Абитуриенты из Минска, Гродно, Бреста: в Мирском государственном колледже продолжается вступительная кампания

У Мірскім дзяржаўным  каледжы гарачая пара – працягваецца ўступная кампанія.   Карэспандэнт газеты  “Полымя” даведалася, як у навучальнай установе арганізаваны прыём дакументаў у абітурыентаў, пагутарыла з супрацоўнікамі каледжа і самімі абітурыентамі.

Патрэба рынку працы ў кваліфікаваных кадрах расце – гэта сусветны трэнд. Сёння да працоўных кадраў прад’яўляюць павышаныя патрабаванні, паколькі праца ўскладняецца і неабходна ўменне карыстацца новымі тэхналогіямі, здольнасць фарміраваць праектнае мысленне. Прафесійна-тэхнічная адукацыя дазваляе навучэнцу авалодаць універсальнымі кампетэнцыямі. Ён за некалькі гадоў атрымлівае дыплом і асвойвае дзве-тры сумежныя спецыяльнасці ў залежнасці ад патрэбы заказчыка кадраў і рэгіёна. Да таго ж заўсёды можна працягнуць навучанне на базе сярэдне-спецыяльнай адукацыі.

Як расказала дырэктар каледжа  Наталля Кадлубай, ва ўстанове адукацыі “Мірскі дзяржаўны каледж”   можна не толькі атрымаць сярэдне-спецыяльную, прафесійна-тэхнічную адукацыю, але і гарантаванае працаўладкаванне. Загадам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь былі даведзены кантрольныя лічбы прыёму: 25 чалавек на ўзровень сярэдне-спецыяльнай адукацыі і 100  на ўзровень прафесіянальна-тэхнічнай.

Залічэнне абітурыентаў ажыццяўляецца па сярэднім бале дакумента аб адукацыі. Пераважная большасць тых, хто паступае, мае сярэдні бал ад пяці да сямі. Па стане на  25 жніўня, набор  узроўню сярэдне-спецыяльнай адукацыі выкананы на 100%,  на аснове  прафесійна-тэхнічнай – на 75%. На дадзены момант працягваецца набор абітурыентаў на наступныя кваліфікацыі: страхар па металічных дахах, сталяр;  мастак роспісу па дрэве, рэстаўратар дэкаратыўна-мастацкіх афарбовак,  тынкоўшчык; рэстаўратар помнікаў каменнага дойлідства, муляр.  Кантынгент абітурыентаў прадстаўлены рознымі рэгіёнамі рэспублікі: Гродзенская вобласць  –  г. Гродна, Навагрудскі, Іўеўскі, Лідскі раёны, Мінская вобласць – гэта абітурыенты з Нясвіжа, Дзяржынска і Стоўбцаў, Брэсцкая вобласць – дзеці  пераважна з г. Баранавічы. Усім,  хто выбраў для навучання наш каледж,  будзе прадастаўлена койка-месца ў інтэрнаце, дзе створаны цудоўныя ўмовы для пражывання. Навучэнцам, якія  атрымліваюць сярэдне-спецыяльную адукацыю, выплачваецца стыпендыя. Той, хто прыйшоў атрымаць прафесійна-тэхнічную адукацыю,  будзе забяспечаны бясплатным гарачым абедам.

Падчас наведвання прыёмнай камісіі  пераканаліся, што тут пануе рабочая атмасфера.

– Максімальны паток абітурыентаў адзначаўся ў першыя дні працы: было прынята  парадку 50% заяў.  Дзеці прыходзілі з бацькамі, – расказвае член прыёмнай камісіі Вікторыя Сакалоўская. – Чаму так? Усё проста. Большая частка тых, хто паступае, ужо вызначыліся з навучальнай установай і выбарам будучай прафесіі і не жадаюць адкладваць падачу дакументаў для паступлення ў доўгую скрыню. Сёлета  добрым попытам сярод шэрагу спецыяльнасцей карысталася  “будаўніцтва будынкаў і збудаванняў”.

У калідоры сустракаем  абітурыентку Мілану Нятук з  г. Мінска. Яна прывезла дакументы разам з бацькамі. Дзяўчына паступае пасля 9 класаў.   Для сябе выбрала кваліфікацыю “мастак роспісу па дрэве, рэстаўратар дэкаратыўна-мастацкіх афарбовак,  тынкоўшчык”, бо лічыць будучую прафесію прэстыжнай і цікавай.

– У каледж вырашыла паступаць даўно, паколькі абраная  прафесія  мне па душы. Тут нас сустрэлі добразычліва, расказалі, як правільна запоўніць заяву, патлумачылі,  якія з’явяцца магчымасці пасля заканчэння каледжа, паказалі інтэрнат, у якім будзе выдзелены пакой, сталовую, вучэбныя кабінеты.  Прыёмная камісія працуе без перапынку, што вельмі зручна,  асабліва  для іншагародніх, – падзялілася Мілана.

Кацярына КУКАНАВА

Фота аўтара