Многодетная семья Хорошко счастливо живет в благоустроенном коттедже, который выделен СПК «Маяк-Заполье»
Сям’я, у якой заўсёды пануюць лад, паразуменне і падтрымка, зусім не з’яўляецца выдумкай пісьменнікаў і кінарэжысёраў, якія распавядаюць нам пра гэта ў кнігах і з тэлеэкранаў. У нашай краіне сям’я – нацыянальнае багацце, якое дзяржава імкнецца ўсяляк прымножыць. Гнуткая сістэма дапамог, субсідыі на жыллё, працоўныя гарантыі – усё гэта нядрэнны падмурак для моцнай і вялікай сям’і.
Гадаваць адно дзіця – вялікая радасць. Калі ў сям’і адразу шмат дзяцей – гэта ўжо вялікі дар і, разам з тым, вялізная праца. Бацькі ў адказе за кожнага з іх – яны выхоўваюць маленькіх грамадзян роднай Беларусі, будучыню сваёй краіны.
На шматдзетных глядзяць па-рознаму: адны — з захапленнем, іншыя — з кропляй зайздрасці, трэція — з прадузятасцю, але такія сем’і нікога не пакідаюць абыякавым.
Завіталі ў шматдзетную сям’ю Андрэя і Вольгі Харошка, якія жывуць у вёсцы Паланая Красненскага сельскага Савета і выхоўваюць у атмасферы любові, узаемаразумення і падтрымкі чацвярых дзяцей.
Маладыя гаспадары родам з Карэліч. Сустрэўшыся аднойчы, яны вырашылі стварыць сям’ю, цяпер сужэнцы жывуць і шчыруюць у СВК “Маяк-Заполле”. Вольга Сяргееўна – галоўны эканаміст, а Андрэй Віктаравіч – інжынер сельгаспрадпрыемства. У іх сям’і растуць і выхоўваюцца дванаццацігадовы Арцём, дзесяцігадовы Максім, шасцігадовая Ксенія і чатырохгадовая Настачка. Сям’я з 2017 года жыве ў прыгожым трохпакаёвым асабняку, які належыць гаспадарцы. А ўвогуле, на думку мужа і жонкі, фінансавая падтрымка шматдзетным у нашай краіне аказваецца каласальная. Харошкі не стамляюцца дзякаваць уладам за дапамогу.
– У раёне ні адна шматдзетная сям’я не абдзелена ўвагай. Кожны год у канцы жніўня аказваецца матэрыяльная дапамога да новага навучальнага года, дзеці ва ўстановах адукацыі харчуюцца бясплатна, маюць ільготы пры карыстанні падручнікамі, ды і на рабоце як шматдзетная маці маю права на дадатковы аплачваемы выхадны дзень, – зазначае Вольга Сяргееўна. – Са з’яўленнем дзяцей мужчына і жанчына перастаюць жыць для сябе. Муж – гэта любоў, падтрымка, паразуменне. Малыя ж дораць радасць мацярынства, пра якую марыць кожная і якая робіць жанчыну па-сапраўднаму шчаслівай.
Шмат дзяцей – гэта шчасце, памножанае ў разы. Нягледзячы на тое, што з нараджэннем новага члена сям’і дадаецца клопатаў, штодзённыя мыццё, уборка, гатаванне, хатняя работа не будуць у цяжар, калі рабіць усё з любоўю.
Вольга лічыць: цеплыня і пяшчота, якую ўкладаеш у дзяцей, вяртаюцца ў разы. Арцём – першы памочнік па гаспадарцы, Максім – аматар спорту, Ксенія – калекцыянер аўтаручак, а маленькая Настачка любіць расказваць вершы і танцаваць.
– Каб дзеці развіваліся, трэба самому рухацца наперад, – працягвае шматдзетная мама. – Быць лакаматывам, за якім рухаецца ўвесь цягнік, і чым больш у гэтага складу “вагончыкаў”, тым хутчэй дасягаецца вызначаная мэта.
Час ад часу сям’я выязджае на прагулкі ў парк. Хай такое адбываюцца нячаста, але заўсёды атрымліваецца весела, радасна, з гульнямі, новымі ўражаннямі і агульнымі ўспамінамі. У сям’і ёсць і свае традыцыі, і любімыя святы – дні нараджэння, Новы год, Вялікдзень. На святочным стале галоўнай стравай становіцца запечаная качка. За агульнай трапезай пачуццё згуртаванасці, яднання і гармоніі яшчэ больш узмацняецца. Вольга і Андрэй упэўнены, што калі дзеці стануць дарослымі і воляю лёсу раз’едуцца, яны заўсёды будуць памятаць і любіць сваіх бацькоў, падтрымліваць адзін аднаго і збірацца пад дахам роднай хаты, каб зноў адчуць сябе, як у дзяцінстве, адным цэлым, адной вялікай дружнай сям’ёй, дзе ўсе адзін аднаго любяць, паважаюць і шануюць.
Цікавімся: на чым трымаецца іх сям’я? Андрэй і Вольга тут аднадумныя: галоўнае — любоў і давер. З кожным годам іх адносіны становяцца толькі мацнейшымі.
– Я не ўяўляю свайго жыцця без мужа і дзяцей, – кажа Вольга.
– Жонка – мая надзейная падтрымка і апора. Яна ўсё паспявае: за дзецьмі прыгледзець і нічога не выпусціць з-пад увагі, – гаворыць Андрэй.
Напрыканцы размовы сужэнцы адзначылі: іх самае галоўнае жаданне — каб дзеці былі шчаслівыя. А ў сям’і, дзе пануюць любоў, згода і павага, па-іншаму і быць не можа.
І сапраўды, каб быць шчаслівым і дома, і ў жыцці, трэба ўмець дараваць, дамаўляцца, умець знаходзіць кампраміс. Нездарма адзін мудрэц сказаў, што самыя лепшыя лекі для чалавека — любоў і клопат. Хтосьці ўсумніўся: А калі не дапаможа? — Павялічце дозу! — адказаў мудрэц.
Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара