Изучаем историю Кореличчины в велосипедном маршруте «Дорогами памяти народной» (будет дополнено)

Другая сусветная вайна пакінула прыкметны след у гісторыі краін-удзельніц. Паводле апошніх звестак, на беларускіх землях быў забіты кожны трэці. На тэрыторыі Беларусі было спалена і разбурана 11600 населеных пунктаў. У Карэліцкім раёне цалкам спалена 12 вёсак, 32 вёскі і хутары пацярпелі. Помнікі загінулым землякам устаноўлены амаль у кожным населеным пункце Карэліччыны.

Веласіпедны маршрут «Дарогамі памяці народнай» пралягае амаль праз увесь Карэліцкі раён. Для таго, каб праехаць яго ад пачатку і да канца, варта падрыхтавацца да далёкіх веласіпедных пераездаў. Аднак тыя, хто гатовы пераадолець усю адлегласць, не толькі даведаюцца больш пра гісторыю Карэліччыны, але і змогуць палюбавацца прыгожымі краявідамі. Маршрут для зручнасці велатурыстаў разлічаны на два дні. Але калі вы падарожнічаеце на аўтамабілі, то зможаце праехаць яго за дзень.

Адпраўным пунктам стане мемарыяльны комплекс «Зорка» ў райцэнтры, узведзены ў 1972 годзе ў памяць 227 воінаў і партызан, якія загінулі пры вызваленні Карэліччыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, і 1864 жыхароў раёна, якія аддалі жыццё за Радзіму ў Вялікай Айчыннай вайне.

Мемарыял уяўляе сабой прамавугольны ўчастак, абмежаваны з трох бакоў насыпнымі валамі. У цэнтры размешчаны курган, на вяршыні якога ўсталявана зорка і стэла. Уздоўж валоў устаноўлена 19 трохгранных бетонных стэл з імёнамі загінулых.

26 чэрвеня 1941 года Карэлічы былі акупаваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі. У чэрвені 1943-га гітлераўцы абвясцілі ў Стаўбцоўскім, Мірскім, Карэліцкім і іншых раёнах «мабілізацыю» насельніцтва для адпраўкі савецкіх людзей у Германію на катаржныя работы. Тэрмін яўкі ў мясцовыя ўпраўленні быў прызначаны на 18 чэрвеня. Аднак насельніцтва ў нямецкія ўпраўленні не з’явілася дзякуючы добра праведзенай агітацыйнай працы падпольшчыкаў і партызан. Тады пачаліся аблавы…

На тэрыторыі Карэліцкага раёна дзейнічалі падпольныя райкамы КП(б)Б і ЛКСМБ, партызанскія брыгады імя Жукава, “Першамайская”, “Камсамолец”, “25 гадоў БССР”, 1-я Баранавіцкая, 1-я Беларуская кавалерыйская брыгады і асобныя атрады.

У ліпені 1944 года — на завяршальным этапе беларускай наступальнай аперацыі — войскі 1, 2 і 3-га Беларускіх франтоў ва ўпартых баях прынеслі вызваленне Гродзеншчыне.

У ноч на 8 ліпеня 1944 года 283-я стралковая дывізія (камандзір — палкоўнік У. А. Канавалаў) ва ўзаемадзеянні з 269-й стралковай дывізіяй (генерал-маёр А. Ф. Кубасаў) 41-га стралковага корпуса 3-й арміі 2-га Беларускага фронту, фарсіраваўшы з боем раку Сэрвач, ужо ў першай палове дня выбілі фашыстаў з гарадскога пасёлка Карэлічы.

Побач з комплексам размяшчаюцца вайсковыя могілкі, дзе спачываюць 87 воінаў, якія загінулі пры вызваленні Карэліч ад нямецка-фашысцкіх акупантаў або памерлі ад ран у шпіталі, і 6 партызан, якія аддалі жыцці ў баях супраць гітлераўцаў у 1944 г. Сярод пахаваных — воіны 120-й гвардзейскай стралковай дывізіі, якія вызначыліся пры вызваленні Карэліцкага раёна, і Міхаіл Белуш — партызан атрада «Кастрычнік», які 16 чэрвеня 1944 года, пры разгроме варожага гарнізона ў вёсцы Купіск Навагрудскага раёна, сваім целам закрыў амбразуру варожай доўгачасовай агнявой кропкі.

Ад райцэнтра накіроўваемся ў аграгарадок Турэц, які славіцца сваёй знакамітай Свята-Пакроўскай царквою, высокія купалы якой вітаюць усіх праязджаючых па дарозе Мір-Карэлічы. Гэты архітэктурны помнік не закрываўся нават у гады савецкага атэізму. Сёння кожны жадаючы можа наведаць храм і дакрануцца да гісторыі.

Побач з царквою ўстаноўлена скульптура воіна на пастаменце з аўтаматам на грудзях і стэла з выявамі воінаў, партызан і імёнамі 32 землякоў, загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны. Тут пахавана 58 чырвонаармейцаў і 8 партызан. Помнік усталяваны ў 1957 годзе. Усяго тут пахавана 66 чалавек, 10 з якіх засталіся невядомымі. Побач з помнікам — памятны знак у гонар загінулага на Афганскай вайне Георгія Татура, адкрыты ў лютым 2023 г.

Па дарозе Турэц-Ярэмічы зварочваем налева, у напрамку вёскі Лядкі. Менавіта тут з ліпеня 1941 года дзейнічала падпольная камсамольска-маладзёжная група пад кіраўніцтвам А. Ф. Бянецкага, члены якой пазней уліліся ў партызанскі атрад “Камсамолец”. У ноч з 12 на 13 студзеня 1943 года нямецкія карнікі забілі 77 жыхароў вёскі. Цяпер у яе цэнтры знаходзіцца брацкая магіла, дзе пахаваны падпольшчык Уладзімір Малышка, забіты агентамі дэфінзівы ў 1939 годзе, чацвёра савецкіх воінаў, двое партызан і сем мірных жыхароў, якія загінулі падчас Вялікай Айчыннай вайны. Абеліск устаноўлены ў 1964 годзе.

З успамінаў партызан атрада “Камсамолец” А. Мацко і І. Мацко:

«У ноч з 12 на 13 студзеня атрад накіраваўся на аперацыю па знішчэнні тэлефоннай сувязі на тракце Мір-Баранавічы. Мы выканалі задачу. Аднак па дарозе назад на досвітку каля в. Лядкі нас нечакана абстралялі з кулямётаў і аўтаматаў. Пачаўся бой. Як потым стала вядома, у вёсцы “гаспадарылі” каля 200 карнікаў, у тым ліку мірская паліцыя на чале з баранавіцкім гебітскамісарам. Яны здзейснілі крывавую расправу над сем’ямі партызан і мірнымі жыхарамі в. Лядкі. Цяжка забыць страшную карціну, якую мы ўбачылі пасля бою. Расстраляныя з аўтаматаў і кулямётаў старыя і жанчыны, малалетнія дзеці і падлеткі з разбітымі прыкладамі галовамі. Нікога не пашкадавалі фашысты і іх халуі.

Завяршыць сваё жудаснае злачынства да канца ім перашкодзілі партызаны. На дапамогу нашаму атраду, які вёў цяжкі бой, падыйшлі партызаны кавалерыйскага атрада Дзмітрыя Дзенісенкі, якія ў гэтую ноч знаходзіліся ў засадзе каля в. Браносава. Карнікам пагражала поўнае акружэнне. Сабраўшы ўсе сілы, фашысты пайшлі ў наступленне. Падпусціўшы іх на блізкую дыстанцыю, партызаны адкрылі моцны агонь. Упаў паранены ў абедзве нагі гебітскамісар. Фашысты пачалі паспешліва адступаць у накірунку Міра, падбіраючы на хаду забітых і параненых. Аднак з-за моцнага агню партызан параненага гебітскамісара ім не ўдалося вынесці і яго даканаў моцны мароз. У гэтым баі было забіта каля 15 карнікаў, многія атрымалі раненні, былі захоплены значная колькасць зброі і важныя нямецкія дакументы».

З Лядак накіроўваемся ў партызанскую вёску Пагарэлка, дзе ворагі расстралялі 27 мірных жыхароў і спалілі 110 хат. Вясной 1943 года ў ходзе двухтыднёвай карнай аперацыі на тэрыторыі Мірскага раёна вёска была цалкам спалена. У 1968 годзе ў вёсцы Пагарэлка была ўсталявана скульптура воіна і партызанкі ў гонар 109 землякоў, загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны.

Сяргей СТОЛЯР
Фота аўтара