В Кореличский район на первые рабочие места прибыли молодые специалисты. Знакомимся с медработниками, врачами-гигиенистами, библиотекарями и программистом

У жніўні на свае першыя працоўныя месцы прыбываюць маладыя спецыялісты  — выпускнікі вну, ссну і прафліцэяў.  Большасць “навабранцаў” прыступіла да працы па размеркаванні 1 жніўня, а 15 жніўня ў навучальныя ўстановы прыйдуць і маладыя педагогі.   Моладзь,  поўная ідэй і гатовая без прамаруджвання прымяніць усе атрыманыя веды, з галавой акунулася ў дарослае жыццё. Як уладкавацца на новым месцы? Як уліцца ў калектыў? Як паказаць на практыцы ўсё, чаму навучыліся? Гэтыя і іншыя пытанні  зараз у першую чаргу   патрабуюць адказу. Вядома, у іх вырашэнні дапамагаюць працадаўцы і мясцовыя ўлады. Даведаліся, як актыўную моладзь прымаюць на Карэліччыне.

Пачаў справу — працуй смела

Маладыя спецыялісты часта чакаюць знаёмства з новым месцам працы з вялікай надзеяй, але і не меншым страхам. А раптам нешта пойдзе не так.  Ад таго, як прымуць урача, бухгалтара, машыніста або настаўніка ў калектыве, залежыць яго далейшае жаданне працаваць.

Сёлета да працы ва УАЗ “Карэліцкая цэнтральная раённая бальніца“ прыступілі  чатыры ўрача, два з іх вучыліся па мэтавых накіраваннях,  10 медработнікаў з сярэдняй адукацыяй і адзін спецыяліст з вышэйшай немедыцынскай адукацыяй, які заняў пасаду праграміста.  Па словах галоўнага інспектара па кадрах УАЗ “Карэліцкая цэнтральная раённая бальніца“ Алены Забаўскай, маладыя спецыялісты з 1 жніўня ўжо прыступілі да сваіх абавязкаў.

— Прааналізаваўшы агульную карціну запатрабаванасці ў кадрах, спецыялісты былі размеркаваны па ўстановах аховы здароўя раёна. Але, як гаворыцца,  мы іх не адправілі на працу і забыліся. Для пачатку цікавімся іх пажаданнямі, у тым ліку і па жыллі. Хтосьці робіць выбар на карысць пакоя ў інтэрнаце, а іншыя  аддаюць перавагу  здымнай  кватэры з наступнай кампенсацыяй. Абавязкова знаёмім з  заработнай платай і ўсімі  даплатамі, якія будзе атрымліваць малады спецыяліст, — сцвярджае Алена Мікалаеўна. — Адным словам, сочым за поспехамі і ў цэлым за жыццём нашай моладзі на іх першых працоўных месцах. Адна з  галоўных нашых  задач — зацікавіць маладых спецыялістаў, каб яны захацелі замацавацца на сваім першым рабочым месцы.

Па размеркаванні ў Карэліцкі  раён малады спецыяліст Вера Пазняк прыбыла  пасля заканчэння Гродзенскага медыцынскага ўніверсітэта па спецыяльнасці ўрач-отарыналарынголаг. Яе малая радзіма — г. Масты.

— На сваё першае працоўнае месца я ехала з хваляваннем: як  тут складзецца жыццё? Наконт самога гарпасёлка я не перажывала, бо ўжо ў маі давялося пабываць тут.   Калектыў Карэліцкай  ЦРБ сустрэў мяне вельмі добра, і ўжо з першага дня я зразумела, што працаваць  тут мне будзе камфортна. Не давялося турбавацца і пра жыллё:  загадзя знайшла кватэру, а бальніца дапамагае плаціць за яе:  тры базавыя велічыні кожны месяц. Думаю, што самае важнае для маладога ўрача  —  гэта магчымасць прафесійнага развіцця. І тут у мяне такая магчымасць ёсць. Да таго ж з усімі цяжкасцямі  дапамагаюць спраўляцца вопытныя калегі,  — падагульняе Вера Андрэеўна.

Медыцынская сястра агульнай практыкі Анастасія Сазановіч родам з г.п. Карэлічы. Пасля заканчэння сярэдняй медыцынскай установы  яна вырашыла вярнуцца ў родны райцэнтр, бо тут знаёма ўсё.

— Мае калегі — людзі з вялікім практычным і жыццёвым вопытам. Так што імкнуся прыслухоўвацца да іх парад.  Знаходзім заўсёды ўзаемапаразуменне, таму што робім агульную справу. Мне ў цэлым падабаецца атмасфера ў калектыве: сяброўская і рабочая. Калі набяруся больш вопыту, хачу стаць  фельчарам выяздной брыгады хуткай медыцынскай дапамогі. Прыемна, што дзяржава клапоціцца пра моладзь, якая пачынае свой працоўны шлях,   —  кажа Анастасія.

Як мне здалося,  на першым працоўным месцы медыцынскія работнікі  ўжо асвоіліся. Хутка прывыкнуць дапамаглі вопытныя настаўнікі. За кожным маладым спецыялістам  замацаваны медыкі  са стажам.  Гэта  і дапамагае новенькім хутчэй пераняць вопыт у калег.

Завітала і ў ДУ “Карэліцкі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі”. Тут таксама працоўны калектыў папоўніўся маладымі гігіеністамі. Эльвіра Аўчук і Мікіта Мураўскі ўраджэнцы Карэліччыны, вучыліся ў адной групе Гродзенскага медыцынскага каледжа па спецыяльнасці “медыка-прафілактычная справа”,  на размеркаванні абралі родны райцэнтр.

– Я ніколі не думала аб тым, каб пераехаць у іншы горад. Загадваць не буду, бо жыццё непрадказальнае, але ў дадзены момант у цэнтры гігіены  і эпідэміялогіі створаны такія ўмовы, што пакідаць перспектыўнае месца працы, дзе ёсць магчымасць развіваць свой патэнцыял, няма жадання, – падкрэсліла Эльвіра. – Кожную раніцу я з задавальненнем іду на працу, а ўвечары з радасцю вяртаюся ў інтэрнат, які стаў для мяне  домам.

Падысці да работы з усёй адказнасцю

Наступны наш адрас  — УК «Карэліцкая раённая бібліятэка». Сюды сёлета таксама прыбылі  два маладыя спецыялісты.

— За нашай моладдзю абавязкова замацоўваецца вопытны куратар, да якога можна звярнуцца з любым пытаннем ці парадай: ад нюансаў запаўнення дакументацыі да зносін з наведвальнікамі. Сёлета нам вельмі пашанцавала — шэрагі папоўнілі адразу дзве  выпускніцы Магілёўскага  каледжа мастацтва, — удакладняе дырэктар бібліятэкі  Лілія Арцюх.   — Поўны сацыяльны пакет, перспектывы кар’ернага росту і абавязкова рашэнне жыллёвых праблем — менавіта такія гарантыі атрымліваюць маладыя кадры. Новаспечаным спецыялістам трэба мець на ўвазе, што многія моманты аказання дапамогі маладым кадрам прадугледжаны ў калектыўных дагаворах.

Карына Рыжакова з г. Крычава Магілёўскай вобласці  і Таццяна Мігун з г. Мікашэвічы, што на Брэстчыне,  аднагалосна адзначылі, што  абралі першым месцам працы Карэліччыну невыпадкова:  тут забяспечваюць жыллём,  а гэта  для маладых спецыялістаў немалаважна.

Адаптацыя на першым працоўным месцы праходзіць паспяхова. А якія планы намецілі для сябе дзяўчаты?

— У далейшым мару атрымаць вышэйшую адукацыю і ўжо  паступіла на завочнае аддзяленне ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў па спецыяльнасці бібліятэчна-інфармацыйная дзейнасць.  Праца кожны дзень адкрывае новыя старонкі, а вучоба дазволіць удасканаліцца ў прафесіі,  — гаворыць Карына.

Сельская гаспадарка — перспектыўная сфера

— Аграномы,  інжынеры,  зваршчыкі,  механізатары – у гаспадарках раёна  таксама да працы прыступаюць маладыя спецыялісты. Днямі пабывала ў СВК “Свіцязянка-2003”, дзе сёлета да працы прыступілі   два спецыялісты інжынернага профілю, якія вучыліся па мэтавым накіраванні, тэхнік-праграміст і ветурач.   Намеснік старшыні па ідэалагічнай рабоце Алена Клаўсуць адзначае:  – Для маладых спецыялістаў у гаспадарцы заўсёды ствараюцца добрыя ўмовы, тыя, хто мае патрэбу ў жыллі, атрымліваюць добраўпарадкаваныя кватэры, у якіх праведзены якасны рамонт, яны абсталяваныя неабходнай мэбляй, электрабытавымі прыборамі. Акрамя гэтага,  на працягу двух першых гадоў абавязковай адпрацоўкі спецыялісты  з вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыяй атрымліваюць даплату ў памеры 0,46  базавай стаўкі, а ў наступныя тры гады — 0,69 базавай стаўкі. Новаспечаным спецыялістам трэба мець на ўвазе, што многія моманты аказання дапамогі маладым кадрам прадугледжаны ў калектыўным дагаворы. Напрыклад, калі малады спецыяліст жыве ў іншым населеным пункце, ён можа скарыстацца кампенсацыяй праезду да месца працы. Калі застаецца працаваць па заканчэнні абавязковага тэрміну, яму выплачваецца дадатковая матэрыяльная дапамога.

Тэхнік-праграміст Кірыл Гаўрош на сваім першым працоўным месцы ўжо два тыдні. Родам юнак з агр. Варонча. На прадпрыемства трапіў па  асабістым жаданні,  і ў самую гарачую пару.  Сельскую гаспадарку заўсёды лічыў перспектыўнай сферай.  Пачаткам прафесійнага шляху задаволены.

Рашэнне маладога спецыяліста застацца і далей працаваць па месцы размеркавання пасля двухгадовага або пяцігадовага тэрміну адпрацоўкі залежыць выключна ад зацікаўленасці наймальніка і ад створаных умоў для жыцця і прафесійнага росту маладога спецыяліста. З аднаго боку, найважнейшымі  такімі ўмовамі  смела можна назваць высокую заработную плату і добраўпарадкаванае жыллё. З іншага – нярэдкія выпадкі, калі работнікі маюць і новыя дамы, і стабільны матэрыяльны заробак, але ўсё роўна пакідаюць першае месца працы. Вырашальным фактарам называюць “не склаліся адносіны ў калектыве” і “расчараванне ў прафесіі”. У такіх выпадках асабліва важная падтрымка працадаўцы, прафсаюзнай арганізацыі, вопытных спецыялістаў.

Даведачна:

“Больш за 53 тыс. маладых спецыялістаў-выпускнікоў вну і каледжаў  атрымаюць у 2023 годзе  сваё першае працоўнае месца. Да працы  прыступіць каля 16,7 тыс. маладых спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй. Колькасць спецыялістаў і рабочых з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй, якія навучаліся на бюджэце, склала 18 тыс. чалавек. Колькасць рабочых або служачых з прафесійна-тэхнічнай адукацыяй, якія навучаліся за кошт сродкаў бюджэту і якім прадастаўлена месца працы па размеркаванні, — 18,8 тыс. чалавек», — праінфармавалі ў Мінадукацыі.

Кацярына  КУКАНАВА

Фота аўтара