У Карэлічах праведзены конкурс навукова-даследчых работ па гісторыі Беларусі «Па шляху міру і стварэння. Карэліччына ХХІ стагоддзя»
У чытальнай зале Карэліцкай раённай бібліятэкі сабраліся ўдзельнікі конкурсу навукова-даследчых работ па гісторыі Беларусі «Па шляху міру і стварэння. Карэліччына ХХІ стагоддзя» і вынеслі іх на суд кампетэнтнага журы, у склад якога ўвайшлі прадстаўнікі адукацыі, музеяў, бібліятэкі, СМІ. Ініцыятарамі правядзення конкурсу з’яўляюцца аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта і ўстанова культуры «Карэліцкі раённы краязнаўчы музей».
Яго мэты — падтрымка навукова-даследчай дзейнасці школьнікаў і навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй і сярэдняй спецыяльнай адукацыі раёна ў галіне айчыннай гісторыі; павышэнне іх цікавасці да гісторыі роднага краю; умацаванне грамадзянскай пазіцыі моладзі; стымуляванне навукова-даследчай актыўнасці навучэнцаў устаноў адукацыі.
Прыярытэтная тэматыка — «Гісторыя майго населенага пункта» (сельгаскааператывы, прамысловыя прадпрыемствы, медыцына, культура, адукацыя, спорт) і «Знакамітыя землякі краю» (людзі ХХІ стагоддзя).
Вызначаны пераможцы конкурсу. Дыпломам першай ступені адзначаны дзве навукова-даследчыя работы: «Постаць слаўная краю майго» пра былога старшыню СВК «Свіцязянка-2003» Уладзіміра Галавача (аўтар Кацярына Бушэйка з ДУА «Райцаўская сярэдняя школа», кіраўнік Святлана Варава) і «Путь к мечте» пра беларускага баксёра Аляксея Алфёрава (аўтар Арына Трусевіч з ДУА «Сярэдняя школа № 1 г.п. Карэлічы», кіраўнік Марына Макар).
За навукова-даследчую работу «Па старонках школьнага жыцця» (аўтар Ксенія Серая з ДУА «Цырынская сярэдняя школа», кіраўнік Людміла Шайбак) прысуджаны Дыплом другой ступені, а за работу «История форм хозяйствования в агрогородке Оюцевичи» (аўтар Паліна Нарбутовіч з ДУА «Аюцавіцкая базавая школа», кіраўнік Юрый Шушкевіч) — Дыплом трэцяй ступені.
Падзяка аб’яўлена за навукова-даследчую работу «Яе настаўніцкае шчасце» пра былога намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце Карэліцкай СШ Галіну Калтунову (аўтар Софія Васько з сярэдняй школы № 1 г.п. Карэлічы, кіраўнік Алена Васько).
Член журы, навуковы супрацоўнік установы культуры «Карэліцкі раённы краязнаўчы музей» Марыя Беленава са станоўчага боку адзначыла навукова-даследчыя работы вучняў школ раёна: «Яны ўбачылі людзей, якія праслаўлялі і праслаўляюць Карэліччыну ў розных накірунках, ад сельскай гаспадаркі да спорту».
Галіна СМАЛЯНКА
Фота прадастаўлена Карэліцкім раённым краязнаўчым музеем