Главный экономист КСУП «Малюшичи» Анна Гурин считает, что успешная экономика — это залог процветания и стабильности страны

Эканаміст – гэта свайго роду «фінансавы доктар», які ведае ўсе моцныя і слабыя бакі арганізацыі і прымае рашэнне па правільнай расстаноўцы прыярытэтаў і мэт. Без перабольшвання можна сказаць, што ў КСУП “Малюшычы” такім спецыялістам з’яўляецца галоўны эканаміст Ганна Гурын, у гутарцы з якой ярка праявіліся яе высокі прафесіяналізм і вялікая адказнасць за вынікі фінансава-гаспадарчай дзейнасці сельгаспрадпрыемства.

– Да прафесіі эканаміста ў глыбіні душы ішла, напэўна, са школьных гадоў, – дзеліцца Ганна Вацлаваўна. – Гуманітарныя прадметы былі не па душы, а вось матэматыка, алгебра вельмі падабаліся, любіла рабіць розныя разлікі. Праз гады мары трэба было ажыццявіцца.

Адразу пасля школы пайшла вучыцца ў Навагрудскі сельскагаспадарчы тэхнікум па спецыяльнасці “Агранамія”. Там пазнаёмілася з будучым мужам Валерыем, ажаніліся, і ў 1988 годзе пасля вучобы прыехалі і ўладкаваліся на працу на радзіме мужа ў в. Баранавічы. Спачатку працавала бухгалтарам, потым была эканамістам і вось ужо больш як чатырнаццаць гадоў на пасадзе галоўнага эканаміста сельгаспрадпрыемства.

– Ганна Вацлаваўна, у чым асаблівасці Вашай прафесіі?

– Эканаміст – прафесія, якая мае шматбаковы накірунак. У яго абавязкі, як правіла, уваходзіць распрацоўка бізнес-плана, заработнай платы, штомесячнае падвядзенне вынікаў і аналіз гаспадарчай дзейнасці, кантроль за налічэннем заработнай платы, за выкананнем вытворчых паказчыкаў і інш.

– З якімі цяжкасцямі Вы сутыкаліся ў пачатку прафесійнага шляху?

– Пачынаць працоўную дзейнасць было цяжка, але побач былі добрыя настаўнікі і вопытныя калегі Зінаіда Пятроўна Мазала і Тамара Анатольеўна Сяўлюк, якія давалі парады і ўсё тлумачылі, за што я бязмежна ўдзячна ім. Таго, што дае ўстанова адукацыі, няхай гэта будзе ўніверсітэт ці каледж, недастаткова, таму што больш канкрэтныя рэчы даведваешся ўжо на месцы, бо ўсюды свая спецыфіка. Калі толькі пачынаеш працаваць эканамістам, якім бы адукаваным ні быў, табе абавязкова патрэбен настаўнік.

– Якімі якасцямі неабходна валодаць, каб стаць эканамістам?

– Каб дасягнуць высокіх вынікаў на прафесійным узроўні, неабходны аналітычны склад розуму, уменне аналізаваць вялікі аб’ём інфармацыі, уважлівасць, арганізатарскія здольнасці і камунікабельнасць. Эканаміст выконвае ролю пасярэдніка паміж адміністрацыяй і калектывам. Акрамя гэтага, неабходна заўсёды быць у курсе змен у заканадаўстве, а гэта значыць трэба пастаянна ўдасканальваць свае прафесійныя веды і навыкі.

– Хутка Ваша прафесійнае свята. Ад работы людзей гэтай сферы дзейнасці залежыць фінансавая стабільнасть прадпрыемстваў, рэгіёнаў і ўсёй краіны. Ганна Вацлаваўна, што б Вы пажадалі калегам?

– Паспяховая эканоміка – гэта залог росквіту і стабільнасці краіны. За высокімі эканамічнымі паказчыкамі стаяць прафесіяналы сваёй справы, людзі, якія ставяцца з душой да сваёй непасрэднай работы. Хацелася б пажадаць калегам далейшых поспехаў у працы, міру і шчасця.

Безумоўна, прафесію “эканаміст” не назавеш лёгкай. Але ўсе цяжкасці ні па чым, калі ў цябе ёсць тыя, дзеля каго жывеш на гэтым свеце. Жанчына вырасціла сына Паўла і дачку Вольгу, мае пяць унукаў, якія з вялікім задавальненнем прыязджаюць да бабулі. Адпачыць ад бясконцых лічбаў і падлікаў дапамагаюць яшчэ і кветкі, якія радуюць вока не толькі дома, але і на рабоце.

Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара