Ученики Райцевской СШ проводят каникулы с пользой

Лета — самая любімая і доўгачаканая пара для дзяўчынак і хлопчыкаў. Як праводзяць летнія канікулы вучні дзяржаўнай установы адукацыі «Райцаўская сярэдняя школа», журналіст раённай газеты «Полымя» пацікавілася ў кіраўніка аздараўленча-працоўнага лагера «Арыенцір» Тамары Іосіфаўны ЯЎСЕЙ.

— Тамара Іосіфаўна, чым увогуле можна заняцца дзецям падчас летніх канікул?

— Для малодшых школьнікаў лета — выдатны час для адпачынку, а вось для старшакласнікаў гэта час, калі можна сумясціць прыемнае з карысным: і адпачыць, і набыць працоўныя навыкі. Менавіта такім бачаць лета ўдзельнікі аздараўленча-працоўнага лагера «Арыенцір» — вучні Райцаўскай сярэдняй школы.

— Што падразумеваецца пад працоўнай занятасцю?

— Працоўная занятасць з’яўляецца прыярытэтнай формай занятасці моладзі ў вольны ад вучобы час. А паколькі летнія канікулы складаюць значную частку вольнага часу школьнікаў, гэты перыяд спрыяльны для развіцця працоўных навыкаў. Грамадска-карысная праца ва ўмовах аздараўленчых лагераў не толькі служыць асновай для фарміравання прафесійнага арыентавання падлеткаў, падрыхтоўкі іх да самастойнага жыцця, але і спрыяе ўдасканаленню асобасных магчымасцяў школьнікаў, далучэнню іх да культурных каштоўнасцяў, сацыялізацыі.

— Якія накірункі з’яўляюцца асноўнымі ў вашай дзейнасці?

— Вялікую ўвагу ўдзяляем і ўмацаванню здароўя школьнікаў, выхаванню патрыятызму, грамадзянскасці. У план работы ўключаны разнастайныя мерапрыемствы: патрыятычныя, фізкультурна-аздараўленчыя, пазнавальна-гульнявыя, накіраваныя на духоўна-маральнае фарміраванне асобы.

— Які распарадак дня ў аздараўленча-працоўным лагеры?

— Дзень у лагеры пачынаецца з зарадкі ў дзевяць гадзін раніцы. Потым — інфармацыйная лінейка, сняданак і пасля яго прыступаюць да працы. Занятыя яны чатыры гадзіны з нядоўгімі перапынкамі на адпачынак. У 13.30 — абед, а пасля яго — гадзіна адпачынку. З 14.30 да 15.30 — час забаў, які школьнікі таксама праводзяць з карысцю. Яны ўдзельнічаюць у спартыўных мерапрыемствах, конкурсах рознага ўзроўню, гуляюць у настольныя гульні, наведваюць значныя культурныя і гістарычныя мясціны малой радзімы.

— Хто з’яўляецца наведвальнікамі аздараўленча-працоўнага лагера?

— Сёлета ў лагеры «Арыенцір» — 5 чалавек. Яны — працавітыя і старанныя, заняты ў мясцовым сельгаскааператыве, за дзень шмат паспяваюць зрабіць. Выконваюць відавую праполку на палях для таго, каб ужо зараз падрыхтаваць якасны насенны матэрыял. Робяць уборку ў складскіх памяшканнях да прыёму новага ўраджаю.

За час працы лагера мы наведалі аб’екты СВК «Свіцязянка 2003»: механізаваныя майстэрні, склады збожжасховішчаў, МТФ.

— Якія планы будуеце?

— Лагер працягвае працу, і мы плануем наведаць культурна-гістарычныя мясціны, размешчаныя на тэрыторыі мясцовага сельгаскааператыва.

— Што б маглі параіць тым, хто стаіць перад выбарам: ці наведваць аздараўленча-працоўны лагер?

— Лагер працы і адпачынку — вельмі добрая форма занятасці для вучняў. Бацькам не трэба хвалявацца, чым займаюцца дзеці падчас канікул, пакуль яны на працы. У летніку арганізавана трохразовае харчаванне, прадумана забаўляльная праграма. А яшчэ — дзеці атрымаюць заробак.

Галіна СМАЛЯНКА
Фота прадастаўлена ДУА «Райцаўская СШ»