Какими заботами живет староста деревни Горная Рута Нина Суран

Ёсць людзі, як маякі на жыццёвым шляху. Яны, быццам сонечныя промні, асвятляюць нашу дарогу і робяць усё для таго, каб зрабіць жыццё лепшым, светлым, радасным. З імі надзейна: ніколі не падвядуць і  не пакрыўдзяць. Яны імкнуцца зрабіць гэты свет дабрэйшым — і з’яўляецца жаданне змяніць жыццё да лепшага.

Радзіма

Ніна нарадзілася ў вёсцы Фашчаўка Шклоўскага раёна Магілёўскай вобласці. Пасля заканчэння школы паступіла ў Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут на заатэхнічны факультэт.

Накіравалі на практыку ў калгас імя Чапаева Карэліцкага раёна. На ферме «Дольная Рута» пазнаёмілася з Мікалаем Андрэевічам — будучым абраннікам, а праз два месяцы янысталі мужам і жонкай. Па размеркаванні прыехала  на працу на Карэліччыну.

— Гэты цудоўны край стаў для мяне другой радзімай. Тут жыву пяцьдзясят адзін год і лічу сябе шчаслівай, — гаворыць субяседніца.

Сям’я

Ніна Іванаўна дванаццаць гадоў працавала заатэхнікам-селекцыянерам у калгасах імя Чапаева і «Маяку». З 1 сакавіка 1984 года была абрана сакратаром Паланаеўскага сельскага Савета народных дэпутатаў, а затым аб’яднанага Красненскага сельскага Савета. Дзяржаўнай службе  прысвяціла дваццаць два гады, і адным з накірункаў  дзейнасці была рэгістрацыя шлюбаў і нараджэнняў дзяцей.

Ніна Іванаўна і Мікалай Андрэевіч выхавалі дачку Вольгу і сына Алега, маюць чацвёра ўнукаў. Пры гэтым жанчына адзначае, што сям’я —  аснова ўсяго жыцця, дзеля гэтага жыве і робіць  шчаслівымі родных.

За дваццаць два гады працы зарэгістравала амаль тысячу сем’яў,  дзетак  не злічыць. З мужам пражылі паўстагоддзя разам, летась адзначылі залатое вяселле — і гэта шмат значыць для сям’і.

Зямля

— Вясковаму чалавеку без зямлі няма чаго рабіць, — пераканана Ніна Суран. — З мужам трымалі немалую асабістую гаспадарку: кароў, свіней, курэй, трусоў. З задавальненнем працуем зараз на зямлі: садзім агародніну і вырошчваем бульбу, маюцца кусты парэчак, агрэсту, маліны, ажыны, радуюць клубніцы.

Гаспадыня любіць кветкі, а іх каля трыццаці гатункаў: цюльпаны, ірысы, гладыёлусы, ружы, рамонкі, васількі, званочкі, хрызантэмы і іншыя.  Кветкі даюць жанчыне асалоду і натхненне. Па меркаванні Ніны Іванаўны, яны — прыгажосць і радасць, таму садзіць усюды, дзе толькі ёсць свабодны кавалачак зямлі. Галоўным жа  месцам лічыць  тэрыторыю каля помніка загінулым воінам у гады Вялікай Айчыннай вайны — так  ушаноўвае памяць аб салдатах, і гэта для яе святое.

Стараста вёскі

Ніна Іванаўна Суран з’яўляецца старастай вёскі васямнаццаць гадоў. Яна імкнецца, каб быў наведзены парадак не толькі на зямлі і падворках, але ва ўсёй вёсцы. Стараста вёскі — гэта звязуючае звяно паміж мясцовай уладай і сельскімі жыхарамі. Выконвае даручэнні старшыні Красненскага сельвыканкама і супрацоўнічае з праўленнем мясцовай гаспадаркі, якое аказвае дапамогу ў многіх справах. У першую чаргу ўдзячна старшыні СВК «Маяк-Заполле» Віктару Віктаравічу Маковіку, які падтрымаў рашэнне пакласці плітку каля помніка і ўстанавіць агароджу.Стараста вёскі паведала пра валанцёра Уладзіміра Аляксандравіча Меляняку, ураджэнца Горнай Руты. Зрабіў агароджу да помніка і паклонны крыж па вуліцы Зарэчнай у роднай вёсцы.

— Хацелася б, каб такіх людзей было больш, — выказала  пажаданне жанчына і дадала, што яна пасадзіла там кветкі і ўпрыгожыла крыж.

Слова як сябар

Мая субяседніца прызналася, што на працягу шматлікіх гадоў выпісвае раённую газету «Полымя». У ранейшыя гады нават супрацоўнічала з раёнкай — пісала пра падзеі і людзей роднага краю.

— У «Полымі» шмат інфармацыі, і яна падаецца своечасова, — гаворыць Ніна Іванаўна. — Люблю карыстацца сайтам мясцовага выдання.

Па меркаванні падпісчыцы, слова і лечыць, і калечыць, і яно можа ўздзейнічаць на чалавека па-рознаму. Для жанчыны слова было і засталося сябрам. Яшчэ пераканана, што на Карэліччыне жыве і працуе шмат цудоўных людзей, пра якіх трэба расказваць чытачам. Для журналістаў раённай газеты памочнікамі могуць стаць пазаштатныя аўтары, якія ведаюць гэтых людзей і змогуць напісаць  пра землякоў.

Ніна Іванаўна Суран сябруе з інтэрнэтам, для яе — гэта зносіны. Мае больш за 300 сяброў, з якімі абменьваецца думкамі, змяшчае фотаздымкі, піша вершаваныя радкі. Жанчыне гэта падабаецца, як і яе  сябрам у сацыяльных сетках. Вось так слова збліжае людзей.

Галіна СМАЛЯНКА
Фота Кацярыны КУКАНАВАЙ