Пасяджэнне каардынацыйнага савета Карэліцкага райвыканкама па выкананні Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 18 адбылося ў райцэнтры
На пасяджэнні разгледзелі прадстаўленне пракуратуры Гродзенскай вобласці аб ліквідацыі прычын і ўмоў, якія садзейнічалі парушэнням заканадаўства аб абароне правоў дзяцей, якія выхоўваюцца ў неблаганадзейных сем’ях, інфармацыйнае пісьмо пракуратуры Карэліцкага раёна аб стане законнасці і правапарадку на тэрыторыі раёна ў першым паўгоддзі 2023 г. і інфармацыйнае пісьмо Карэліцкага раённага аддзела следчага камітэта па выніках аналізу матэрыялаў па фактах гвалтоўных смерцяў грамадзян і па матэрыялах праверак па фактах парушэнняў тэхнікі бяспекі і аховы працы і здзяйснення на тэрыторыі раёна карупцыйных злачынстваў.
Па выніках праведзенай пракуратурай Гродзенскай вобласці праверкі высветлена, што ўпаўнаважанымі органамі і ўстановамі Карэліцкага раёна прыняты шэраг мер, накіраваных на павышэнне эфектыўнасці прафілактычнай работы з неблаганадзейнымі сем’ямі, актывізавана роля камісіі па справах непаўналетніх, аднак некаторымі ўстановамі адукацыі і прадпрыемствамі раёна дапускаецца павярхоўны падыход у пытаннях выяўлення сацыяльна небяспечнага становішча дзяцей і несвоечасовасць арганізацыі работы з бацькамі, якія не выконваюць свае абавязкі па выхаванні дзяцей. Намеснік старшыні Карэліцкага райвыканкама Яўген Чычкан адзначыў, што падобных выпадкаў быць не павінна і звязаў іх з праяўленнем халатнасці.
На пасяджэнні адзначылі, што ў раёне застаецца высокая колькасць дзяцей, якія былі прызнаны змешчанымі ў сацыяльна небяспечнае становішча паўторна (па выніках 2022 г. — 35%, 6 месяцаў 2023 г. — 26%). Пры гэтым вынікі праверкі паказваюць, што не ва ўсіх выпадках забяспечвалася своечасовае інфармаванне аддзела адукацыі аб зноў выяўленых паказчыках сацыяльна небяспечнага становішча. Названыя ў прадстаўленні факты неінфармавання арганізацыямі раёна аддзела адукацыі аб фактарах сямейнага недабрабыту сведчаць аб парушэннях заканадаўства аб дзяржаўнай абароне дзяцей у неблаганадзейных сем’ях.
— Калі ў вас ёсць работнік, які дазволіў сабе з’явіцца на працу п’яным, а ў яго ёсць дзеці, паведаміце пра гэта ў школу, — заклікаў прысутных пракурор Карэліцкага раёна Віктар Аўдакушын.
Пракурор паведаміў аб стане законнасці і правапарадку на тэрыторыі раёна ў першым паўгоддзі 2023 г. За шэсць месяцаў бягучага года ў раёне ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года павялічылася колькасць злачынстваў. На тэрыторыі раёна зарэгістравана 91 злачынства, што на дзевяць больш, чым у першым паўгоддзі 2022 года.
У раёне назіраецца зніжэнне колькасці злачынстваў, учыненых асобамі, якія маюць судзімасць, з 19 да 14, з пяці да чатырох знізілася колькасць злачынстваў, якія адносяцца да катэгорыі цяжкіх і асабліва цяжкіх.
Асноўнай прычынай, якая спрыяе гібелі жыхароў раёна, працягвае заставацца ўжыванне алкаголю. Значыць неабходна прадоўжыць прафілактычную работу сярод карэліччан.
— Гэта нашы людзі, і мы павінны ім дапамагаць стаць на шлях выпраўлення, — звярнуў увагу Яўген Чычкан.
За справаздачны перыяд стала менш дарожна-транспартных здарэнняў. У параўнанні з аналагічным перыядам 2022 года колькасць аварый знізілася з 7 да 4, таксама з 8 да 4 зменшылася колькасць пацярпелых у іх людзей. На дарогах не загінуў ні адзін чалавек (у 2022 г. — адзін). У раёне не адбылося ДТЗ з удзелам вадзіцеляў, якія знаходзяцца ў стане алкагольнага ап’янення.
У першым паўгоддзі 2023 г. на тэрыторыі раёна адбыўся рост агульнага ўзроўню вытворчага траўматызму з 3 да 4. Знізілася з 3 да 1 колькасць вытворчых няшчасных выпадкаў, якія не адносяцца да цяжкіх, адсутнічаюць няшчасныя выпадкі са смяротным зыходам.
У раёне знізілася і колькасць пажараў. У бягучым годзе адбылося 12 вогненных трагедый, на якіх загінула два чалавекі, адзін траўміраваны (у аналагічным перыядзе 2022 г. — 18 пажараў, два чалавекі загінула, адзін траўміраваны). Асноўныя прычыны трагедый — неасцярожнае абыходжанне з агнём, парушэнне правілаў эксплуатацыі печаў, цеплагенерыруючых прыладаў і агрэгатаў. Для таго, каб пажараў стала менш, у 2023 годзе ў 35 дамах выкананы рамонт печаў, у шасці домаўладаннях паправілі праводку, у 133 усталявалі аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі.
Прадстаўляючы інфармацыю Карэліцкага раённага аддзела следчага камітэта па фактах гвалтоўных смерцяў грамадзян, парушэнняў тэхнікі бяспекі і аховы працы, здзяйснення карупцыйных злачынстваў, Віктар Аўдакушын адзначыў, што асноўнай прычынай гібелі грамадзян з’яўляецца алкагалізм, а таму неабходна працягваць працу па прафілактыцы шкодных звычак.
Сяргей СТОЛЯР
Фота аўтара