Чем удивил День Независимости в Кореличах: показ спецтехники предприятий района, средневековая битва, партизанская деревня
3 ліпеня. З самай раніцы з сонечнымі промнямі на галоўную плошчу гарадскога пасёлка Карэлічы прыйшло вялікае свята. Урачыстасць панавала ўсюды, твары ўдзельнікаў і гасцей свяціліся ўсмешкамі, і хацелася ўсёй душой дакрануцца да гэтых падзей.
ЗАЛАТЫЯ РУКІ МАЙСТРОЎ
Прайсці міма вырабаў майстроў карэліцкай зямлі немагчыма: яны прыцягваюць сваёй каларытнасцю і непаўторнасцю. Майстар народнай творчасці Сяргей Упіравец з вёскі Лядкі паведаміў, што на свята прадаставіў вырабы з дрэва. Гэтай справай займаецца каля дзесяці гадоў, і яму вельмі падабаецца. «Люблю ствараць цуды з дрэва, каб прынесці людзям радасць. Звычайна на вялікія святы пакупнікоў шмат, і гэта радуе, што мая праца патрэбная, і ў іх дамах будуць мае вырабы», — сказаў майстар.
Таццяна Купрас з г.п. Карэлічы — рамеснік з 2007 года. На свята прынесла вырабы з керамікі: сувеніры для карэліччан і гасцей як добры ўспамін пра свята. Майстар прызналася, што ў кожную рэч уклала цяпло сваіх рук, каб яна радавала будучых уладальнікаў. Суразмоўца дадала, што гэтае свята вялікае і значнае для кожнага карэліччаніна, і ёсць магчымасць пабачыць, як развіваецца наш раён, і парадавацца за поспехі сваіх землякоў.
ТЭМАТЫЧНЫЯ ПЛЯЦОЎКІ
«Нашы дасягненні табе, любая краіна!» — пад такой назвай была арганізавана работа тэматычных пляцовак прадпрыемстваў і арганізацый раёна. Кожная з іх адлюстроўвае свае накірункі, а аб’ядноўвае любоў да Радзімы і імкненне зрабіць усё для таго, каб Беларусь квітнела з кожным годам.
Дзяржаўная ўстанова дадатковай адукацыі «Карэліцкі раённы Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі» прадставіла выставу работ «Пескаграфія». Іх аўтар — педагог дадатковай адукацыі Вольга Логіш. «Выставай мы імкнуліся прыцягнуць увагу ўдзельнікаў свята да творчасці малявання пяском, — гаворыць дырэктар Ларыса Карась. — Хацелі звярнуць увагу на гэты нетрадыцыйны метад малявання, і нам гэта ўдалося зрабіць — выстава зацікавіла многіх». Сваю творчасць вырашылі паказаць на свяце і супрацоўнікі аддзялення дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва дзяржаўнай установы адукацыі «Мірская дзіцячая школа мастацтваў» і арганізавалі выставу творчых работ навучэнцаў аддзялення. Сярод іх — кераміка, папье машэ, бацік, роспіс па дрэве, вырабы з саломкі, дэкаратыўная лялька. Настаўнік аддзялення Аляксандра Шапяленка адзначыла, што выстава — дасягненні ўстановы і навучэнцаў.
Накіроўваюся на тэматычную пляцоўку Карэліцкага камбіната бытавога абслугоўвання насельніцтва. Гутарым з ветэранам працы з 47-гадовым працоўным стажам Марыяй Мікалаеўнай Кажына. Мая суразмоўца прызнаецца, што прыйшла на свята, бо любіць Беларусь, Карэлічы, людзей і хоча ведаць пра яе дасягненні. Заўсёды вітае моладзь і спартсменаў, у іх — розум, сіла, будучыня. Марыя Мікалаеўна прадаўжае працаваць у гэтай галіне і ганарыцца тым, што бытавікі раёна дасягаюць высокіх паказчыкаў у працы не толькі ў раёне, але ў вобласці і рэспубліцы. Па словах ветэрана працы, прадукцыя раённых бытавікоў карыстаецца вялікім попытам, і на свята прадставілі вырабы: шторы, спецадзенне, сталовую бялізну, гардзіны. Калегам, карэліччанам, гасцям пажадала, каб свяціла яркае сонца і было мірнае неба, каб усе былі здаровымі, а душы перапаўнялі радасць і гонар за нашу цудоўную краіну, і каб Беларусь квітнела.
«ПАРТЫЗАНСКАЯ ВЁСКА»
У маляўнічым куточку, непадалёк ад стадыёна «Юнацтва», размясцілася лакацыя «Партызанская вёска». Тут яна знайшла сваю прапіску: сёлета на Дзень Перамогі была арганізавана першая рэканструкцыя, а на Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь расшырыла свае межы: штаб партызанскай брыгады, харчовы, медыцынскі, франтавы пункты, палявая лазня, палігон, салдацкая каша, франтавая агітбрыгада. Так і хочацца акунуцца ў той далёкі час, каб у чарговы раз адчуць гераізм нашага народа і ўсіх заклікаць да захавання міру на зямлі.
У «Партызанскай вёсцы» кіпіць жыццё, і я гутару з арганізатарамі. Шчырыя і адкрытыя, яны ахвотна вядуць свой аповед. Медыцынскі пункт арганізавалі работнікі Карэліцкай цэнтральнай раённай бальніцы. Тут шчыруюць сёстры міласэрнасці — аперацыйная медсястра Таццяна Марушка і медсястра фізіятэрапеўтычнага кабінета Святлана Шавейка. Маецца ранены баец — медбрат хірургічнага аддзялення Раман Дзедуль. Тут абсталявана ўсё для ўмоў аказання першай меддапамогі ў гады вайны, медінструменты з тых далёкіх гадоў. Сёстры міласэрнасці выказалі словы прызнання і ўдзячнасці арганізатарам мерапрыемства, што дапамаглі акунуцца ў атмасферу таго часу, і падзякавалі ваенных медыкащ, якія выратавалі шмат жыццяў. «Няхай гэта будзе як успамін аб вайне, як тэатралізацыя тых далёкіх часоў, і каб ніколі мы не паспыталі гэтага на самой справе», — сказалі сённяшнія медыкі.
Накіроўваюся ў «Партызанскую зямлянку», якую падрыхтавалі работнікі адкрытага акцыянернага таварыства «Карэлічы-Лён». Мая суразмоўца — адказная за ідэалагічную работу ў калектыве Наталля Дасько: «Мы прадастаўляем тое месца, дзе жылі партызаны. Нават падчас вайны ім хацелася стварыць утульнасць. Аб доме нагадвалі фотаздымкі родных і блізкіх, а падняць настрой дапамаг гармонік. На стале прадстаўлены прадметы таго часу: керасінавая лямпа, салдацкія кацялкі, пляшкі для вады. У зямлянцы ёсць сапраўдныя экспанаты таго часу з гісторыяй — ваенныя каска і рэмень.» Ідэолаг пераканана, што ўсё-такі добра, што ладзяць такія святы, і мы павінны памятаць пра падзеі ваенных часоў, і вайна не павінна паўтарыцца.
У наваколлі стаіць прыемны пах, накіроўваюся бліжэй. Гэта салдацкая каша. «Прыгатавалі 80 літраў, хопіць усім гасцям», — гаворыць повар КСУП «Малюшычы», жыхарка вёскі Баранавічы Алена Коцік і дадае, што яшчэ спяклі дранікі з мясам, бліны з мачанкай, беляшы, зрабілі маласольныя агуркі, зварылі маладую бульбу і не забыліся прывесці на свята ўласнага прыгатавання хлеб, багеты, булкі. Квас падрыхтавала ідэолаг сельгаспрадпрыемства Святлана Казак, якая, дарэчы, з’яўляецца яшчэ добрым арганізатарам, сабрала маладых спецыялістаў, разам прыехалі на раённае свята з пачастункамі, каб парадаваць гасцей.
Партызанскую паляну падрыхтваў ідэалагічны актыў СВК «Маяк-Заполле». Тут сталовая з ваеннай палаткай, вялікі драўляны стол, калодкі для сядзення, фотазона. Маякоўцы сцвярджалі, што ставілі перад сабой мэту, каб данесці да гасцей свята адгалоскі мінулага, і сённяшняе пакаленне павінна памятаць пра ваенны час і цаніць сённяшняе жыццё і берагчы мір на зямлі. «Нам хочацца, каб людзі не забываліся аб тым, што яны людзі, і ў кожнай складанай сітуацыі працягвалі руку падтрымкі адзін аднаму, каб не былі злоснымі і зайздроснымі. Каб заўжды былі мірнае неба, моцнае здароўе, дабрыня ў кожным сэрцы», — пажадалі актывісты сельгаскааператыва.
«ШЧАСЛІВЫЯ ДЗЕЦІ — ШЧАСЛІВАЯ БЕЛАРУСЬ!»
З нагоды раённага свята для дзяўчынак і хлопчыкаў падрыхтаваны дзіцячы забаўляльны гарадок «Шчаслівыя дзеці — шчаслівая Беларусь!» І не выпадкова: вочы малышоў свецяцца радасцю, задаволены бацькі, бабулі, дзядулі — свята праводзяць усёй сям’ёй.
Бібліятэкар аддзела абслугоўвання і інфармацыі Карэліцкай цэнтральнай раённай бібліятэкі Вікторыя Балашэнка апавядае пра тое, што бібліятэкары прадставілі на свяце дзіцячую пляцоўку, тут маюцца дзве дзіцячыя горкі, арэлі, казачныя шашкі, бяспроігрышная латарэя, аквагрым. Наведвальнікаў шмат: малышы аблюбавалі дзіцячыя пляцоўкі, а старэйшыя дзеці — шашкі і латарэю. Бібліятэкар пераканана, што такія дзіцячыя пляцоўкі патрэбныя для таго, каб дзеці на свяце не былі абдзелены ўвагай і маглі знайсці сабе занятак па душы.
Разам з тым на свяце арганізавалі выставу кніг пад назвай «2023 — Год міру і стварэння». На ёй змешчаны творы пра Беларусь, яе гісторыю, дакументальная хроніка. Па меркаванні Вікторыі Балашэнкі, кожны беларус павінен ведаць пра сваю краіну, і бібліятэкары будуць рады, калі гэтая выстава выклікала інтарэс ва ўдзельнікаў свята, а яшчэ яны чакаюць карэліччан у раённай бібліятэцы, дзе шмат твораў на розную тэматыку, а жыхары райцэнтра змогуць пры іх жаданні папоўніць рады чытачоў.
ГАВОРАЦЬ УДЗЕЛЬНІКІ СВЯТА
Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь сабраў прадстаўнікоў розных арганізацый і ўстаноў раёна, грамадскіх арганізацый, ветэранаў і моладзь, карэліччан і гасцей, якія па-добраму радаваліся святу і сонечнаму летняму дню, вялі са знаёмымі і сябрамі задушэўныя размовы і былі ўдзячныя яго арганізатарам. Сапраўды, карэліччанам ёсць што паказаць і што паглядзець, і ёсць чым ганарыцца.
Вольга ГРЫГАРОВІЧ,
намеснік старшыні СВК «Маяк-Заполле» па ідэалагічнай рабоце:
— На свяце — нашы гандбалісты, якія ўдзельнічаюць у таварысцкай сустрэчы па гандболе. Я захапляюся моладдзю, якая вядзе актыўны лад жыцця. За ініцыятыўнымі і актыўнымі юнакамі і дзяўчатамі — будучае нашай краіны.
Вячаслаў і Галіна КАЛТУНОВЫ,
ветэраны працы, жыхары г.п. Карэлічы:
— Свята ўражвае сваёй прадуманасцю, тэматычнай напоўненасцю, маштабнасцю з прыцягненнем вялікай колькасці ўдзельнікаў. Сэрца напаўняецца радасцю, гледзячы на радасныя твары, а таксама радуе, што прысутнічае шмат вучнёўскай, студэнцкай, працуючай моладзі.
Таццяна ВАРАБЕЙ,
ветэран працы, жыхарка райцэнтра:
— Свята добрае. Такія святы патрэбны, каб людзі маглі сустракацца, весяліцца, абменьвацца думкамі. Каб гучалі песні, каб быў добры настрой, каб сюды мы прыходзілі сем’ямі, са сваім дзецьмі і ўнукамі. А сённяшняе свята я лічу адным з самых галоўных у нашай краіне, якое дазваляе згуртавацца дзеля росквіту нашай краіны і яе будучага.
Ларыса РАПАВЕЦ,
начальнік Карэліцкага сырцэха «Навагрудскія дары» філіяла ААТ «Лідскі малочна-кансервавы камбінат»:
— Абстаноўка дружалюбная і міралюбівая. Гучаць ваенныя песні, якія вяртаюць у тыя далёкія гады. Яркае сонца і ўсмешкі людзей сведчаць пра тое, што мы шчаслівыя, удзячны мірнаму небу, камфортна сябе адчуваем у роднай Беларусі. І няхай гэтае адчуванне шчасця будзе як мага надалей у нашай краіне.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Ларысы ШУГЛІ