Выпускніцы СШ № 1 г.п. Карэлічы Арына Трусевіч і Злата Марушка мараць стаць выратавальнікамі
Памятаеце радкі з дзіцячага верша Уладзіміра Маякоўскага: “Бачыш, працы — колькі хочаш! Хіба адзін зраблю я? Разбягаюцца аж вочы — выбірай сабе любую!”?
Адзінаццацікласніцы СШ № 1 г.п. Карэлічы Арына Трусевіч і Злата Марушка ўжо выбралі свой прафесійны шлях і цвёрда вырашылі: стануць выратавальнікамі. І, не адкладаючы справы ў доўгую скрыню, уступілі ў шэрагі Беларускай маладзёжнай грамадскай арганізацыі выратавальнікаў-пажарных.
Сустракаюся з Арынай і Златай каля будынка РАНС. На пытанне аб тым, чаму яны вырашылі стаць членамі БМГАВП, дзяўчаты адказваюць проста: у планах — звязаць сваё жыццё з МНС, атрымаць вышэйшую адукацыю і служыць у шэрагах выратавальнікаў.
— Гэта вельмі ганарова, — кажа Арына. — Выратавальнік — вельмі важная прафесія.
На пытанне, якім павінен быць выратавальнік, дзяўчаты не задумваючыся адказваюць:
— Моцным і адважным. Добрым і гатовым рызыкаваць сваім жыццём дзеля іншых.
У раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях членаў БМГАВП знаёмяць з тонкасцямі прафесіі выратавальнікаў, прынцыпамі працы пажарнай часці, спецыяльнай тэхнікай.
Дзяўчаты прызнаюцца, што ім гэта вельмі падабаецца:
— Тут мы развіваемся, не сядзім дома, даведваемся шмат новага і цікавага. У часці шмат рознай тэхнікі і інструментаў, вельмі цікава даведацца, як яна працуе.
Спецыяліст сектара прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Карэліцкага РАНС Вольга Аляшкевіч кажа, што на Карэліччыне 50 вучняў з’яўляюцца членамі БМГАВП.
Сяргей СТОЛЯР
Фота аўтара