16 ліпеня каля храма святой Варвары агр. Райца адбудзецца сустрэча цудатворнай іконы Божай Маці “Усецарыца”
Цудатворная ікона Божай Маці “Усецарыца”, напісаная ў XVII стагоддзі, захоўваецца ў саборным храме Ватапедскага манастыра на святой гары Афон у Грэцыі. Да яе звяртаюцца ў малітвах аб выздараўленні і ацаленні пры анкалагічных захворваннях. Праваслаўная Царква ўшаноўвае памяць іконы Божай Маці «Усецарыца» ў канцы жніўня.
Так ужо людзі ўладкаваныя, што часцей за ўсё яны звяртаюцца да Бога і ходзяць у царкву толькі тады, калі жыццёвая сітуацыя ўжо зусім здаецца ім невыноснай, і яны не бачаць ніякага выйсця. Найбольш цяжкай праблемай чалавек лічыць з’яўленне хваробы. Менавіта хвароба часцей за ўсе іншыя цяжкасці прыводзіць людзей у царкву і прымушае звярнуцца да Бога. Калі чалавек занядужае сам ці нехта з яго родных, ён задае сабе пытанне: «За што мне такое пакаранне, за якія грахі расплата?» Пры гэтым, чым мацней і больш сур’ёзная хвароба, тым больш людзі адчайваюцца і «галосяць». Усе мы глыбока ў душы дзеці, асабліва, калі дакранаецца да нас сітуацыя страху і бездапаможнасці.
Памятаеце, як у дзяцінстве: калі моцна страшна, паклічам маму, і яна заўсёды дапаможа, сваёй прысутнасцю створыць атмасферу бяспекі і супакою. Гэтая натуральная рэакцыя кожнага чалавека нейкім чынам пераносіцца і на нашае духоўнае жыццё. Зварот да Маці Божай у хвіліну адчаю, цярпення, пакутаў, страху дае пачуццё душэўнага супакою, сілы і надзеі. Яна побач, яна як добрая Маці, ніколі нас не пакіне ў бядзе.
Наведаць Святую Гару Афон, а тым больш дакрануцца да святыні – вялікі гонар. Настаяцель храма святой Варвары з агр. Райца іерэй Аляксей па літасці Божай атрымаў неверагоднай сілы Благадаць і здзейсніў паломніцкую паездку на Афон. Ведаючы, у чыім заступніцтве маюць патрэбу яго прыхаджане, айцец Аляксей меў магчымасць набыць спіс з цудатворнай іконы і прывезці яе на прыход. Упэўнены, што пакуты набліжаюць да Бога, аднак яму хацелася б, каб людзі не чакалі, пакуль «загрыміць гром» у іх жыцці. Для загойвання душэўных ранаў, для падмацавання духоўных сілаў і ацалення цялесных хваробаў, спіс з іконы Божай Маці «Усецарыца» заўжды будзе знаходзіцца ў храме святой вялікапакутніцы Варвары.
Сустрэча святыні адбудзецца 16 ліпеня ў 9.00 каля храма святой Варвары агр. Райца. Будзе адслужана Літургія, малебен і хрэсны ход.
Таіса МУХІНА,
агр. Райца