Мария Гончар вспоминает о трагедии в деревне Лядки
Дзеці вайны… Яны сустрэлі гэтую навалу ў розным узросце. Хтосьці зусім малым, нехта быў падлеткам, ці стаяў на парозе юнацтва. Яна скалечыла тысячы дзіцячых лёсаў, адабрала светлае і радаснае дзяцінства. Пакуты, голад і смерць рана зрабілі іх дарослымі, выхаваўшы недзіцячыя сілу духу, смеласць, здольнасць да самаахвяравання, да подзвігу ў імя Радзімы.
Марыя Уладзіміраўна Ганчар з вёскі Быковічы Ярэміцкага сельскага Савета не па чутках ведае пра жудасную трагедыю ў Лядках, бо ўсё давялося бачыць і перажыць.
– Мы жылі з маці ў Лядках. У нашай сям’і было пяцёра дзяцей. Старэйшая сястра на той час была ўжо замужам, жыла ў Першамайскім. А два старэйшыя браты Шура і Валодзя, я і малодшая сястра Ніна жылі з маці, Марыяй Уладзіміраўнай. Калі пачалася вайна, мне было дзесяць гадоў. Бацькі свайго я не памятаю, маці казала, што ён упаў з гарышча і забіўся, калі будавалі свіронак.
Ішоў 1941 год. Карнікі ў Лядках з’явіліся, калі пачынала світаць. Гэтую вёску яны асабліва ненавідзелі: менавіта тут з ліпеня 1941 года дзейнічала падпольная група пад кіраўніцтвам А. Ф. Бянецкага, якая пазней улілася ў партызанскі атрад “Камсамолец”. У той дзень да нас прыбегла суседка, пастукала ў акно і сказала, што ў вёсцы поўна паліцаяў і немцаў, а каля хаты яе брата Паўла стаіць абоз. Маці ўзяла збанок малака, сіта і пабегла да брата. У хаце сустрэў немец, які пацікавіўся, хто яна і чаго сюды прыйшла. Потым ён дастаў нейкую вялікую кніжку, спытаў прозвішча і нешта там пазначыў. Загадаў, каб ішла дадому і нікуды з хаты не выходзіла. Вярнуўшыся, маці схавала нас з сястрой пад печчу, а братам загадала па жыце бегчы да родзічаў у вёску Быковічы. Яны так і зрабілі. Адтуль старэйшы Шура падаўся на фронт, а Валодзя пайшоў у партызаны. Быў у брыгадзе падрыўнікоў у Стоўбцах.
У гэты дзень да нас у хату ніхто не прыходзіў, але ў вёсцы былі чуваць стрэлы, плач дзяцей і галашэнні жанчын, а яшчэ дзікі брэх і скавытанне сабак. Нашаму суседу Васілю зусім не пашчасціла. Паліцаі білі яго прыкладамі аўтаматаў і прымушалі паказваць тыя хаты, у якіх жылі сем’і партызан. Калі дайшлі да апошняй, дома Мазюка, яго застрэлілі.
На наступны дзень вяскоўцы пайшлі па тых хатах, дзе пабывалі ворагі. Іх агортваў жах ад таго, што давялося бачыць: усё было ў крыві і ў кожнай – забітыя людзі. Іх целы збіралі ў вялікія скрыні і так хавалі. Потым зноў з’явіліся ворагі, але цяпер яны рабавалі і палілі хаты. Гарэла ў гэты дзень не толькі наша вёска, а яшчэ і Пагарэлка, і Новае Сяло. Нам, дзецям, было вельмі страшна. Мы хацелі з Лядак уцячы ў Першамайскі, але паліцай нас перапыніў і загадаў ісці ў Чубрыкаў склеп, гэтыя людзі жылі ад нас праз тры хаты.
А аднойчы ноччу наведаліся партызаны і нас на вазах вывезлі ў Налібоцкую пушчу. Там мы жылі некаторы час. З партызанскага атрада нам прывозілі хлеб, самі збіралі ягады, грыбы. Так і харчаваліся. А вось калі немцы ішлі па пушчы з сабакамі, нас партызаны пераправілі за балота, і там мы былі пяць дзён без яды, там нічога не было.
Увогуле падчас вайны праца была цяжкая, жылі вельмі бедна, елі крапіву, лебяду і трохі хлеба. Хатнія справы былі на плячах дзяцей, якія вялі гаспадарку, кармілі жывёл, палівалі і палолі агарод. Вучыцца ў школе я не магла, толькі ўжо пасля вайны скончыла два класы. Не хапала адзення і абутку. Маці, як магла, цягнула нас адна, а потым, пасля вайны, хварэла і хутка памерла.
Не радаваліся жыццю і адразу пасля Перамогі. Вельмі цяжка было. Хаты не было, жылі ў хлеўчыку, спалі на сухім пырніку, толькі потым нам далі хату.
У 1957 годзе выйшла замуж у вёску Быковічы, нарадзіла двух сыноў, працавала свінаркай, даіла кароў. Заўсёды вучыла сваіх дзяцей быць сумленнымі і шанаваць мір.
— Успамінаць пра вайну цяжка, але забыць пра гэта немагчыма таму, што гэта наша жыццё. Мір парушыць вельмі лёгка. Важна, каб гэтую ісціну разумела маладое пакаленне, – робіць наказ Марыя Уладзіміраўна.
Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара, з архіва «Полымя» і адкрытых інтэрнэт-крыніц