Пракурор Карэліцкага раёна Віктар Аўдакушын: «На Карэліччыне пры расследаванні крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа ўстаноўлены новыя факты»
У Карэліцкім раёне пры расследаванні крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны ўстаноўлены новыя факты, новыя падрабязнасці, імёны новых ахвяр. Пра гэта паведаміў пракурор Карэліцкага раёна Віктар Аўдакушын.
СКАЗАНА
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр ЛУКАШЭНКА:— Выкрышталізоўваецца шэраг прапаноў па больш сур’ёзным не проста разглядзе нашым грамадствам фактаў генацыду беларускага народа ў Вялікую Айчынную вайну. Але і прапагандзе гэтага пытання, асабліва сярод моладзі. Каб моладзь ведала, што было. Для чаго? Для таго, каб такога больш не адбылося.
Падчас сустрэчы з генеральным пракурорам Андрэем Шведам, 17 ліпеня 2023 года.
Пракурорска-следчай групай Карэліцкага раёна з красавіка 2021 года праведзена 163 агляды, дапытана 37 чалавек у якасці пацярпелых, сведак, законных прадстаўнікоў па фактах прымусовых работ у Германіі асоб, якія ўтрымліваліся ў канцлагерах, а таксама больш за 200 чалавек па фактах спальвання вёсак раёна і расстрэлу мірных жыхароў. Вывучаны і прааналізаваны больш за 100 архіўных крымінальных спраў аб здзяйсненні памагатымі фашысцкага рэжыму злачынстваў у дачыненні да мірнага насельніцтва.
Да пачатку расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе нашага народа, гэта значыць яшчэ два гады таму, нам было вядома толькі пра два яўрэйскія гета, якія існавалі ў Карэліцкім раёне, — у Карэлічах і Міры. Аднак карпатлівая праца з дакументамі і сведкамі дапамагла ўстанавіць, што такіх гета было 4, два з якіх існавалі ў Ярэмічах. Калі слухаеш сведак, якія бачылі пакуты ахвяр фашысцкіх катаў, кроў стыне ў жылах. Толькі бяздушныя нелюдзі маглі заганяць аслабелых ад цяжкай працы, хвароб і недаядання людзей у ледзяную ваду Нёмана і трымаць там да знямогі. Калі людзі замярзалі і валіліся з ног, іх тут жа расстрэльвалі. Увосень 1941 года ўсіх яўрэяў з Ярэміч расстралялі з кулямётаў і закапалі ў адной вялікай яме. Людзі расказвалі, што гэтая яма дыхала яшчэ некалькі дзён.
Дагэтуль жывуць у агр. Лукі сведкі, якія памятаюць, як у 1943 годзе за вёскай расстралялі некалькі яўрэяў, сярод якіх было дзіця. Ніколі не забыцца жыхарцы в. Пясочная, як у адным з дамоў расстралялі адразу некалькі партызанскіх сем’яў. Колькі гора і слёз, колькі скалечаных лёсаў прынесла з сабой тая страшная вайна.
Безумоўна, мае рацыю Кіраўнік дзяржавы, калі кажа, што гэтую праўду трэба распавядаць моладзі. Так, гэтая праўда жорсткая, але гэта НАША гісторыя, гэта пакуты НАШАГА народа. І ўсе мы, прадстаўнікі старэйшага пакалення, будзем яе несці, як неслі ўсю вайну нашы прадзеды пераможны чырвоны сцяг.
Знакавай падзеяй 17 ліпеня бягучага года стала падпісанне Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам Закона «Аб змяненні Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь». Дакумент накіраваны на забеспячэнне непазбежнасці адказнасці за генацыд, іншыя цяжкія злачынствы і аднаўленне гістарычнай справядлівасці.
Законам прадугледжваецца недапушчальнасць адмовы ва ўзбуджэнні крымінальнай справы і спынення вядзення па справе ў адносінах да памерлых асоб, якія ўчынілі не маючыя тэрміну даўнасці злачынствы супраць міру і бяспекі чалавецтва, уключаючы генацыд, а таксама ваенныя злачынствы.
Прадстаўнікамі названых асоб змогуць выступаць іх блізкія сваякі. Пры гэтым адмова такіх сваякоў ад удзелу ў працэсе не будзе з’яўляцца перашкодай для расследавання справы і судовага разбору.
Пры даказанасці віны памерлай асобы прадугледжваецца вынясенне адносна яе абвінаваўчага прыгавору без назначэння пакарання.
Іна ЛЕЙКА
Фота аўтара