Чем удивил праздник льна «Блакітныя вочы», собравший в деревне Барановичи десятки гостей

Свята “Блакітныя вочы”, прысвечанае вырошчванню і выкарыстанню лёну, — адной з самых старажытных і каштоўных раслін у свеце, увекавечанай на дзяржаўным гербе нашай краіны, прайшло ў вёсцы Баранавічы.

Лён — гэта расліна, якая мае мноства карысных уласцівасцяў. З яго робяць тканіну, адзенне, абутак, паперу і многае іншае. У старажытным свеце ён сімвалізаваў чысціню і святло. Так, вярхоўныя жрацы Егіпта мелі права ўваходзіць у храм толькі ў адзенні з ільняных тканін.

На мерапрыемстве расказалі пра гісторыю лёну, пазнаёмілі з традыцыямі і абрадамі, звязанымі з гэтай культурай. Так, напрыклад, ранняй вясной незамужнія дзяўчаты сеялі на агародзе палоску лёну і па яе ўсходах варажылі пра свой лёс. На паласе, узаранай пад лён, сейбіты спачатку падкідвалі ўверх яйкі, мяркуючы, чым вышэй будуць падкінутыя яйкі, тым вышэй вырасце і лён. Затым з’ядалі іх са словамі: «Хай уродзіцца лён такі ж белы, як гэтае яечка», а потым ужо прыступалі да пасеву насення. Шкарлупіны яек павінны былі прывозіцца дадому: там жанчыны таўклі іх і дадавалі патрошку ў корм курам, каб лепш несліся. Калі ж лён сеяла жанчына, то яна распраналася дагала — у разліку, што лён злітуецца над ёй і падумае: “Якая бедная жанчына — у яе нават кашулі няма, трэба ёй дапамагчы”.

Перад прысутнымі выступіў старшыня КСУП “Малюшычы” Міхаіл Валчэцкі, які павіншаваў усіх са святам. Кіраўнік прадпрыемства адзначыў, што для машэвіцкай зямлі лён — родная культура, бо ў нядаўнім мінулым слова «лён» прысутнічала ў назве прадпрыемства.

— Сённяшняе свята навявае вельмі шмат успамінаў, — прызнаўся Міхаіл Міхайлавіч. — Калісьці ў нашай гаспадарцы, якая тады называлася «Машэвічы-Лянок», засявалі 150 га гэтай культуры. Усё гэта апрацоўвалася ўручную, без сельскагаспадарчай тэхнікі. Гэта была вельмі цяжкая праца. Цэлую зіму работнікі гаспадаркі церабілі лён у вялікіх адрынах, дзе атрымлівалі валакно. Цяпер мы прыйшлі да таго, што вырошчваннем лёну займаецца ААТ «Карэлічы-Лён», якому мы штогод вылучаем прыкладна 320 га зямлі. Вельмі правільна, што ёсць свята, прысвечанае гэтай культуры, і я хачу павіншаваць усіх, хто хаця б крыху звязаны з вырошчваннем ільну.

Павіншаваў усіх са святам і старшыня Малюшыцкага сельсавета Віктар Дзірвук:

— Калісьці кіраўніцтва калгаса “Сцяг Перамогі” вырашыла вырошчваць на гэтай зямлі лён і не памылілася. Менавіта тут гэтая культура давала добрыя вынікі, і на перапрацоўку паступаў выдатны машэвіцкі лён. Сёння на гэтым свяце прысутнічаюць ветэраны, якія займаліся ўборкай лёну.

На сцэну падняліся Марыя Антонаўна Галушка, Марыя Уладзіміраўна Кавальчук, Таісія Іванаўна Бондар, Раіса Дзям’янаўна Логін, Ніна Несцераўна Грэцкая, Алена Мікалаеўна Кавальчук.

Госці свята маглі азнаёміцца з прадукцыяй ААТ «Карэлічы-Лён», пакаштаваць ільняны кісель, паласавацца выпечкай КСУП «Малюшычы». На свяце працавалі выставы Карэліцкай раённай бібліятэкі і раённага Дома рамёстваў. Самыя маленькія пагулялі ў народныя гульні і заплялі косы з лёну. Свае музычныя нумары падарылі гасцям народны ансамбль народнай песні “Юрацішкаўскі кірмаш” і народны ансамбль песні “Турэцкі гасцінец”.

Сяргей СТОЛЯР

Фота аўтара