Кореличчанка Нина Лопатина отметила столетний юбилей

«Жыццё пражыць — не поле перайсці» — народная прымаўка, якая на вуснах многіх. Вось толькі кожнаму прыходзіцца пражыць сваё, не падобнае на іншых. Лёгкае ці складанае, шчаслівае ці незайздроснае, доўгае ці кароткае — яго чалавек шануе і беражэ як можа, шмат працуе, каб на стале былі хлеб і да хлеба, а на схіле гадоў не пашкадаваць аб пражытым.

Ніна Сцяпанаўна Лапаціна нарадзілася ў вёсцы Амневічы Красненскага сельсавета ў простай сялянскай сям’і. Закончыла чатыры класы Гарнаруцкай школы. Затым працавала на бацькоўскай зямлі.
Сустрэла каханага з вёскі Горная Рута, і калі ажаніліся, пераехалі ў Карэлічы. Абраннік жыцця працаваў вадзіцелем у райспажыўтаварыстве, а жанчына — санітаркай туберкулёзнага аддзялення раённай бальніцы. Пасля яго расфарміравання ўладкавалася на працу ў інфекцыйнае аддзяленне, дзе сумленна выконвала абавязкі да выхаду на пенсію.
У сям’і Лапаціных расло двое дзяцей. Дачка Галіна жыла ў горадзе Мінску і працавала медыцынскай сястрой у сталічнай 9-ай клінічнай бальніцы. Сын Пётр ездзіў у далёкія рэйсы. Радуюць унук Дзмітрый і праўнукі Ян і Аляксандра.


1 ліпеня Ніне Сцяпанаўне Лапацінай споўнілася 100 гадоў. Свой юбілей доўгажыхарка сустракае ў акружэнні родных людзей. Дачка Галіна апошнія гады жыве разам з матуляй у родным доме. Яна лічыць, што чалавек у пажылым узросце не павінен быць адзін, яму неабходны падтрымка і дапамога іншых. Як медработнік з вялікім працоўным стажам, можа аказаць матулі патрэбную дапамогу і акружыць яе клопатам і ўвагай.

Галіна СМАЛЯНКА

Фота Сяргея СТОЛЯРА