На свіцязянскай зямлі правялі «Зажынкі»
Спрадвеку зямля лічылася маці-карміцелькай. На яе ўскладвалі свае спадзяванні, ёй кланяліся і шмат шчыравалі ў полі — і зямля спаўна аддзячвала багатымі ўраджаямі. Сяляне ладзілі святы, каб душой дакрануцца да яе таямніц, каб словамі і песнямі перадаць сваю любоў. Адным з такіх і былі «Зажынкі». Хлебаробы збіраліся ў полі і свой першы працоўны дзень імкнуліся адзначыць па-асабліваму.
Ва ўрочышчы «Рамейкі» СВК «Свіцязянка-2003», каля вялікага ячменнага поля, шматлюдна. Тут сабраліся ўдзельнікі жніва, члены працоўнага калектыву, работнікі культуры. Усе ў чаканні свята — і яно пачынаецца.
На збожжавым палетку ўвіхаюцца жнеі. «Дзякаваць Богу! Каласок гнецца, аб зямлю б’ецца. Ядронае жыта высыпаецца, колас да коласа галаву нахіляе, пара пачынаць», — гаворыць адна з іх. Жанчыны хрысцяцца, зажынаюць снапок і звязваюць яго.
Па традыцыі перадаюць гэты сноп гаспадару — старшыні СВК «Свіцязянка-2003» Аляксандру Мяцеліцы. Сноп трэба падкінуць так высока, каб усе паспелі загадаць тры жаданні: каб жніво прайшло без страт, каб тэхніка не псавалася і каб Бог даў здароўя ўсім удзельнікам жніва і ўсім прысутным.
Кіраўнік гаспадаркі шчыра павіншаваў удзельнікаў жніва з пачаткам уборачнай кампаніі. І хаця засуха ўнесла свае карэктывы, але атрымана добрая ўраджайнасць яравога ячменю: на першым вытворчым участку яна дасягае 90 цэнтнераў з гектара.
Аляксандр Мяцеліца даў высокую адзнаку і машынна-трактарнаму парку: у поле выйдуць дзесяць камбайнаў. Іх уладарам пажадаў вялікіх намалотаў і памятаць, што дома іх чакаюць, а ўсім — здароўя і міру.
На свята завітаў першы намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Яўген Бусько. «Сённяшні дзень з’яўляецца вынікам працы за цэлы год, укладзены старанні ўсяго калектыву», — адзначыў прадстаўнік мясцовай улады і пажадаў удзельнікам жніва, каб яны ўнеслі свой уклад у агульны каравай раёна. Яўгену Бусько ўручаецца сноп.
Галоўныя героі жніва — яго ўдзельнікі. Іх шчыра вітаюць і жадаюць моцнага здароўя, сонечных цёплых дзянькоў, і каб зерне лілося ракой, а тэхніка ніколі не псавалася. Камбайнераў частуюць свежымі булачкамі.
На Беларусі здаўна існуе добры звычай: перад важнай падзеяй прасіць Боскага благаславення, і пачатак жніва — адна з такіх. Настаяцель храма святой Варвары з аграгарадка Райца іерэй Аляксей Шышкір звярнуўся да прысутных: «Дзякуй Богу, што кожную справу пачынаем з малітвы. Божа, благаславі яе!», — сказаў святар і прачытаў малітву. Аляксей Шышкір асвяціў удзельнікаў жніва і ўборачную тэхніку.
Старшыня гаспадаркі Аляксандр Мяцеліца адпраўляе першыя камбайны ў поле — і пачынаецца сапраўдная бітва за новы ўраджай. Няхай каравай свіцязянскіх хлебаробаў будзе важкім!
… Над ваколіцамі гучыць песня. Дарэчы, іх на свяце прагучала шмат, яны ўскалыхвалі сэрца і ўзнімалі настрой. Нездарма заўважана ў народзе, што праца і песня поруч ідуць. Няхай гэтыя мелодыі надоўга застануцца з удзельнікамі жніва.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Ларысы ШУГЛІ