Вышивальщица Варвара Жук из Кореличского района на пенсии создает настоящие шедевры
Многія маюць захапленні, ці, як іх часта называюць, хобі. Майстры ўсю душу ўкладваюць у вырабы — і атрымліваюцца шэдэўры. Глядзіш на іх — і кожны зачароўвае па-асабліваму. Карысць вялікая: і сабе ў задавальненне, і людзям у радасць.
— Я родам з Востухава, суседняй вёскі, замуж выйшла ў Жукі, — пачынае свой аповед Варвара Іванаўна Жук і дадае, што з абраннікам жыцця пражылі сорак сем гадоў і выхавалі траіх дзяцей. Зараз бабулю радуюць шэсць унукаў і шэсць праўнукаў.
Варвара закончыла сем класаў Шчорсаўскай сярэдняй школы. Яе аднагодкі паехалі паступаць у навучальныя ўстановы гарадоў. У дзяўчыны таксама былі добрыя адзнакі, але вырашыла не ехаць, а застацца дома. Хадзіла на паляводчыя работы ў мясцовы калгас, а доўгімі зімовымі вечарамі вучылася шыць. Урокі па шыццю давала вясковая майстрыха, і хутка дзяўчына авалодала гэтай справай і ўжо магла шыць адзенне.
— Вышываць гладдзю і крыжыкам навучылдася сама, — прадаўжае субяседніца. — Я аматарка гэтага: вышывала абрусы, занавескі, сурвэткі. На вышыўку заўсёды знаходзіла час, таксама любіла вязаць рознакаляровыя палавікі. Каля парога пакладзеш — і вочы радуюць, і пясок з вуліцы не носіцца ў хату.
Варвара Іванаўна любіць сябраваць з тымі, у каго ёсць захапленні. Па характары гэта няўрымслівыя людзі, з якімі цікава праводзіць час і чамусьці можна навучыцца. Майстрыха паведала пра тое, што ўнучка Валянціна пайшла па яе сцяжынцы: пераняла жаданне ствараць сваімі рукамі прыгожыя рэчы. Яна вяжа хусткі і паліто, і робіць гэта для сябе і знаёмых. «Валянціна працуе праграмістам, але адно другому не перашкаджае, а захапленне служыць у радасць», — лічыць бабуля.
У хаце і на падворку ў Варвары Іванаўны парадак. Дом пад нумарам адзін у вёсцы Жукі зачароўвае. «Гэта ўнук Міхаіл дапамагае, майстравым удаўся, чысціню любіць», — удакладняе і адзначае, што ў старасці не адчувае сябе адзінокай.
З гонарам вясковая жанчына паведала пра тое, што ў жыцці шмат шчыравала на розных работах: была паляводам і даяркай, працавала на Карэліцкім ільнозаводзе і на свінакомплексе калгаса імя Чарняхоўскага. У вольную хвліну брала ў руку іголку, ніткі, палатно — і стварала цудоўныя рэчы. Гады прайшлі, а напамінак пра той час застаўся: радуюць вочы прыгожыя вышыванкі. Усё жыццё было напоўнена працай, клопатамі, захапленнямі — і пражыта яно недарэмна.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Кацярыны КУКАНАВАЙ