В Кореличском районе вытеребили более 70% посевов льна

На працягу многіх гадоў у нашай краіне надаецца вялікая ўвага льняной галіне. І гэта нядзіўна, бо лён, намаляваны на дзяржаўным гербе, — традыцыйна вырошчваемая ў Беларусі культура і адна з найбольш каштоўных.

Работнікамі ААТ “Карэлічы-Лён” сёлета засеяна 2150 га лёну. Да цераблення паўночнага шоўку на прадпрыемстве прыступілі 17 ліпеня.

Уборка культуры праходзіць у некалькі этапаў. Спачатку цярэбяць — выдзіраюць расліны з зямлі. Лён не косяць, бо важны кожны сантыметр сцябла, раней яго рукамі вырывалі прама з зямлі, таму і казалі: “Лён любіць паклон”. Затым на палі выходзяць ачэсвальнікі, якія збіраюць галоўкі на насенне. Што тычыцца трасты, то яна павінна добра вылежацца на палях і акрэпнуць. Затым яе прэсуюць і вывозяць на тэрыторыю завода, дзе захоўваюць у спецыяльных памяшканнях — шохах.

Для добрага ўраджаю лёну важныя многія фактары: ад добрага надвор’я да адказнага падыходу кожнага работніка на кожным этапе. Па словах намесніка дырэктара ААТ “Карэлічы-Лён” Андрэя Комара, на рост лёну сёлета нябесная канцылярыя паўплывала вельмі моцна:

— У перыяд вегетацыі культуры і фазе росту ёй не хапала глебавай вільгаці, таму лён недастаткова высокі. Таксама негатыўна адбіваліся начныя вясновыя замаразкі. Мы ўносілі амінакіслоты, праводзілі некарнявыя падкормкі макра- і мікраэлементамі, уносілі рэгулятары росту.

На полі каля вёскі Паланая стаіць гул. Тут механізатары Аляксандр Вайцешык, Дзмітрый Буцкевіч і Сяргей Кныш завяршаюць церабленне лёну. Мужчыны кажуць, што ў гэтым годзе трымаюць высокія тэмпы. Так, на сённяшні дзень выцераблена ўжо 71% плошчаў.

— Аб ураджайнасці гаварыць пакуль рана, — рэзюмуе Андрэй Комар. — Патрэбны час, каб прайшла вылежка і каробачкі добра адлучаліся ад сцяблін. Верагодна, ураджайнасць у гэтым годзе будзе ніжэй, чым у мінулым.

Сяргей СТОЛЯР

Фота аўтара