да дэпутата па кансультацыю, за рашэннем праблем, якія ўзніклі. Для дэпутатаў – з першых вуснаў даведацца пра тое, што асабліва хвалюе жыхароў.

Вяскоўцы звярнуліся да парламентарыя з просьбай дапамагчы вырашыць праблему бесперабойнага забеспячэння вадой аграгарадка Краснае, асабліва ў летні перыяд. Падчас сустрэчы з жыхарамі Аляксандр Генрыхавіч адзначыў, што на вырашэнне пытання водазапеспячэння аграгарадка ўжо выдаткаваны грашовыя сродкі і праблема будзе вырашана.

Каментарый зрабіў намеснік старшыні Карэліцкага райвыканкама Аляксандр Быліч:

– Ужо да канца чэрвеня будзе вызначаны падрадчык і пачнуцца работы. Для бесперабойнага водазапеспячэння будзе прабурана свідравіна і да канца 2023 года праблема будзе канчаткова вырашана.

Падчас сустрэчы жыхароў таксама хвалявалі пытанні, якія тычыліся сферы аховы здароўя, стану дарог, работы сферы паслуг.

На ўсе пытанні былі дадзены кампетэнтныя тлумачэнні. Самыя складаныя звароты ўзяты на кантроль.

Кацярына КУКАНАВА

Фота аўтара