У касцёле Святой Ганны адбылася ўрачыстасць з нагоды трох значных падзей
Варанчанскі касцёл Святой Ганны — адна з пярлін у каралях архітэктурных сімвалаў Карэліччыны. Пабудаваны ў XVII стагоддзі, ён быў разбураны і адноўлены дайшоў да нашага часу. У ім былі хрышчоныя знакаміты беларускі і польскі паэт, драматург, фалькларыст і мовазнавец Ян Чачот, а таксама каханая Адама Міцкевіча Марыля Верашчака, якая тут жа ўзяла шлюб з графам Ваўжынцам Путкамерам.
У часы Другой сусветнай вайны касцёл быў спалены, пазней яго спрабавалі ўзарваць. У пасляваенны час святыня была зачынены і з часам ператварылася ў руіны, аднак была залічана да помнікаў архітэктуры. Не захавалася і могілкавая капліца. Яе адрадзілі на сродкі вернікаў у 1989 г., як толькі савецкая ўлада дазволіла збірацца на набажэнствы. Капліцу асвяцілі пад гістарычным парафіяльным тытулам св. Ганны. Адразу ж пачалася і праца па адраджэнні касцёла.
26 ліпеня 1995 года касцёл быў рэкансэкраваны гродзенскім біскупам Аляксандрам Кашкевічам пад гістарычным тытулам св. Ганны. На сённяшні дзень варанчанская святыня — адзіны на Гродзеншчыне касцёл, названы ў гонар гэтай Святой.
26 ліпеня вернікі сабраліся пад зводамі касцёла, каб адзначыць тры важныя падзеі — 30-цігоддзе адбудовы святыні і ўтварэння парафіі нанова, 30-цігадовы юбілей служэння ў Беларусі Ордэна святога Паўла — першага пустэльніка, а таксама прыняцце сакрамэнту канфірмацыі.
Сяргей СТОЛЯР
Фота аўтара