Выхаванцы прышкольнага лагера «Верасок» пабывалі на фабрыцы «Камунарка»

Як робяць смачныя цукеркі, якія яшчэ з часоў СССР лічацца эталонам якасці, даведаліся выхаванцы прышкольнага лагера «Верасок», які працуе на базе ДУА “Лукская СШ”, пабываўшы на самай салодкай фабрыцы горада  Мінска — «Камунарка». Нават калі прыехаць на фабрыку з завязанымі вачамі, нюх беспамылкова падкажа, дзе ты: у паветры, распаўсюджваючыся на некалькі дзясяткаў метраў вакол, лунае ні з чым непараўнальны водар расплаўленага шакаладу.

На фабрыцы нас сустрэў экскурсавод, завёў у вялікую залу. Спачатку рабятам расказалі пра сам працэс вытворчасці, пра асноўныя складнікі шакаладу і цукерак: какава збожжа, какава парашок, какава алей і гатовы какава шакалад. Затым паказалі саму вытворчасць. На фабрыцы падтрымліваецца вельмі высокі ўзровень чысціні і парадку, таму нам прапанавалі апрануць  аднаразовыя шапачкі і халаты. Накіроўваемся назіраць за вытворчасцю цукерак і, вядома, спрабаваць свежапрыгатаваныя прысмакі.  Пагадзіцеся, нават калі вы зусім не “шакаладацукерказалежны” чалавек, часам жадаеце паласавацца цукеркай. А паласавацца  проста з канвеера — удвая прыемна. І ўсе былі ў поўным захапленні!

Прыемным момантам стала дэгустацыя новых цукерак. Так -так! Тых, якія толькі-толькі запусцілі ў вытворчасць!

Экскурсія стала чароўным і займальным падарожжам у цукерачны свет,  які нікога не пакінуў абыякавым. Кожнае дзіця атрымала памятны падарунак ад любімай “Камунаркі”!

Выхавальнікі: Тананка Таццяна Аляксееўна

Штыцько Галіна Віктараўна