В Кореличском районе дети отдыхают в палаточных лагерях

Адпачынак на прыродзе — мара многіх. Калі ж праходзіць з карысцю і ў акружэнні аднадумцаў-сяброў — удвая прыемна. Калі яшчэ да гэтага дабавіць велапаездкі і знаёмства з родным краем, можна лічыць сябе шчаслівым чалавекам.

Палатачны лагер ваенна-патрыятычнага накірунку «Маладая гвардыя» дзяржаўнай установы адукацыі «Лукская сярэдняя школа» размясціўся на тэрыторыі дзіцячага аздараўленчага лагера «Вясёлка». Яго мэта — ваенна-патрыятычнае выхаванне і аздараўленне дзяцей.

Начальнікам палатачнага лагера з’яўляецца Уладзімір Грэмяка, а выхавальнікамі — Уладзімір Матусевіч і Святлана Богуш. У ім — дзесяць вучняў восьмых і дзявятых класаў школы.

— Заняткі праводзяцца згодна з планам работы, — гавораць выхавальнікі. — За тры дні знаходжання ў лагеры дзеці праехалі на веласіпедах 73 кіламетры і прынялі ўдзел у экскурсійнай паездцы ў Лідскі пагранічны атрад, дзе пазнаёміліся з жыццём і бытам пагранічнікаў, з узбраеннем і баявой тэхнікай, наведалі музей баявой славы часці і прынялі ўдзел у спаборніцтвах у інтэрактыўным ціры. Выдатную стральбу прадэманстравалі Андрэй Жывень і Вадзім Папкоўскі.

У планах — велапаездка на крыніцу жывой і мёртвай вады ў вёску Косічы Навагрудскага раёна, а таксама плануецца прыняць удзел у гульні «Лазертаг» на турбазе «Высокі бераг» Стаўбцоўскага раёна.

Аляксандра ГРАБ:
— Мне тут вельмі падабаецца. Гэта падарожжа на веласіпедзе і зносіны з сябрамі. Я ўжо трэці сезон у палатачным лагеры, і адпачынак на прыродзе дае мне станоўчыя эмоцыі і прыліў энергіі. Змена абстаноўкі адыгрывае сваю ролю — на многія рэчы гляджу па-іншаму.

Іван ШАСТАКОЎ:
— Навокал прыгожыя краявіды, захапляюць навакольны лес і свежае паветра. Цудоўна жыць у палатцы, вечарам разводзіць касцёр і гутарыць з сябрамі, палатачны лагер умацоўвае сяброўства. Калі будзе магчымасць, то зноў прыеду сюды. У нас добрыя і справядлівыя кіраўнікі.

Вадзім ПАПКОЎСКІ:
— Палатачны лагер — гэта вельмі класна. Тут ёсць магчымасць пагуляць у футбол і валейбол, паспаборнічаць ў разборцы і зборцы аўтамата Калашнікава. Мы ездзім на веласіпедах. У сталовай гатуюць смачныя стравы. Праводзяцца вясёлыя дыскатэкі.

Галіна СМАЛЯНКА
Фота Кацярыны КУКАНАВАЙ