В Кореличах отпраздновали День Независимости (+видео)
Дзень Незалежнасці – гэта свята гонару, радасці і мужнасці. Дата трэцяга ліпеня ўвайшла ў гісторыю краіны яскравай старонкай гераізму франтавікоў, працаўнікоў тылу, партызан і падпольшчыкаў. Яны вызвалілі краіну ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і тым самым адваявалі свабоду і незалежнасць беларускага народа. Гэта знамянальны дзень тых, для каго агульнанацыянальныя каштоўнасці не проста словы. Мы як ніхто разумеем, што значыць ганарыцца родным краем і працаваць дзеля яго будучага.
3 ліпеня жыхары Карэліччыны, ад самых юных хлопчыкаў і дзяўчынак да ветэранаў, госці з г. Краснагорск Расійскай Федэрацыі сабраліся разам, каб адсвяткаваць Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь.
Адкрыла свята прэзентацыя-паказ спецтэхнікі прадпрыемстваў, арганізацый раёна, якая прайшла па вуліцах гарпасёлка. Раздзяліць імгненні ўрачыстасці прыйшлі прадстаўнікі выканаўчай улады рэгіёна, госці г. Краснагорск Расійскай Федэрацыіі, працоўныя калектывы, грамадскія аб’яднанні, моладзь, ветэраны працы і проста жыхары райцэнтра.
Ад плошчы 17 Верасня тэатралізаванае шэсце-прадстаўленне “Віншуем цябе, Беларусь Незалежная» накіравалася да мемарыяльнага комплексу “Зорка”, дзе адбыўся мітынг-рэквіем “Мы не забудзем вас, героі!”.
Са словамі віншавання да прысутных звярнуўся старшыня Карэліцкага райвыканкама Генадзій Шатуеў, які адзначыў, што для нашага народа Дзень Незалежнасці Беларусь Незалежная!” – гэта сімвал святой памяці, шлях да свабоды і незалежнасці, які беларусы прайшлі разам з іншымі брацкімі народам і з’яўляецца арыенцірам для руху ў будучыню.
– Нашы бацькі і дзяды перамаглі нямецка-фашысцкую навалу дзякуючы вялікім ідэалам гуманізму – справядлівасці, салідарнасці, братэрскаму саюзу народаў. Нябачанай жорсткасці і крываваму вандалізму агрэсара беларусы супрацьпаставілі чалавекалюбства, мужнасць і масавы гераізм. На сённяшнім пакаленні ляжыць адказнасць за краіну, за яе будучыню і за гістарычную памяць. Хочуць на Захадзе ці не – мы будзем дэманстраваць свету праўду пра ўсе зверствы, якія тварылі нацысты. Мы пакажам факты злачынстваў, каб усе зразумелі, што будзе з гэтым светам, калі сучасны нацызм перарасце ў фашызм.
Падчас прамовы Генадзій Мікалаевіч падзякаваў карэліччанам за плённую працу ва усіх сферах гаспадарання і падкрэсліў:
– Усё, што сёння складае славу і гонар раёна – гэта вынік добрасумленнай працы яго жыхароў, якія працуюць ў адзінай камандзе на карысць Карэліцкага краю. У Год міру і стварэння менавіта ў абстаноўцы міру і згоды, у спалучэнні вопыту ветэранаў і энергіі маладога пакалення, у цесным яднанні арганізатарскага таленту, ведаў і працавітасці кіраўнікоў, спецыялістаў і радавых працаўнікоў мы зможам забяспечыць далейшае развіццё ўсіх сфер жыццядзейнасці раёна.
Ёсць у нашым раёне адзіная ў сваім родзе кніга, у якой няма і не будзе апошняй старонкі – гэта “Кніга славы Карэліцкага раёна”, якая кожны год папаўняецца новымі імёнамі. Сёлета з нагоды дзяржаўнага свята яе старонкі папоўнілі прозвішчы дырэктара КСУП “Лукі-Агра” Мікалая Гавіны і старшыні СВК “Жухавічы” Дзмітрыя Янкоўскага. Гэтыя людзі прымнажаюць славу нашага раёна і па праву лічацца прафесіяналамі сваёй справы.
Напачатку сваёй прамовы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандр Сонгін назваў День Незалежнасці святам Рэспублікі, Працы, Мірнага неба, Стваральнага жыцця і Днём памяці аб мільёнах тых, хто загінуў дзеля нашага шчаслівага “сёння”. Парламентарый заклікаў заўсёды заставацца патрыётамі сваёй краіны, пажадаў мірнай стваральнай працы і наймацнейшага здароўя.
Ад імя гасцей з Расіі выступіла намеснік кіраўніка адміністрацыі-начальнік прававога ўпраўлення адміністрацыі гарадской акругі г. Краснагорск Вольга Захарава. Выступаючая шчыра павіншавала карэліччан з Днём Незалежнасці , выказала словы прызнання і ўдзячнасці за шчырыя сяброўскія адносіны паміж дзвюма краінамі і зачытала прыветны адрас главы гарадской акругі г. Краснагорск Дзмітрыя Уладзіміравіча Волкава:
– Паважаныя кіраўніцтва і жыхары Карэліцкага раёна! Прыміце шчырыя віншаванні з нагоды свята. Незалежнасць Беларусі – гэта вынік перамогі, святы летапіс ваеннай славы і працоўнага подзвігу нашых продкаў. Мы ў даўгу перад тымі, хто заваяваў вялікую Перамогу. Хочацца ў гэты дзень выказаць асаблівыя словы ўдзячнасці ветэранам вайны і працы, удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны. Для нашых братскіх народаў гэта свята – вельмі значная падзея. Краснагорск і Карэлічы ўжо доўгія гады звязваюць цесныя сувязі, якія ў далейшым мы маем намер умацоўваць і развіваць. У гэты святочны дзень жадаю здароўя і шчасця, аптымізму, поспехаў у імя працвітання нашых братскіх народаў.
Дэлегацыі абмяняліся памятнымі падарункамі.
Ад маладога пакалення выступіла першы сакратар Карэліцкага РК ГА “БРСМ” Аксіння Ждан:
– Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і гадавіна вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў па волі беларусаў адзначаюцца разам. Гэта даніна пашаны гераізму ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, стойкасці падпольшчыкаў і партызан, подзвігу працаўнікам тылу і сімвал нашага адзінства, велічы народа, пераемнасці пакаленняў. Урачыстасць яшчэ раз нагадвае, што лёс Радзімы, яе сучаснасць і будучыня залежыць ад кожнага з нас. А свята – добрая нагода яшчэ раз успомніць, што згуртаванасць, салідарнасць і паразуменне народа, аб’яднанага адзінай гісторыяй, традыцыямі і культурай, – аснова незалежнага, непераможнага беларускага грамадства.
Наступным слова трымаў благачынны цэркваў Карэліцкай акругі, протаіерэй Мікалай Орса, які павіншаваў са святам Дзень Незалежнасці і адзначыў, што перад Богам важна заўсёды заставацца чалавекам, а Гасподзь усіх нас заклікае да адзінства, міру і стваральнай працы і любові.
Пасля хвіліны маўчання і трохкратных залпаў ўдзельнікі ўрачыстасці ўсклалі гірлянду, вянкі і кветкі да падножжа мемарыяла.
Кацярына КУКАНАВА
Фота Іны Лейкі і Ларысы Шуглі